Макс Шчур - Галасы (зборнік) стр 5.

Шрифт
Фон

Вяртаюся я той самай дарогай, што прыйшоў, але ўсё навокал выглядае крышку іначай. Найбольш мяне ўражвае агромністая колькасць людзей на вуліцах, збольшага маладых,  праз іх амаль немагчыма прабіцца. Паводле таго, як сцямнела, я ўсведамляю, што не паспею ўжо зайсці ў свой улюбёны бар, дзе павінны акурат збірацца мае сябры, і прыспешваю хаду. Павярнуўшы галаву ўлева, у бок ракі, я са здзіўленнем заўважаю, што паралельна са мной па ўзбярэжжы ракі шыбуе маленькі стары ветнамец, спрабуючы як мага хутчэй пераадолець на сваім шляху ўсе перашкоды: абмінае людзей, скача цераз машыны, выяўляючы пры гэтым спрыт, нечуваны для ягонага веку. Я згадваю пра дамоўленае пары і ўсведамляю, што, калі прайграю яго, мяне чакае нешта горшае за смерць. Я пачынаю з усяе сілы бегчы ў напрамку свайго дома, але збочваю не туды, у нейкім скверы мяне спыняе маладзён славянскага выгляду й паведамляе, што тут расейскі раён, а мне трэба да ветнамцаў. Непадалёк гурток ягоных сяброў выбівае душу з нейкага выпадковага мінака. Я зноў прашу прабачэння й абмінаю сквер, вяртаючыся на свой ранейшы маршрут, спрабую нападабняць у сваіх рухах старога ветнамца, таксама пераскокваю пару машынаў  але, нягледзячы на гэта, дарога здаецца мне бясконцай. Я клянуся сабе, што больш ніколі не буду заключаць ніякіх пары, нават здымаць ніякіх фільмаў, а замест гэтага займуся кінакрытыкай уласна, гэта мой улюбёны занятак, які я закінуў дзеля практычнай творчасці, а цяпер не магу зразумець чаму. Дзядуля тым часам не адстае, але й не абганяе мяне, трымаючыся на бяспечнай адлегласці, назіркам: я заўважаю, што да яго далучыўся ўжо цэлы гурт нашмат маладзейшых ветнамцаў, узброеных нейкай арматурай. Спаборніцтва ў бегу, такім чынам, ператвараецца хутчэй у паляванне на мяне я разумею, што павінен збіць іх з панталыку, каб самому не давесці іх да свайго дому. Я згадваю, што паблізу жыве адна мая сяброўка, і заходжу да яе ў госці.

Дзверы мне адчыняе яе муж, малады русявы хлопец невысокага росту, з якім я знаёмы досыць павярхоўна і якога не баюся, трымаюся з ім самаўпэўнена: маўляў, мне да ягонай жонкі, трэба пераначаваць і г. д. Ён не супраць, мяне кладуць з краю на сямейны ложак, побач з якім месціцца тумбачка, куды я магу адкласці свае рэчы. Адчыніўшы шуфляду, я раптоўна бачу там пасрэбраны пісталет, свой нядаўна пазбыты гадзіннік, а таксама шэраг лістоў і фотаздымкаў, якія красамоўна сведчаць пра тое, што між мною і жонкай хлапца ў мінулым, прычым у гэтай жа спальні й на гэтым жа ложку, адбыўся бурлівы раман. Я ўсведамляю, што мне лепей не заставацца ў іх, згадваю пра тое, што мушу трапіць дадому хутчэй за ветнамскага дзядка,  карацей, прыдумляю нейкую адгаворку й хутка збіраюся сысці. Хлопец выходзіць праводзіць мяне на вуліцу й паказаць найкарацейшы шлях дамоў. Мы ідзем па вузкай гатычнай вулічцы, на якой няма ні душы, і хлапец па-сяброўску абдымае мяне за шыю. Мяне перапаўняе пачуццё віны перад ім, пачынаюць душыць слёзы, я кажу яму: «Слухай, магчыма, мы болей не ўбачымся я павінен папрасіць у цябе прабачэння. Але не за тое, што кахаў і кахаю тваю жонку, а за тое, што раней табе ў гэтым не прызнаўся. Ты меў права гэта ведаць». «Не бяды», адказвае той, «галоўнае, што цяпер ты ў гэтым прызнаўся». Нягледзячы на зычлівасць ягоных словаў, я адчуваю, што ягоная рука сціскае маю шыю ўсё мацней, ужо зусім не па-сяброўску. «Табе туды», паказвае ён мне вольнай рукою, «там ужо чакаюць». Я разумею, што ён мае на ўвазе ветнамцаў, і іду ў паказаным кірунку, гатовы не аддаць ім сваё жыццё танна. Аднак як толькі я выходжу за рог, аднекуль злева раздаецца чарга аўтаматных стрэлаў, я падаю на капот бліжэйшай машыны й застываю ў нерухомай позе. На капоце побач са мной сядзіць чалавек у светлым плашчы і занатоўвае ў перакідным блакноце заключэнне аб маёй смерці. Я яшчэ паспяваю заўважыць, што вакол стаяць паліцэйскія машыны з сірэнамі, як у нейкім амерыканскім фільме, прыглядаюся да чалавека ў плашчы і бачу, што гэта вядомы кінаактор: ён незаўважна паказвае мне на мігі, каб я ляжаў ціха, маўляў, трэба дазняць апошнюю сцэну, дзеля гэтага ён зараз зробіць мне ўкол аднаго рэчыва, ад якога я буду здавацца дасканала мёртвым. Але ж я й без гэтага разумею, што паміраю, бо не магу варушыцца, сцякаю крывёй і адчуваю жудасны боль ад ранаў. Усё, што я бачу ў апошнія імгненні,  гэта пабітае лабавое шкло машыны, на якую я ўпаў, і зіхоткія аскепкі шкла, змяшаныя з такімі ж зіхоткімі чырвонымі кроплямі на капоце.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3