Можна вас?
Перад ім стаяла ўдава і працягвала руку, нібы хацела схапіць яго за куртку і не адважвалася.
Я назірала за вамі мне трэба пагаварыць Яна дастала з рукава насоўку і доўга смаркалася, але калі зноў загаварыла, голас быў такі ж прастуджаны. Мне сказалі, вы працавалі з маім мужам?
Так, адказаў Вінярскі і, не вымаючы рук з кішэняў, правай прыціснуў да жывата пакунак.
Я хачу вас папрасіць Я вельмі прашу вас!.. Яна зноў пачала смаркацца, заплакала, выціраючы насоўкай слёзы.
Я вас слухаю, супакойцеся.
Можа, вам Ваня нешта паспеў сказаць перад смерцю?
Супакойцеся, я вас слухаю, другі раз прамармытаў Вінярскі, быццам перад ім была адна з ягоных пацыентак. Мне шкада вашага мужа Я разумею вас, спачуваю, але мы не былі сябрамі з Іванам Змітравічам Так выйшла. У яго былі свае праблемы, у мяне свае Мы мала гаварылі.
Ён так цёпла згадваў вас!
Вінярскі паціснуў плячыма, паказваючы, што і рад бы, ды памагчы не можа, і павярнуўся, каб ісці. Удава забегла наперад, схапіла яго за рукаў і нагнула блізка да свайго твару.
Я прашу вас, малю на каленях!.. У Вані былі грошы, многа грошай!.. Ён не мог памерці, нікому не сказаўшы, дзе яны! Я абшукала кожны куточак вашага кабінета Вы ведаеце, дзе грошы я бачу па вас!..
На секунду Вінярскі нібы акамянеў. Нейкі голас крычаў у ім: «Аддай! Зараз жа дастань пакунак і аддай, ты ж і ўзяў яго сюды знарок, каб аддаць!» Другі голас ціха, але неяк і больш уладна шаптаў: «Аддаць?! Як? Вось тут, пры ўсіх, дастаць і аддаць? Варяцтва! Першае ж пытанне адкуль у мяне гэтыя грошы? Адкуль у цябе грошы чалавека, які вунь ляжыць у зямлі, мёртвы? Ці не звязаны ты з яго смерцю? I ці ўсе тут грошы? Можа, аддаеш толькі частку? Адчэпнага?..»
За апошнія два дні пасля смерці Івана Змітравіча Вінярскі змяніўся моцна. Два дні і дзве бяссонныя ночы вымучылі яго. Гэта быў ужо не той Вінярскі упэўнены ў сабе эгаіст, які ганарыцца сваім эгаізмам і ставіць яго вышэй за ўсё на свеце. Атручаны мепрабаматам, аслаблены бяссонніцай, яго мозг ужо не мог працаваць, як раней, лагічна. Вінярскі даходзіў да таго, што пераставаў пазнаваць самога сябе, не ведаў, што яму хочацца, што ён можа зрабіць праз хвіліну, не кажучы пра больш аддаленыя планы. Былі моманты, калі ён, бяссоннай ноччу седзячы ў крэсле, казаў сабе: «Зараз пайду папю вады», уставаў, ішоў на кухню, але замест вады даставаў з халадзільніка кавалак сыру і еў яго. Ад таго, што ён перастаў пазнаваць сябе, Вінярскаму было страшна, але найбольшы страх узнікаў тады, калі ён набліжаўся да «дыпламата» з грашыма альбо калі нават проста думаў пра гэтыя даляры Стэльмаха, калі пачынаў прыкідваць, што з імі рабіць, як лепш імі распарадзіцца. Ён разрэзаў нажоўкаю «дыпламат» на часткі, выкінуў, але нічога не змянілася, да пакунка з далярамі гэтак сама страшна было набліжацца і страшна было думаць пра іх. Мала-памалу ў ім выспела рашэнне рашэнне бязглуздае: ад грошай трэба пазбавіцца.
Калі б яму тыдзень назад хтосьці сказаў, што ў яго будуць пачкі даляраў, а ён не знацьме, што з імі рабіць, будзе шукаць спосабу пазбавіцца ад іх Вінярскі параіў бы такому «прароку» пайсці палячыцца. Але чалавек часта не ведае самога сябе. I выходзіла: як раней Вінярскаму было зразумела, што для таго, каб жыць, трэба любымі сродкамі здабываць больш грошай, так і цяпер ён яшчэ больш зразумеў для таго, каб не зваряцець, трэба пазбавіцца ад іх. I калі сёння пад раніцу ён зразумеў гэта, яму ўпершыню за гэтыя двое сутак стала лёгка, як некалі ў дзяцінстве, і слёзы радасці пацяклі па шчоках. Хай слабасць, бесхарактарнасць, труслівасць жыццё даражэй. Усё навідавоку. Грошы ёсць, ляжаць яны страшныя, жыцця няма. Падумаеш, як вяртаеш іх, выкідваеш, пазбаўляешся неяк ад іх ёсць жыццё, ёсць ранейшы, дужы, ганарысты, упэўнены ў сабе Яўген Вінярскі.
I вось удава стаяла перад ім, і вочы яе малілі, крычалі, прасілі Аддаць! Але як аддаць?..
Усё гэта, пакуль скамянелы Вінярскі стаяў і спалохана, зверху ўніз, глядзеў на жанчыну, на яе стаптаныя, у гліне, суконныя боцікі, пранеслася ў ім за лічаныя секунды.
Што вы?.. вымучыў ён з сябе, тузаючы рукою, каб вызваліцца. Што вы кажаце? Першы раз чую Мне трэба ісці, прабачце!..
Удава адпусціла рукаў.
Калі так, зусім іншым голасам сказала яна, тады будзем спрабаваць інакш!
I яшчэ нешта казала ўслед, але Вінярскі ўжо не чуў; праклінаючы сябе, ён хутка, не азірнуўшыся, пайшоў па цэнтральнай дарожцы да выхаду з могілак. На вуліцы ён прыхінуўся спіною да мокрага бетоннага слупа, доўга прыкурваў адсырэлую цыгарэту трэба ж было яшчэ локцем прытрымліваць пакунак за пазухай «Зараз я яго выкіну! Вось сюды, у гэтую урну каля варот!» Поўны рашучасці, ён сунуўся да сметніцы, як раптам убачыў, што па дарожцы да выхаду ідзе той самы малады чалавек у светлым касцюме, з белымі валасамі-буклямі, які быў галоўны на пахаванні.