Усе гэтыя радасныя навіны мне ўдалося паведаміць ёй толькі пазаўчора, па тэлефоне. Упершыню за колькі месяцаў я пачуў яе калісьці дарагі голас. Яна адрэагавала абурана, як быццам гэта я патрабаваў ад яе гэтых грошай. Маўляў, яна нічога не ведае, стасункаў з ніякай страхавою кампаніяй не мае ўжо болей за два гады. Няўжо я званю ёй не для таго, каб пакаяцца й папрасіць прабачэння, а адно каб абцяжарваць такімі дробязямі? Толькі тады я ўсвядоміў, што павінна адбыцца ў бліжэйшыя дні.
Цяпер я шкадую, што адразу не выпісаў яе са свайго адрасу ці прынамсі не памяняў шыльдачак на дзвярах і на паштовай скрынцы. Я наогул амаль не чапаў нічога, што засталося ад нашага колішняга супольнага жыцця, наўрад ці з нейкай сентыментальнасці, проста я не люблю зменаў, пагатоў не люблю сам іх ажыццяўляць. Нават не памятаю, ці прыбіраў я за час яе адсутнасці ў хаце. Рабіць гэта цяпер няма сэнсу, экзекутары дапамогуць мне з гэтым лепш за любую ўкраінскую фірму. Вызваліцца шмат месца. Можна будзе вырошчваць марыхуану ў хатніх умовах.
Ад экзекуцыі мяне мог бы ўратаваць які-небудзь сурёзны дыягназ, толькі не лянота й не зорная хвароба, а што-небудзь накшталт паралюшу ці эпілепсіі. Гэта значыць, што наведваць мясцовую лекарку няма сэнсу, яна пра такія хваробы нават не чула. Яшчэ ўратаваць мяне маглі б наяўныя грошы. Іх мне маглі альбо пазычыць (маглі, але не пазычылі), альбо я сам мог бы распрадаць сёе-тое з маёмасці, якая апынулася пад пагрозай экспрапрыяцыі. На другое, на жаль, засталося надзвычай мала часу, гэтаксама як і на тое, каб паспець аформіць крэдыт у банку, які б мне ўсё адно ніхто не даў цяпер у мяне няма сталага прыбытку. Дый навошта шукаць пакупнікоў, дамаўляцца, з намогай пазбаўляцца рэчаў з мэтай уплаты чужога доўгу, калі мая галоўная мэта зусім не ўплата доўгу, а захаванне ў сваім карыстанні гэтых самых рэчаў, якіх, я лічу, ніхто не мае права ў мяне адбіраць. Адзінае, што яшчэ можна паспрабаваць зрабіць, гэта іх схаваць, як падказвае мне мой інстынкт, успадкаваны ад маіх продкаў, вечна кімсьці акупаваных сялянаў.
Як вы ўжо маглі здагадацца паводле тону маіх нараканняў, я эмігрант. Але сувязяў з радзімай не страціў. Напрыклад, нядаўна адзін сябар даслаў мне смс: «Ты жывы?» Маўляў, хтосьці распаўсюдзіў чуткі, што мяне забілі, разрэзалі на кавалкі й раскідалі па горадзе. Дзіўна, што і праз дзесяць гадоў пасля адезду я выклікаю ў сваіх знаёмых асацыяцыі з нейкімі падобнымі прыгодамі: людзей усё яшчэ пераследуе ўява таго, што са мною можа здарыцца нешта горшае за тое, што я застаюся ў жывых. Што я мог яму адпісаць? Толькі тое, што такую важную рэч, як пазбаўленне жыцця, нельга даручаць іншым людзям і што ў такім выпадку абавязуюся своечасова паведаміць пра сваю смерць усім зацікаўленым. Тады мне здалося, што я ўдала пажартаваў.
* * *Здаецца, што нядзеля і панядзелак памяняліся месцамі учора на будоўлі пад акном цэлы дзень грукаталі працоўныя прылады, затое сёння ўва ўсей вёсцы пануе настолькі глыбокая цішыня, што мне нават пачало не ставаць тых ненавісных мне гукаў. У звычайныя дні маторы за акном гудуць увесь час, як рэанімацыйныя прыстасаванні: адчуванне, што, калі б яны адключыліся назаўжды, адключыліся б ад сваіх кіслародных падушак і ўсе насельнікі вёскі, як тыя зомбі ў якім галівудскім фільме.
Пад маім акном ужо доўгі час будуецца нейкая віла, і калі меркаваць паводле прагрэсу й размаху працаў, то цалкам магчыма, што з яе аднойчы вылупіцца новая Вавілонская вежа. Прынамсі, за тры гады праз гэтую будоўлю прайшлі ці не ўсе народы свету: славакі, цыгане, украінцы, манголы, ветнамцы, афрыканцы Засталося яшчэ, каб да іхнага ліку далучыўся і я. Думаю, што неўзабаве так яно і будзе. Менавіта таму грукат працоўных прыладаў настолькі мяне раздражняе. Але сёння за акном цішыня, затое за дзвярыма з самай раніцы шумна гаспадараць суседзі. Прыходзіць страшная думка: няўжо яны ўжо жэняць сваіх дзяцей? Як я мог пражыць тут столькі гадоў і не заўважыць, што іхныя дзеці выраслі? Здаецца ж, яны толькі паспелі нарадзіцца Хаця хто ведае, што ў маіх суседзяў за культурны бэкграўнд і ці ёсць у іх нейкія ўзроставыя абмежаванні на шлюбы. Такім чынам, неўзабаве ў доме дзяцей будзе ў некалькі разоў болей Падстава для чарговае эміграцыі.
Суседзі ўспрымаюць мяне, як калісьці зусім іншыя суседзі ўспрымалі майго бацьку: падазроны тып. Чым меней яны мяне бачаць, тым больш, натуральна, пра мяне ведаюць. Тым не менш час ад часу я ўсё-ткі пакідаю сваю кватэру для таго, каб праверыць пошту, ну і яшчэ каб выканаць абавязак, звязаны для мяне з найвялікшым прыніжэннем: прыбраць, у адпаведнасці з графікам і патрабаваннямі добрасуседства, лесвіцу. Заўсёды пасля гэтай дзесяціхвіліннай грамадска-карыснай працы я адчуваю вострую неабходнасць напіцца, каб пазбавіцца нервовага стрэсу. Апрача алкаголю, на мяне супакаяльна ўздзейнічае сузіранне мапы Аргенціны прынамсі цягам першых дзвюх гадзінаў. Але рана ці позна я немінуча ўсведамляю, што адзіным уратаваннем у маім стане могуць быць толькі ўцёкі з вёскі ў горад. Канчаткова зразумець гэта мне звычайна дапамагае жудасная і неверагодна голасная музыка ў гукаўзмацняльніках, паразвешаных на кожным рагу, каб ніхто, крый божа, не мог схавацца ад жыццёва важных паведамленняў мясцовых уладаў. Гэтая папсня, паводле меркавання апошніх, павінна прынаджваць да гукаўзмацняльнікаў усіх, як жалейка заклінальніка пацукоў. Які неасвечаны дэспатызм! Мой інстынкт акупаванага селяніна, аднак, прымушае мяне прыслухоўвацца да гэтых абвестак: можа, урэшце прагучыць загад прымусова заступаць на будоўлю? Але якое там: самае смешнае, што абвесткі штогод тыя самыя часам здаецца, што яны гучаць у запісе. Напрыклад, пра рой пчолаў, які ад кагосьці ўцёк. Цалкам верагодна, што гэта той самы рой пчолаў, што й летась. І гэта я яшчэ маўчу пра перыядычныя выпрабаванні сірэнаў грамадзянскай абароны, без якіх у наш век сталай тэрарыстычнай пагрозы ніяк нельга абысціся!