Андрэй Федарэнка - Ланцуг (зборнік) стр 8.

Шрифт
Фон

Вінярскі ўзяўся за аконную ручку, моцна пацягнуў на сябе. Шпінгалеты і ўверсе і ўнізе сядзелі ў сваіх дзірках-гнёздах як улітыя. Але гэта былі ўжо дэталі.

Цяпер Вінярскі маліў Бога толькі аб тым, каб Іван Змітравіч не прыйшоў да канца рабочага дня.

Стэльмаха не было ў пяць, не было ў палове шостай, і без дваццаці шэсць Вінярскі, не могучы больш трываць, не зачыняючы дзверы ў кабінет («калі зойдзе хто-небудзь, скажу, што пакасілася рама, папраўляю»), дастаў з кішэні падрыхтаваную яшчэ дома веласіпедную адвёртку, падняў ніжні шпінгалет і хутка, каб адрэзаць шляхі да адступлення, вывернуў адвёрткаю гняздо. Трэснулі сухія бялілы, адкалоліся разам з трэскаю, лёгка вывернулася гняздо разам з іржавымі шурупчыкамі I тады яго як аглушыла ды што ж я раблю?! Хто ж, лезучы з вуліцы, будзе ламаць шпінгалеты на палавінках з пакоя?! Ламаць будуць толькі з двара, а потым проста стануць на падаконнік, прасунуць у фортку руку

З адчаю ён ударыў далоняй па знадворнай раме, дзе сыходзіліся палавінкі і здалося, гэты гук, трымценне шкла, пачула ўся клініка, уся вуліца, што Стэльмах ці яшчэ нехта нячутна зайшоў і стаіць за спіною. Але Вінярскі нават не азірнуўся. З мясам павыкалупваў з гнілаватай рамы гнёзды, апусціў назад шпінгалеты Нечакана ўся яго выдумка здалася яму страшэнна арыгінальнай і праўдападобнай, выцягнулася ўся ў ланцужок ён аж засмяяўся, закурыў, тады толькі агледзеўся, прыслухаўся. Нідзе нікога, звычайныя гукі бальніцы. «Проста націснулі на створкі з двара, створкі падаліся, трошкі адышлі, тады падсунулі знізу, у шчылінку, звычайную адвёртку, вывернулі гняздо, тое ж зрабілі зверху, залезлі на падаконнік не, не залезлі, а, стоячы знізу, нечым выламалі і ніжні шпінгалет унутраных палавінак А потым схамянуліся, што фортка адчыненая і можна рукою дастаць Тады залезлі на падаконнік і ўсё. Чаго сюды лезлі? Гэта трэба пытацца ў тых, хто лез. Ці не думаеце вы, што гэта я зрабіў? Калі б я хацеў нешта тут украсці, я зрабіў бы гэта, не ламаючы рамы!..»

Самае дзіўнае, што гэты доказ калі б ён, Вінярскі, краў, дык не ламаў бы рамы здаваўся яму ў той момант абсалютна пераканаўчым.

Не стаў чапаць больш створкі («хай будуць прычыненыя, наўрад ці той, хто вылез бы праз акно, клапаціўся б зачыняць іх»), хуценька замкнуў дзверы, стаў на крэсла, выцягнуў з-пад папак «дыпламат» і толькі калі саскочыў на падлогу і паклаў яго на стол, падумаў: «А што, калі б яго не было тут? Вельмі проста, сто разоў Стэльмах учора мог бы забраць» Але «дыпламат» быў, вось ён, ляжыць на стале. Вінярскі паспрабаваў адчыніць яго нічога не выйшла. Божа мой код!.. Ен зачынены на код! Ліхаманкава, дрыготкімі пальцамі Вінярскі пачаў круціць узад-уперад гранёныя круглікі пад ручкаю, пакуль не зразумеў, што проста марнуе час. Ні з таго ні з сяго ён ударыў раптам з усяе сілы адвёрткаю ў бок «дыпламата» і прабіў дзірку, потым апамятаўся і пачаў хапатліва заціраць яе рукою, але толькі падрапаў аб востры пластык далонь. Нейкі час ён стаяў і залізваў кроў, тады паставіў «дыпламат» пад стол Івана Змітравіча, доўга тыцкаўся ключом у замок. Выглянуў у калідор. Нікога не было.

Трэба было вяртацца і забіраць грошы. Прайсці па трох даўжэзных калідорах трох карпусоў, каля сталовай, праз вестыбюль з «дыпламатам», якіх ён зроду не насіў. Але рабіць не было чаго: Вінярскі вярнуўся, узяў «дыпламат» і, сабраўшы ўсю рашучасць, пайшоў. Ногі былі ватныя, а ўсярэдзіне ўсё трымцела. Калі б яго зараз паклікалі, ён, напэўна, выпусціў бы «дыпламат» з рукі. Але на калідоры нібы ўсё вымерла. Вось пачатак тэрапеўтычнага аддзялення, вось дзверы ў падвал. Нібы нехта падштурхнуў яго ў спіну Вінярскі паслухмяна павярнуўся, спусціўся ў падвал Вось дзверы на двор і хоць бы дзе адзін чалавек! (Успамінаючы пасля той дзень, Вінярскі думаў, што чалавеку даволі ўсяго толькі захацець зрабіць якуюсьці гадасць, а там чорт сам давядзе ўсё да канца. Не магло ж так шэнціць яму тады само па сабе!)

Ужо на двары, ідучы паўз сваё акно, скасіў вочы. З дарожкі з адлегласці трох метраў не было відаць нічога падазронага. Хіба калі ўжо добра прыгледзецца, маленькая шчылінка

Ён ехаў дамоў тралейбусам і думаў, што каля фінскай запраўкі яго ўжо чакаюць, каб арыштаваць, і трэба, як расказваў Стэльмах, ці пераехаць, ці недаехаць. Але сіл ужо не было ніякіх. Ніхто яго, вядома, не чакаў.

Дома ён запіхнуў нагою «дыпламат» пад ложак і бухнуўся ў любімае крэсла. Ён адчуваў сябе цяпер самым большым у свеце дурнем. Божа мой, ды нават калі дапусціць самае шчаслівае, самае неверагоднае што ўсё абыдзецца: заўтра ён прыходзіць на працу, Стэльмаха не было і яшчэ няма, прыбіральшчыца ўжо выклікала міліцыю («забыў паставіць на месца крэсла! забыў зачыніць дзверцы антрэсоляў!»), тут прыходзіць Стэльмах, расказвае пра грошы, паказвае на Вінярскага; ён, Вінярскі, і слухаць не хоча і яму вераць, што гэта не ён украў, а Стэльмаху не вераць адкуль у цябе столькі грошай? Хто твае грошы бачыў? Чаму хаваў у кабінеце, а не ў банку, не дома? А калі хаваў, нашто расказаў пра гэта Вінярскаму, потым спакойна аставіў столькі грошай і пайшоў?..

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3