Макс Шчур - Галасы (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

4

Я знаходжуся ў Празе. Мне трэба тэрмінова, літаральна да заўтра, зняць нейкі дакументальны фільм. Здымкі адбываюцца ў інтэрнацкім пакоі, галоўны герой пажылы чалавек, нешта апавядае на камеру. Пасля інтэрвю я нагадваю яму, што заўтра мы павінны дазняць ягоную сустрэчу з Бонды, чалавек абяцае прыйсці, ён нібыта добра ведае Бонды асабіста. Я нечувана рады такому поспеху. Выходжу на вуліцу, на дварэ вечар, аранжавае сонца яшчэ не зайшло. Мне трэба ісці дамоў  замест гэтага я пастанаўляю пайсці ў горад, дзе знаходзіцца адзін добра вядомы мне бардэль. Узняўшы на развітанне галаву, у акне сваёй кватэры на восьмым ці дзявятым паверсе я бачу на фоне жоўтага святла ў кухні сілуэт сваёй дзяўчыны. У думках я развітваюся з ёю, а сам хаваюся за рогам дома насупраць, спадзеючыся, што яна мяне не заўважыць. Урэшце, здымкі скончыліся раней, чым было запланавана, я паспею яшчэ схадзіць у горад і вярнуцца. Пазней магу ёй пазваніць, папрасіць прабачэння, што затрымаўся.

Я кіруюся на поўдзень, удоўж ракі. У тых раёнах ніхто не ведае мяне, бо я завітваю туды рэдка, таму ніхто не здагадаецца, з якой мэтай я туды іду. Вось калі б я скіраваў у цэнтр, дзе апроч бардэляў, уласна, нічога няма, то ўсё адразу было б ясна а так я магу прыкідвацца турыстам, які проста аглядае горад. Навокал такіх нечувана шмат натуральна, цяпер лета. Я іду па набярэжнай, якая раптоўна кудысьці знікае, зліваючыся з ракой,  каб не ісці па вадзе, я мушу збочыць і апынаюся на нейкім каменным пагорку, кшталту піраміды з чорнага мармуру, па стромкіх прыступках якой сцякае вада,  піраміда ёсць адначасова й фантанам. На яе вяршыні й на прыступках сядзяць маладыя людзі, граюць на нейкіх музычных інструментах зарабляюць грошы. Ім не падабаецца мая прысутнасць, і я імкнуся як мага хутчэй сысці ўніз, што мне не зусім удаецца прыступкі надта вузкія, коўзкія, схіл піраміды надта стромкі,  але ўрэшце я зноў апынаюся ўнізе й магу працягваць свой шпацыр. Мясціны мне знаёмыя: паблізу знаходзіцца новапабудаваны гандлёвы дом, цэнтр жыцця гэтага гістарычнага раёна, вакол шмат старых і новаадкрытых крамаў, рэстарацый, кінатэатраў  недзе тут павінен знаходзіцца той невялічкі начны клуб, у якім я ўжо аднойчы быў. Вось толькі ў мяне мокрыя нагавіцы, і мне прыкра, што людзі могуць прыняць мяне за бяздомнага. Да таго ж мне прыкра, што час ідзе, пачынае цямнець, а я ўсё яшчэ не знайшоў патрэбнай мне забаўляльнай установы.

Калі я дасягаю мэты, то бачу, што начны клуб ператварыўся ў звычайны шапік досыць неахайнага выгляду ён з белай фанеры, размаляваны ўсялякімі графіці  і ўсярэдзіне, як відаць праз вокны, збіраюцца цемнаскурыя людзі з мясцовых бандзюганаў, прапануючы мінакам танныя скрадзеныя рэчы, наркотыкі й дзяўчат для эскорту. Мне робіцца сорамна, што такі абект мог быць мэтай майго шпацыру, але я не падаю выгляду й заходжу туды, быццам дзеля таго, каб набыць нейкі недарагі сувенір,  мой выбар спыняецца на каштоўным фірмовым гадзінніку й не менш каштоўным пярсцёнку. Гадзіннік, маўляў, будзе мне, а пярсцёнак я падару сваёй дзяўчыне, каб яна даравала мне спазненне й не задавала лішніх пытанняў.

Раптоўна я адчуваю, што галодны, і пастанаўляю зайсці ў першую-лепшую з паблізных рэстарацый. Мне карціць выпіць віна, але яно там задарагое, а грошай у мяне засталося зусім мала. Я выбачаюся перад гаспадаром, што перадумаў есці, і збіраюся сысці. Той паведамляе мне з нічога ніякага, што мяне хоча бачыць кухар, ветнамец: маўляў, ён крыўдуе на мяне, і я павінен папрасіць прабачэння ў яго. Я не маю нічога супраць, мне дужа няёмка, і я паслухмяна іду ўніз, дзе гатуюць. У невялічкім скляпенні пад столлю вісіць туша нейкай жывёлы, з якой сцякае кроў. Мяне сустракае нейкі малады азіят, які кажа, што дзядуля выйшаў, але неўзабаве вернецца маўляў, ён вельмі пакрыўджаны, бо я сваёй адмовай есці абразіў іхныя нацыянальныя пачуцці й традыцыі. Я пытаюся, чым магу кампенсаваць сваю нетактоўнасць, і малады чалавек прапануе мне пары: калі я дабяруся дадому раней за ягонага дзядулю, мне будзе даравана. Я пагаджаюся, каб як мага хутчэй знікнуць з гэтага месца, але ўжо на выхадзе пачынаю пра гэта шкадаваць лепш бы я ў знак кампенсацыі пакінуў ветнамцам гадзіннік і пярсцёнак. Тут я заўважаю, што іх у мяне ўжо няма, але ўгаворваю сябе не пераймацца, урэшце, я ж толькі нядаўна іх набыў па смешна нізкім кошце, таму ніякай вялікай страты не пацярпеў. Галоўнае цяпер выпіць па дарозе віна і як найхутчэй дабрацца дадому.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3