Дзверы зноў расчыніліся, на гэты раз без стуку, і ў кабінет заглянуў загадчык аддзялення Сцяпанаў.
Ну што? сказаў ён і пастукаў пальцам па гадзінніку.
Стэльмах хутка сабраў гісторыі хворых, Вінярскі рэнтгенаўскія здымкі, і дактары пайшлі на абход.
III
А шостай гадзіне вечара Вінярскі, апрануўшы свой доўгі белы плашч, з парасонам пад пахай, праз галоўны корпус так было бліжэй да прыпынку выйшаў на вуліцу. Дождж перастаў, хмара сплывала за Мінск. Адна палавіна вуліцы, у тым баку, адкуль павінен падехаць тралейбус, была асветленая нясмелым пакуль сонцам так бывае позняй восенню, калі сонца то зырка блісне, то зусім схаваецца; але паступова паласа шырэла, святлела, набягала сюды, на прыпынак. Вось сонечны промень зіхнуў, адбіўся ад пярэдняга шкла тралейбуса, які выплыў з-за павароту Вось тралейбус спыніўся, густа плюхнуўшы вадой з калюжыны на ногі тым, хто тоўпіўся блізка, вось натоўп паваліў у яго, аж затрашчалі дзверы, а сонечная паласа пабегла і пабегла сабе далей, заліваючы святлом паўгорада.
Вінярскі пастаяў, паглядзеў на тралейбус, уявіў, як яму будуць наступаць на ногі, запэцкаюць плашч, будуць дыхаць у твар, будзе пахнуць спяцоўкамі і прэлымі парасонамі, павярнуўся і пайшоў пехатою, як рабіў не раз. Ісці было далекавата, праз увесь праспект, ажно ў Вяснянку, затое цалейшыя былі нервы і дарогаю добра думалася. Вінярскі расшпіліў плашч, дастаў цёмныя акуляры мокры тратуар блішчэў пад сонцам, і пайшоў няспешна, трымаючыся далей ад краю тратуара.
На мосце праз Свіслач ён закурыў, перагнуўся, стараючыся не запэцкацца аб мокрыя чыгунныя парэнчы, папляваў уніз, цэлячы слінаю ў качку, якая плавала і нырала блізка каля моста. Пакуль стаяў, яго прамінулі двое пяных; ішлі, хістаючыся, трымаючы пад рукі адзін аднога і пранеслі за сабою свой адмысловы пах Вінярскаму зрабілася гідка, ён павярнуўся, каб зірнуць ім услед, і ўбачыў, што і пяныя спыніліся і глядзяць на яго. Ён абышоў іх і зноў той жа пах
Вінярскі не любіў людзей. I гэтых пяных, і тых, каго ён цяпер абганяў, і тых, што яго абганялі, і тых, што панабівалі сабою, як селядцы бочкі, аўтобусы і тралейбусы і ездзілі ў іх туды-сюды па праспектах і вуліцах Ва ўсіх вачах, што на яго глядзелі, ён чытаў толькі прасцейшыя жывёльныя інстынкты: убіцца, уплішчыцца ў тралейбус, дабрацца да ларка, да таннага, разбаўленага піва, «на-бухацца», атупець яшчэ больш гэта ў мужчын; у жанчын, растаўсцелых да сарака гадоў, як пацукі на кармавых дражджах, дапасці да нейкай чаргі, адстаяць, пасварыцца, схапіць урэшце ў руку чаканую сінюю палку крухмальнай варанай каўбасы, ад аднога выгляду якой нармальнага чалавека павінна зблажыць Згадаліся раптам свае пацыенты з загноенымі дзіркамі на руках і нагах, з пакрыўленымі, няправільна зрослымі пасля пераломаў касцямі, з апухлымі, перакошанымі рожаю тварамі, з выродлівымі, як шары, фурункуламі I ў гэтых у вачах тое ж жывёльнае: выратуй, пазбаў ад болю, выпусці гной, накладзі швы, здымі рожу Каб зноў мы маглі піць сваё піва і стаяць у чэргах па сінюю каўбасу
Вінярскаму прыйшло ў галаву, што з яго можа атрымацца добры хірург. Ён ніколі не пашкадаваў ніводнага свайго пацыента, заўсёды адчуваў да іх толькі агіду, яны былі для яго менавіта пацыенты, а не жывыя людзі. А гэта добра, усе вялікія ці проста добрыя хірургі, якіх ён ведаў ці пра якіх чуў у інстытуце на лекцыях, былі жорсткія. «Там мне гэта прыдасца, падумаў ён, а тут трэба больш практыкавацца, набіваць руку».
Павярнуў на праспект любімае сваё месца шырокі, прыгожы, абсаджаны каштанамі, з кветкамі ў клумбах паўз тратуар. Вінярскі любіў гэты праспект яшчэ і таму, што тут хоць зрэдку, дзе-небудзь каля «Планеты» ці «Юбілейкі», можна было пачуць чужую мову і ўбачыць сапраўдных, свабодных, шчаслівых і багатых людзей. Ён ішоў паволі, пазіраючы вакол і прыслухоўваючыся, і сапраўды раптам каля газетнага кіёска пачуў англійскую мову. Мужчына ў белых шортах, у белай кашулі і ў белым гальштуку, у цёмных акулярах, паказваў на нешта ў кіёску сваёй сяброўцы маладой жанчыне, таксама ў шортах, з фотаапаратам у руцэ, і абое смяяліся. I вочы ў жанчыны чыстыя, бестурботныя, і смех у абаіх дзіцячы і бестурботны. Вінярскага нібы працяло токам ад гэтага смеху. Ажыло раптам у душы таксама нешта чыстае і светлае, і захацелася абняць гэтых людзей, узяць пад руку жанчыну, ісці разам з імі некуды і ні аб чым не думаць. Але хутка ён апамятаўся, прыгорбіўся і пайшоў хутка, ні на кога ўжо не гледзячы.