Зрэшты, менавіта таму на Валянціна здрада ці прынамсі бойка з каханым чалавекам ёсць найсаладзейшым з учынкаў. Хаця наш з жонкаю разыход быў прадвызначаны задоўга да таго дня: ён нагадаў мне сто разоў адкладзеную партыю ў шахматы, хіба што ролю хадоў у ёй адыгрывалі пытанні. Мне здавалася, што я загнаў яе ў безвыходнае становішча, у кут, у цуг-цванг, але яна, уяўляеце, сказала мне, што ўвесь гэты час гуляла са мною не ў шахматы, а ў паддаўкі! Такім чынам, выйшла, што яна перамагла. Чорныя здаліся. Так ува ўсім: я жыву сваё жыццё (першапачатковы сцэнар якога, відаць, аддалі на рэалізацыю больш таленавітаму рэжысёру) бяздарна і залішне таропка дакладна так, як гуляю ў шахматы. Хуткі пачатак, атака, напор які захлынаецца, будучы залішне непрадуманым, гусарскім, рызыкоўным, а потым доўгая пакута, неахвота здавацца, адчайны супраціў, невыноснае чаканне паступовага, павольнага, але пэўнага разгрому.
Чаму я ўсё-ткі насамрэч з ёю разышоўся? Напэўна, ад суму. Заўсёды надыходзіць час, калі чалавек адчувае, што пара кінуць прымаць той ці іншы наркотык. Пік маёй цікавасці да жанчын прыйшоўся на папярэднія 56 гадоў гэта быў час, які прырода дала мне на завядзенне сямі й трывалага манагамнага стасунку, аднак я легкадумна не скарыстаў яго, і цяпер прыродзе няма чаго прапанаваць мне ў якасці мадэлі звычайнага чалавечага шчасця.
Магчыма, вы параілі б мне зноў закахацца? Маўляў, кожнае наступнае каханне вылечвае папярэдняе, бла-бла-бла Я спрабаваў не дапамагло. Відаць, я занадта стомлены ад і для гэтай гульні, якой чалавек вымушаны аддаваць сябе ўсяго, насуперак парадзе ірландскага барда. Я не надта азартны тып і ніколі ім не быў. Любы стасунак з жанчынай нагадвае мне нават не гульню, а нейкі іншы, нашмат меней цікавы спорт, у якім залік ідзе не на галы, а на час ці на атрыманыя пункты: хто першы ўцячэ, хто больш разоў здрадзіць Які сэнс паўтараць з кімсьці новым тыя самыя, даўно завучаныя з кімсьці яшчэ рытуалы?
Час прызнацца: не памятаю, чаму яна сышла. Яна штосьці спрабавала тлумачыць. Я не слухаў яе, таму нічога не зразумеў з яе словаў. Яна казала штосьці накшталт таго, што ў яе больш няма сілаў са мною жыць, падтрымваць мяне маральна й матэрыяльна. Ну, маральна яна мяне ніколі асабліва не падтрымлівала. А вось матэрыяльна гэта праўда. Ужо колькі тыдняў ніхто не прыносіць мне ежы. Гэта азначае, што ў хаце яе павінна застацца зусім няшмат, хоць апошнім часам я амаль не ем. Зрэшты, я не галодны. У мяне няма ніякай ахвоты есці. Дзякуючы назапашванням тлушчу я змагу яшчэ працягнуць нейкі час без ежы. За час жыцця з жонкаю я аброс тлушчам і барадой, як сапраўдны служыцель культу, натуральна уласнай асобы. З задавальненнем зноўку пачаў бы курыць, аднак пры адсутнасці грошай гэта было б роўнае самагубству. З другога боку, курэнне магло б быць вельмі добрым стымулам для пошукаў працы. Я заўважыў, што людзі, якія паляць, дасягаюць у жыцці большага поспеху. Як усе наркаманы, яны больш хіжыя за тых, хто вядзе здаровы лад жыцця: залежнасць прымушае іх варушыцца. З другога боку, яны раней паміраюць. Такім ёсць кошт дасягнення згаданага жыццёвага поспеху.
Доўгі час я падманваў жонку, быццам я геній. Яна зразумела, што гэта не так, нашмат раней за мяне, аднак доўгі час прыкідвалася, быццам нічога не заўважае. Я, у сваю чаргу, заўважыў, што яна прыкідваецца, і гэта мяне ў ёй усё больш і больш раздражняла. Зразумела, што мяне раздражнялі ў ёй і іншыя рэчы, пералічваць якія тут было б залішне доўга, але перадусім гэта. З другога боку, калі мы жылі разам, дык у ранішнім уставанні была прынамсі нейкая прывабнасць, таму што пры жонцы я штодня снедаў кавай і шакаладам (замест колішняй цыгарэты). Я ніколі не пытаўся, адкуль мая жонка бярэ грошы на каву й шакалад, мяне гэта не цікавіла. Толькі пасля таго, як кава і шакалад скончыліся, я пачаў хвалявацца, чаму гэта жонка ўсё яшчэ не вярнулася. Што рабіць? Патэлефанаваць у паліцыю? Магчыма, з ёю штосьці здарылася? Не, не хацелася дапускаць такой думкі. Да таго ж давялося б усюды бегаць, сведчыць. Калі б што здарылася, ужо затэлефанавалі б ейныя сваякі. Здаецца, у яе ёсць нейкія сваякі прынамсі, яна штосьці аб іх казала. Але ж як яна магла гэтак са мной абысціся! І дзеля яе я здзейсніў такія подзвігі! Якія? Напрыклад, кінуў курыць
Неўзабаве пасля нашага расстання на ейнае імя пачалі прыходзіць лісты. Спачатку звычайныя, потым у асабістыя рукі. Я некалькі разоў хадзіў па іх на пошту, але мне іх не далі. Сказалі, патрэбная даверанасць. Тады я прымусіў сябе напісаць ёй мэйл, і праз тыдзень-два яна адказала: маўляў, усё ў парадку, забудзься. Я забыўся. Толькі з наступнага ліста, ад экзекутарскай фірмы, я даведаўся, што маёмасць маёй жонкі, большую частку якой яна літасціва пакінула мне, падлягае канфіскацыі. Маўляў, паколькі яна не зявілася ў суд, нягледзячы на мноства дасланых ёй позваў, ёй даецца тыдзень на пагашэнне доўгу перад нейкаю страхавою кампаніяй. Уявіўшы сабе перспектыву застацца аднаму ў пустой хаце, я быў амаль гатовы заплаціць тую запазычанасць за яе, але, даведаўшыся велічыню сумы, засмяяўся такіх грошай у мяне ніколі не было і не будзе.