Макс Шчур - Галасы (зборнік) стр 11.

Шрифт
Фон

Апошні раз я выходзіў з дому, каб схадзіць да зубнога, дакладней да зубной. Зубастай і языкастай. Зубастай тут яшчэ называюць смерць. Пайсці да яе мяне прымусіў толькі шалёны, ніколі дагэтуль мною не адчуваны фізічны боль. Гэта празмернае спажыванне кавы і шакаладу пачало вылазіць мне бокам, ці слушней ротам. Дантыстка сказала тады, што на такія зубы, як мае, не мае часу, і параіла мне набыць сабе зубную шчотку. Я сказаў, што ў мяне ўжо ёсць зубная шчотка, якою я нават часам карыстаюся. Я прамовіў гэта з асаблівым націскам на слова «шчотка», якое азначае тут яшчэ й курву. Зразумела, што пасля гэтага я не хутка зяўлюся ў яе кабінеце, калі толькі не вывучу лаціну, каб паразумецца з ёю без перакладчыка. Відаць, мне давядзецца цяпер лячыць зубы ў тутэйшага міністра культуры, стаматолага з адукацыі. Спадзяюся, з дзеячаў культурнай самадзейнасці ён нічога не спаганяе. Варта, напэўна, сесці і напісаць яму калегіяльна-пакаяльнае прашэнне. Хаця ад стомы з самога сябе не ўратуе ніякі стаматолаг, нават міністр.

* * *

Згадваю, што ўчора ў стане афекту зеў апошняе яйка. Гэта азначае, што ежы ў хаце насамрэч зусім не засталося. Іншымі словамі, калі я сапраўды яшчэ не збіраюся паміраць, трэба ўстаць і пайсці ў краму. Божа, як я ненавіджу тутэйшыя крамы! Усюды гандлююць адны падманшчыкі, сэнсам жыцця якіх ёсць вас аблічыць. А калі не падманшчыкі, дык туды цягаецца розная набрыдзь, накшталт мяне. Апрача таго, прадавачкі ў крамах любяць задаваць пытанні, што сваёй абсурднасцю нагадваюць дзэн-будысцкія кааны, хаця адказ на іх загадзя добра вядомы з адпаведнай літаратуры: «як маецеся?», «чаго зычыце?», «як спадарыня?», «чаму даўно не заходзілі?» Шкада, што на вёсцы няма ветнамскіх крамаў там, прынамсі, ніхто не хоча з вамі знаёміцца; для ветнамцаў усе еўрапейцы на адзін твар, астатнія народы свету, апроч уласнага, ім да сракі.

На лесвіцы грымяць жалезныя парэнчы. Сваёй формай яны нагадваюць трубкі касцельнага аргану, але іхны гук падобны хутчэй да нядзельных званоў. Як і належыць, я ніколі не пытаюся, па кім яны звоняць,  мяне гэта не цікавіць. Дзеля скразняку й грукату абы-як прымацаваных да вушака дзвярэй ствараецца адчуванне, што ў хату ўвесь час хтосьці ломіцца. Гучныя галасы за дзвярыма, потым смех. Смяюцца, хутчэй за ўсё, таксама з мяне. Шкада, што ў мяне ў дзвярах няма вочка: мяне магла б крыху супакоіць магчымасць назіраць за лесвіцай у гэты сімулякр аптычнага прыцэлу.

Упэўнены, што неўзабаве мяне прыйдуць не толькі абрабаваць, але й выкінуць з кватэры. Гэтая грамада вяскоўцаў урэшце прыперла мяне да сценкі. Іх нельга не зразумець: за столькі гадоў прывідна-паразітычнага існавання я не здолеў пераканаць іх у тым, што магу быць для іх чымсьці карысны. Па шчырасці, я і не хачу быць ім нічым карысны. Усё, што я хачу,  гэта каб мяне пакінулі ў спакоі. Марныя спадзяванні: якраз цяпер чую, як за акном хтосьці выгуквае маё імя, што прымушае мяне вызірнуць вонкі, каб пераканацца, што гэта не галюцынацыя. Гэтак я даведваюся, што маё імя ў гэтай краіне сабачае. Мой цёзка вялізная нямецкая аўчарка вартаўніка будоўлі. Яшчэ я даведваюся, што за акном ідзе дождж. Практычная адсутнасць людзей цудоўная нагода прымусіць сябе выйсці надвор. Узяць парасон, раскрыць яго над галавой. Я люблю карыстацца парасонам, бо мне падабаецца слухаць гук кропляў. Перад тым як я адкрыў гэтую асалоду, я ненавідзеў парасоны. Акрамя таго, парасонам ільга захіліць твар, каб, у сваю чаргу, не бачыць бязбожныя твары тых, хто, у адрозненне ад мяне, не баіцца маланак і грымотаў.

Галасы на лесвіцы сціхлі. Цяпер можна выйсці з кватэры. Ужо ў перадпакоі, насунуўшы боты, заўважаю, што парасону няма. Чэрці дзяры! Гэта азначае, што жонка сышла разам з парасонам? Ёй было мала ноўтбуку, кветак, посуду, прасу дык яна ўзяла яшчэ й парасон! Як я цяпер пайду пад дождж? Ніяк. Гэта азначае, што я застануся дома. Буду чакаць экзекутараў. Ужо цяпер не магу дачакацца, калі ўрэшце пабачу іхны белы варанок, хіба што без міргалкі. Нездарма слова «экзекуцыя» азначае яшчэ й пакаранне смерцю. Хутчэй бы яны прыехалі, у мяне няма сіл трываць да вечара. Але яны не спяшаюцца, як і ўсе іншыя побытавыя паслугі.

Тэлефонны званок. Відаць, хтосьці памыліўся нумарам. Гнюснае вісклівае бразгатанне. Шчыра кажучы, я паспеў ужо забыцца на гэты гук і толькі цяпер усвядоміў, як быў гэтаму рады: гэтак мяне раздражняў толькі школьны званок, які клікаў мяне з перапынку ў клас. Так, у мяне ёсць тэлефон. Яго, вядома ж, неўзабаве адключаць, бо мне няма чым за яго плаціць. Зрэшты, я імкнуся ім не карыстацца. Дый куды мне званіць? Каму? Апошняй, яшчэ летась, званіла мая даўняя сяброўка таксама замежніца, у якую я быў калісьці платанічна закаханы,  каб паведаміць, што яна зязджае з горада на радзіму. Не змагла знайсці сабе новую працу, а з ранейшай яе пагналі. І ёй, як і мне цяпер, да часу трэба было некуды падзець набытыя за восем гадоў рэчы. Я адмовіў тады ёй, сказаўшы, што мне й самому няма куды дзяваць сваіх трантаў. Вось жа, цяпер мае словы трапілі богу ў вушы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3