Я кінуўся да кніжных паліцаў з намерам па-хуткаму перадраць якога-небудзь з маіх улюбёных аўтараў. Толькі цяпер, у найбольш крытычны момант сваёй пісьменніцкай кареры, я ўсвядоміў, наколькі павярхоўна, безадказна й нехлямяжа мае славутыя калегі-папярэднікі, за рэдкімі выключэннямі, апісвалі свет сноў і галюцынацый (натуральна, у параўнанні са мной). Адкідаючы кнігу за кнігай, я ўсё глыбей расчароўваўся ўва сусветнай літаратуры з яе тупой скіраванасцю на даўно нікому не цікавы дзённы свет рэальных падзей з яго аднастайнымі псеўдапраблемамі. Чаго ж пасля дзівіцца, што людзі ў сучаснасці, апрача хіба снобаў-інтэлектуалаў, усё часцей аддаюць перавагу насычаным падзеямі й перыпетыямі серыялам, баевікам ці фэнтэзі, не кажучы пра кампютарныя гульні? На халеру простаму рабочаму чалавеку ваш гнілы рэалізм? Яму яго і ў звычайным жыцці хапае Нездарма на святы людзі так любяць глядзець па тэлебачанні казкі. Сон насамрэч гэта тое скрыжаванне, у якім фікцыя ці казка ўцелаўляецца ў праўду: калі пакласці на адну шалю ўсю так званую «сурёзную» літаратуру, а на другую самы звычайны, нават не самы яскравы сон, то відавочна, каторая з іх пераважыць
Трасца, гэта ўсё цудоўна, але што ж рабіць? Плюнуць на таблеткі й зноў перайсці на алкаголь? Але ж ёсць рызыка, што паўторыцца тое самае, што ўжо было ў Празе: насню няведама чаго, а прыгадаць, пагатоў запісаць, не здолею «Не хочаш сніць не муч паўкуляў мозгу», гучыць старая прымаўка прафесійных снавідчыкаў. Лёгка ім было казаць! «Калі можаш не сніць то й не сні» Не, толькі не гэта. Калі я ў час не пастаўлю майму Замоўцу ягонага сну, ён не проста спагоніць з мяне ўсе належныя яму грошы ён яшчэ й прымусіць мяне адпрацоўваць іх у іншым аддзеле, дзе я буду вымушаны перабівацца рэалістычнымі апісаннямі ўсякай пазбаўленай ценю фантазіі брыдоты!
Канец канцоў, пасля доўгіх развагаў і высілкаў, я ўзяў-такі тэлефон, знайшоў у спісе нядаўніх размоваў літару «З» і націснуў кнопку.
Што, гатова? спытаўся Замоўца не вітаючыся.
Ну, амаль, схлусіў я. Але бракуе яшчэ аднаго сюжэтнага павароту
І што? Пры чым тут я?
Як бы вам сказаць
Кажы хутчэй, бо ў мяне тут перад публікацыяй такі завал табе і не снілася. («Дасціпнік хрэнаў», падумаў я).
Мне патрэбны опіум, прамовіў я на адным дыханні, быццам называючы нейкую рэдкую фарбу, якой мне бракуе для заканчэння сваёй манументальнай фрэскі. Пункт трэці кантракту: прэпаратамі, неабходнымі для снення, забяспечвае выканаўцу замоўца
Нейкі час панавала маўчанне відаць, Замоўца захіліў далонню слухаўку, лаючы мяне ад усяе душы на ўвесь офіс.
Трэба сустрэцца, урэшце пачуў я. Дзе ты?
Я паведаміў яму каардынаты сваёй вёскі і назву адзінага тутэйшага бара.
Праз гадзіну, кінуў мне шэф. І глядзі, каб было ўжо адчынена, а то я сам яго адчыню
3
Адзіная праблема з такімі рэчывамі, як апіяты, палягае ў тым, што прыснёныя пад імі сны не паспяваеш занатоўваць. Толькі сядзеш за кампютар і сяк-так сфармулюеш першую фразу, як згадваеш, што ўсё насамрэч было зусім не так і што ты забыўся на самую галоўную дэталь, якая й надае ўсяму далейшаму сну глыбокі, калі не адзіны, сэнс. Чым далей разгортваецца перад табою апісанне, тым больш дэталяў прыснёнага прыгадваеш: пальцы папросту не паспяваюць бегаць па клавіятуры. Справа ўскладняецца яшчэ й тым, што дзеянне апіяту працягваецца яшчэ доўга пасля таго, як ты прачнуўся, а гэта яшчэ больш запавольвае і так невялікі спрыт тваёй (у кожным разе, маёй) пісаніны.
Гэтым разам, аднак, усё выйшла як найлепей. Скажу без лішняй сціпласці, што я заўжды любіў дэдлайны, бо яны звычайна прымушаюць мяне сабрацца й высніць з сябе найлепшае, але тое, што мая падсвядомасць выдала мне цяпер, літаральна не паддавалася апісанню хоць, праўда, канец канцоў і паддалося. Калі не памыляюся, такі стан, у якім я знаходжуся на працягу апошніх двух дзён, у нармалёвых пісьменнікаў называецца натхненнем. Звычайна цягам так званай серыйнай спячкі, калі прачынаешся толькі для таго, каб у часе кароткага чуйнавання запісаць свежаўбачаны сон, немагчыма прысніць яго працягу: перад табой разгортваюцца зусім новыя матывы, пераплятаюцца з папярэднімі, сціраюць і заглушаюць нядаўна яшчэ такія яскравыя дэталі, якіх ты не паспеў занатаваць, твая памяць працуе яшчэ меней надзейна, чым у будзённым жыцці. То-бок лепшае ёсць ворагам добрага і ў свеце сну: лепшым у ім аўтаматычна здаецца апошняе, хаця гэта не заўжды так. Аднак цяпер творчы працэс нагадваў хутчэй школьную дыктоўку: я прачынаўся, занатоўваў частку сну, перачытваў, правяраў граматычныя памылкі, ставіў кропку разам з тым, як прымаў чарговую дозу опіуму, і зноў клаўся працаваць, каб прысніць наступную частку, не забыўшыся ні каліва з таго, што адбылося ў папярэдняй. Такім чынам, за нейкіх тры дні на вёсцы я пражыў насамрэч ці не тры тыдні натуральна, у сне. Калі б які-небудзь Джэк Керуак замест таго, каб апісваць на працягу некалькіх сутак свае банальныя прыгоды на амерыканскіх дарогах, з тым жа імпэтам аддаўся фіксацыі сваіх сноў, у яго мог бы выйсці сапраўдны шэдэўр. А так