«Ведае! упэўніўся Вінярскі. Не проста так гэты прыклад»
Помню, малога, матка ўзяла мяне ў горад, сказаў Сымон, ажывіўшыся, і я знайшоў на вуліцы кашалёк. Новенькі, пахучы Сэрца ад радасці ледзь не выскачыла. Адчыняю а там пуста. А, зрэшты, і пусты згадзіўся: служыў мне верай і праўдаю да добра помню 17 студзеня 1964 года.
I ён замоўк, задумаўся.
А дзе потым кашалёк дзеўся? спытаў Вінярскі.
Згубіў. Але ўжо з грашыма! Такая ўжо наша беларуская доля падбіраць пустое, а губляць поўнае
Не, усё не тое, гнуў Васіль. Галоўнае не душа, а любоў да Радзімы і каханне да жанчыны
Вось, правільна! адразу ж падтрымаў Сымон, але было відаць, што ён падтрымаў бы любыя Васілёвыя словы.
Вінярскі ўспомніў дзяўчыну на могілках, падобную на манашку, і другую дзяўчынку-красуню ў чорнай хустцы, і яму таксама, як і Сымону, захацелася неяк пахваліць бялявага, паддобрыцца да яго.
Якая прыгожая ў цябе дзяўчына, Васіль, сказаў ён. Я бачыў там, на могілках
Міла гэта цуд. Яна добрая, прыгожая, кахае мяне а цяпер, пасля смерці бацькі, я зусім адзін у яе астаюся Але, сябры мае, я ўсё ж творчая натура!.. Мае нервы ўвесь час узвінчаны, мне трэба альбо цыгарэта, альбо гэтая вось чарка, альбо нешта яшчэ новае Навая дзяўчына! Я разумею, што гэта спальвае мяне, як свечку, з двух канцоў, але і рады быць бы іншым, ды не магу. Мне хочацца быць паўсюль адначасова: то ў вёсцы, у хаце, жыць аднаму, то праз момант апынуцца на ялцінскім пляжы, сярод людзей, нырнуць да самага дна, каб салёная вада зайшла ў нос, то хочацца пажыць у сямі жанатым, паважным, каб іншыя зайздросцілі, то праз міг хочацца стаць жабраком, гнаным бомжам, ад якога ўсе адварочваюцца, але ў якога на душы ціха, спакойна, нічога ні ад кога не трэба, а яшчэ праз міг хочацца быць самым багатым чалавекам зямлі, шахам, са сваім гарэмам Міла дзяўчына, якія, можа, нараджаюцца раз у сто гадоў, мне яе Бог паслаў Чаму я, Вінярскі, і не вінавачу цябе так выйшла, што сваім свінствам ты памог мне пазнаёміцца з яе бацькам, Стэльмахам Іванам Змітравічам-нябожчыкам Такой дзяўчыны і жонкі пашукаць. Але
«Ведае! з незвычайнай яснасцю, якая бывае толькі ў пяных, думаў Вінярскі. Ведае і тое, што Міла хворая, і трэба аперацыя, і што грошы ў мяне»
Але Міла гэта чыстае, нявіннае дзіцё. Вось ты, Вінярскі, спаў калі-небудзь з прастытуткаю?
Я спаў! адазваўся Сымон.
Вінярскі прамаўчаў. Ён успомніў Жану.
А я ніколі, сказаў Васіль. Я здагадваюся, што гэта бруд, пошасць і пошласць, але мая дурная натура хоча і гэта паспрабаваць! З аднаго боку чыстая, светлая Міла, як сама душа, з другога якаясьці здаровая, цынічная, распусная
Дастаеўшчынка, умяшаўся Сымон.
Не ведаю, што гэта, але мяркуйце самі: калі такая дрэнь пасялілася і жыве ў мяне ў галаве, як я магу ажаніцца з Мілаю? I жыць потым, ірвацца некуды і невядома чаго хацець? Жаніцца я павінен чысты у тым сэнсе, што ў мяне павінна быць чыстая душа; я павінен быць упэўнены, што ў бруд мяне больш не пацягне, я з уласнага вопыту ведаю, што па чым, і тады я змагу аддаць Міле ўсяго сябе, дарэшты Пакуль жа мяне нешта мучае, я хачу знайсці прычыну і пазбавіцца ад яе.
Фрэйдызм, канстатаваў Сымон.
Ізноў выпілі, на гэты раз многа, амаль па поўнай шклянцы, ізноў пабег да стойкі Васіль
Вінярскі нечакана для сябе раптам заспяваў:
Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт
Стары адразу ж падцягнуў:
Як граў раз на дудцы нябожчык Вінцэнт
«Гэта проста нейкі гімн іхні Ах, што за цікавыя людзі! Як добра, лёгка з імі!..»
Калі Васіль вярнуўся са звычайным сваім наборам, Вінярскага ўжо зусім развезла і ад таго, што вопыту такога, як у сваіх новых кампаньёнаў, не меў, і ад духаты ён так і не здымаў куртку. Колькі яшчэ пілі і пра што гаварылі Васіль з Сымонам, ён не ведаў, бо проста заснуў. Апамятаўся ён на вуліцы, у прыцемках. Васіль, трымаючы яго пад пахі, саджаў у машыну.
Дзе ты жывеш?
У Вяснянцы, ледзь прагаварыў Вінярскі.
Ну і добра Па дарозе.
Даехалі хутка, выбраліся з таксі каля нейкага падезда. Васіль паспрабаваў завесці Вінярскага ў гэты падезд, Вінярскі заўпарціўся.
Я ведаю, куды ты мяне вядзеш! упіраўся ён. Але ўсё роўна люблю цябе Гадзіннік прапіў Ты будучы наш гонар! казаў ён Сымонавымі словамі і чамусьці ніякіх іншых не мог падабраць. Н-на!.. дастаў і пачаў піхаць у рукі Васілю пакунак з далярамі, і адпусці мяне