Але адначасова Шаўчэнка вельмі спецыфічны ў характары і амаль недасяжны ў энергіі бічавання «ўласнага» панства, псеўдапатрыятызму, рабства, лакейства, халуйства, заспанасці, ленасці, страты традыцый гераічнай барацьбы за свабоду. Тут у яго ёсць моманты глыбокай унутранай супольнасці з вялікімі паэтамі нацыянальных адраджэнняў шэрагу іншых народаў Расійскай імперыі.
Паэзія Шаўчэнкі спараджала нацыянальны сорам няўтольным бічаваннем перабежніцтва і маўклівага рабства, будзіла нацыянальны гонар слаўнымі гістарычнымі ўспамінамі і адкрыццямі любові, а гэты гонар, кожны раз падвяргаючыся смяротным крыўдам зневажальнай рэчаіснасці, зноў вярэдзіў сорам. Так пастаянна жывілі адно аднаго, адно ў іншае пералівалася і адно другое памнажалі сорам і гонар, любоў і нянавісць, вера і безнадзейнасць. Гэтае цяжкае змаганне і пакутлівае ўзаемаапладатварэнне супярэчных пачуццяў, гэтыя жывыя згусткі болю і пакуты з малавядомай у сусветнай паэзіі сілай выліваліся ў пасланні «І мертвим, і живим», вершах «Чигрине, Чигрине», «Юродивий», «Осія. Глава XІV. Подражаніє» і многіх іншых.
Паэт нібы свядома развярэджваў нацыянальны сорам: ім, як і нацыянальным гонарам, нацыянальнымі ўспамінамі, ён быццам бы хацеў перарадзіць цэлую нацыю, змяніць яе гістарычны лёс. Як вялікі падзвіжнік, ён прымае на самога сябе яе грахі і нягоднасці, заклікае сябе за іх да адказнасці, караецца за тое, у чым не вінаваты, кажа «мы» там, дзе мог і павінен быў бы сказаць «вы»!
Зразумела, па-рознаму гаварыў Шаўчэнка пра рабоў несвабодных, рабоў па слепаце, «рабоў рабоў» (яго вобраз) і пра рабоў самаахвярных, рабоў шчырых, рабоў старанных і пільнуючых у сваім рабстве, рабоў па прывілеяванаму становішчу, рабоў па панству. Першым ён то спачуваў, то папракаў, а на другіх наклікаў лютыя пакаранні.
З непамернага сораму і болю за ўсіх нараджалася і «вялізнае» (Франко) слова за ўсіх. Яно было ў рост з той гістарычнай місіяй, якую Шаўчэнка свядома на яго ўсклаў: выкаваць да «старога плуга» «новы нарог і разец», «распароць дрэннае, гнілое сэрца, цяжкае» сваёй нацыі «выцадзіць сукравіцу» і наліць «жывой казацкай той крыві, чыстае, святое!». Менавіта такі нацыянальна-ратаўнічы сэнс маюць бясконцыя бічаванні «няверных дзяцей» Украіны, іх «крывадушнасці і здрады», часта перарастаюць у апантаныя праклёны цэлай нацыі, «грахоўнай вантробы» Украіны.
У Шаўчэнкі было дзве Украіны: Украіна як вечны пачатак і Украіна як гістарычны момант. Украіна-маці і Украіна-прыблуда. Украіна бязгрэшная і Украіна «разбэшчаная». Украіна «рыцараў» і Украіна «рабоў, падножак». Гэтую другую, гістарычна знявечаную і гістарычна недаўгавечную Украіну яму даводзілася лаяць і праклінаць дзеля першай, Украіны гістарычна вечнай.
Ці мог Шаўчэнка дакараць акрамя ўкраінскага пана яшчэ й украінскага казака, ці мог пабіваць і праклінаць проста ўкраінца як рэпрэзентанта нацыі? Прачытайма містэрыю «Великий льох» ці верш «П. С.»:
Людзі, людзі!
За скрыль гнілое каўбасы
У вас хоць маці папрасі,
Дык аддасце. Яно б нічога,
Калі пра пяніцу якога
Балюча, крыўдна за людзей,
За тых юродзівых дзяцей!
Прачытайма яго палымяныя сатыры пра «цароў», цэлы цыкл высокага ідэйнага напружання твораў, галоўны матыў якіх: людзі самі сваім рабствам «заслужылі» сабе «цароў» і церпяць іх праз сваю подласць:
О людзі! Людзі-небаракі!
Нашто здаліся вам цары?
Нашто здаліся вам псары?
Усё ж вы людзі, не сабакі!
Тут ужо нацыянальная «самакрытыка» вырастае ў «крытыку» чалавецтва, а «нацыянальны сорам» уваходзіць у «агульначалавечы сорам».
Бязлітасны крытычны перагляд нацыянальнай гісторыі адзін з галоўных матываў паэзіі Шаўчэнкі. Але адначасова Шаўчэнка падносіў сапраўды гераічныя старонкі ўкраінскай гісторыі і абараняў іх ад фальсіфікацыі, прэтэнзій і замахаў ворагаў, асабліва царызму, які спрадвечна ўкраінскае абяўляў сваім.
Любоў да айчыны ў Шаўчэнкі не сляпая і фанатычна дагодлівая, а відушчая і няўмольная; гэтая любоў не зацалоўвала раны і язвы, а выпальвала іх. Гэтая любоў была вольная ад часта ўласцівага рэпрэзентантам прыгнечаных, пакрыўджаных нацый кепскага тону прыліпчывасці, паддобрывання, клянчання і спецыфічнай занудлівасці беднага сваяка або «непрызнанага генія». Не, гэта была тая любоў, якая замацоўвала тон і пачуццё ўласнай годнасці. А чым вышэйшай і змястоўнейшай станавілася гэтая годнасць, тым больш драматычныя перажыванні адкрывала яна, бо ўсюды натыкалася на абразы і сустракала прыніжэнні; тым больш гнеўна абуралася яна сваімі супляменнікамі, бо бачыла іх неадчувальнасць да гонару, іх прыцярпеласць да знявагі; тым больш ненармальным і неверагодным, ганебна варяцкім выяўляўся агульнапрыняты «нармальны» парадак рэчаў, бо здаровы сэнс абывацеля-раба Шаўчэнка ўспрымаў як найподлую бязглуздзіцу, і тым больш востра пякла яго туга па «варяцтву» высакароднасці, годнасці і гонару, «варяцтву» подзвігу, гэтая вечна надзённая туга («Юродивий»).