Халера Маёмасць хоць застрахаваная была?
Гаўна! Ён быў вінаваты якраз страхавой кампаніі, бо за страхоўку маёмасці два гады не плаціў, дык яму страхоўку скасавалі й справу нам перадалі Іці тваю, гэта называецца як яго іронія лёсу. Скажы? Ну, налі мне яшчэ адзін
З галерэі вясковых варятаў
а калі ён вярнуўся ў сваю вёску на ўзбярэжжы, то добрыя людзі ўладкавалі яго мясцовым прыдуркам
Ё. Янда, «Гаротны лёс»Псіх
З усіх вясковых варятаў рэальны псіх гэта Псіх. Таму яго так і клічуць. Ён гэта нешта накшталт нон плюс ультра. Гэткі варяцкі фундаменталіст і радыкал. Таму яго астатнія й баяцца, не толькі нармалёвыя, але й варяты, апошнія нават болей, нягледзячы на тое (ці, можа, якраз таму), што Псіх іхны непераабіральны галава. Калі ўжо ў нармалёвых таксама ёсць свой галава, то-бок вясковы стараста, павінен ён быць і ў варятаў, хто б сумняваўся. Вось і маюць яны за галаву Псіха.
Псіх ён, уласна, толькі вялікае дзіця. У яго двухметровы рост, і ўжо шэраг доўгіх гадоў яму васямнаццаць. Яму ўласцівыя хісткая хада хулігана (адчуванне, што рук ён з кішэняў не вымае) і даволі міралюбны характар. Гэтае ўражанне псуюць толькі перыядычныя гучныя выкрыкі накшталт тых, што свомыя людзям з сіндромам Турэта. Цалкам магчыма, што сваімі выкрыкамі Псіх склікае да сябе іншых навакольных псіхаў. Пакуль яшчэ на ягоны покліч ніводны з іх не адгукнуўся. Хаця аднойчы здарылася так, што Псіх паехаў цягніком у Прагу. Зайшоў у вагон і рыхтаваўся ехаць, як усе нармальныя людзі, крышку высунуўшы галаву з адчыненай форткі. Але толькі за акном паспеў як след разагнацца краявід, як Псіх ужо быў няздольны стрымаць свайго захаплення і пачаў голасна склікаць сваіх аднадумцаў з вакольных палёў і лясоў. На наступны прыпынак яны яшчэ не збегліся, толькі на пазанаступны. У іх былі паліцэйскія ўніформы і на ўсякі выпадак яшчэ сабака. Той быў між імі і Псіхам кшталту перакладчыка. Увесь час, цягам якога Псіх з дапамогай сабакі шукаў паразумення з паліцыянтамі, цягнік стаяў. Напэўна, Псіх нешта паліцыянтам тлумачыў, хаця выглядала, што ён раздае ім заданні. Урэшце ён загадаў ім завезці яго ў Прагу на паліцэйскай машыне. Хвілін праз пяць яны адсвісцелі прэч з вецярком. Замест сірэны з вакна машыны якатаў шчаслівы Псіх. «Не такі ўжо і дурань», сказаў нехта з нармалёвых пасажыраў цягніка, які надалей стаяў. Хутчэй за ўсё, гэта сказаў той, які выклікаў на Псіха паліцыю. Усе ў той дзень спазніліся на працу, а некаторыя нават яе страцілі.
Вярнуўшыся дамоў з Прагі пасля непрацяглага адпачынку ў варятні, Псіх бавіць на вёсцы час так, як і заўжды. Гэта значыць, што раз на тыдзень ён рэгулярна абыходзіць вёску, акурат як ягоныя cябры-паліцыянты. Сустрэўшы некага, хто з першага погляду здаецца яму благім чалавекам, Псіх плюе яму ў морду. Наадварот, сустрэўшы некага, хто яму з першага погляду падабаецца, ён паказвае яму свае геніталіі (гэтага паліцыянты не робяць). У Псіха на абодва кшталты людзей асаблівае чуццё. Дзіўна, аднак, тое, што часцяком на працягу дня яму трапляюцца адны нягоднікі, якім ён нястомна плюе ў морду, тым часам як цягам наступнага дня ён сустракае ўжо адных анёлкаў, якім паказвае геніталіі, прычым збольшага анёлкі тыя самыя ўчорашнія нягоднікі. Напэўна, на наступны дзень Псіх прыходзіць да высновы, што яны ўжо выправіліся.
Псіх, уласна, не вінаваты ў тым, што ён псіх. Астатнія варяты любяць свайго галаву перадусім за тое, што побач з ім здаюцца нармалёвым нармалёвымі. Аднойчы Псіха сустрэў Акулярнік і прывітаў яго словамі «Дай бог здароўя», на што, як ні дзіўна, замест пляўка ў морду атрымаў ветлы адказ: «Бога няма, боўдзіла!» Відаць, Псіх і насамрэч не такі ўжо і дурань.
Вынаходнік
Вынаходнік вам ніякі не Псіх, каб хадзіць па вёсцы і пляваць на людзей. Яму на іх ад душы пляваць у сябе дома, адкуль ён ніколі не выходзіць. Там жа ён без усякага спеху разглядае свае геніталіі. Я пра гэта ведаю таму, што ў Вынаходніка на вокнах няма фіранак, бо яму няма чаго хаваць ад аднавяскоўцаў. Ён імі занадта пагарджае, каб іх саромецца. Карацей, Вынаходнік жыве ў гэткім шкляным доме, таму вокны ягонага дома ёсць адначасова вокнамі ў Вынаходнікаў свет і наадварот.
На тых жа вокнах, дакладней на шыбах, Вынаходнік расклейвае паведамленні пра свае вынаходкі, якімі ёсць пераважна галаваломкі. Чытаць іх па-любому нашмат цікавей, чым абвесткі на дошцы вясковых уладаў, дзе пішуць у асноўным пра тое, хто дзе памёр. Вынаходнікавы паведамленні пачынаюцца гэтак: «Калі Вы не хочаце, каб з Вашага дзіцяці вырас такі ж даўбб, як Вы самі, купіце яму галаваломку! Вядзецца пра маю ўласную вынаходку ўсяго за тысячу крон». Далей ідзе апісанне галаваломкі, дзе даўббам тлумачыцца яе прынцып. Яго я яшчэ ні разу не зразумеў, хаця дарогаю ў карчму Вынаходнікавы абвесткі заўжды чытаю. Ані дарогаю назад я яго не разумею, хаця тады звычайна прынцып здаецца мне ў чымсьці яснейшы.