Вінярскі слухаў перашэптванні за спіною, не зводзіў вачэй з жанчыны ў чорным, што стаяла каля труны, і, як і ўсе, жадаў, каб гэта хутчэй скончылася. Тады ён падыдзе да жанчыны Але пакуль трэба чакаць.
Так атрымалася, што Вінярскі, дажыўшы да дваццаці васьмі гадоў, ні разу не бачыў сапраўднага, «жывога» пахавання. Гэты працэс ён уяўляў сабе з кніг альбо з фільмаў, часцей за ўсё з кінакамедый, дзе вывальвалася з рук труна, разбівалася і аказвалася, што ў труне быў не нябожчык; альбо пяныя музыкі замест жалобнага пачыналі раптам іграць вясёлы марш; альбо ў апошні момант выяснялася, што хаваюць не таго, па кім плачуць удава і дзеці Ён чамусьці нават не верыў, што ў сапраўдным жыцці каля труны бываюць прамовы з банальнымі словамі: «Вось і пайшоў ад нас», галашэнні і развітанні, калі блізкія, перад тым як закрыць века, нагінаюцца і цалуюць нябожчыка ў лоб Яму здавалася, што ўсё гэта адбываецца неяк прасцей, хутчэй, проста пастаяць трохі людзі каля труны, памаўчаць, закапаюць яе і разыдуцца.
Але была і прамова Сцяпанаў, трымаючы ў руцэ мокры капялюш і гледзячы чамусьці не на нябожчыка, а ў яму, доўга гаварыў, што «коллектив клиники скорбит и от лица всех тех, которых вернул к нормальной жизни Иван Дмитриевич»; было развітанне і ўдава, укленчыўшы над труною, доўга галасіла і не хацела ўставаць, і яшчэ людзі падыходзілі і схіляліся над тварам і складзенымі рукамі нябожчыка; і падобная на чарапаху вахцёрка, якая адчыняла Вінярскаму дзверы клінікі ў той вечар, гучна сказала: «Дай Бог кожнаму так жыць і так памерці!..»
Раптам Вінярскі насцярожыўся. Да труны ступіла маладая дзяўчына, таксама, як і ўдава, уся ў чорным, падобная на манашку з фільмаў, апусцілася на адно калена і ўпала тварам на нябожчыка, абхапіла рукамі труну, быццам хацела адцягнуць яе ад краю ямы У той жа момант з натоўпу вылучыўся малады чалавек, падышоў да дзяўчыны, абняў за плечы, ледзь не сілаю адарваў ад труны і адвёў убок. «Тая самая, Міла», падумаў Вінярскі, чамусьці злуючы на сябе, што так і не паспеў разгледзець дзяўчыну ў твар. Затое хлопца ён разгледзеў добра. Хлопец быў высокі, з белымі доўгімі валасамі, якія, мокрыя, скручаныя, віселі ледзь не да плячэй і нагадвалі знарок завітыя буклі; ён быў у светлым касцюме, у стракатым гальштуку і, як для пахавання, выгляд меў даволі франтавы. Вінярскаму хлопец падаўся ганарыстым і самаўпэўненым. «А гэта жаніх, той самы, Васіль, паэт Усё, я ўспомніў яго!»
Апошняю развітвалася дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, у накінутай на плечы хустцы. «Міла, старэйшая мая, прыгадаліся Вінярскаму словы Стэльмаха. А гэта, значыць, меншая». Ён адступіў трохі ўбок, каб лепш разгледзець дзяўчынку, і незнарок стукнуўся аб акацыю. Халодныя кроплі пасыпаліся на галаву, за каўнер, і Вінярскі здрыгануўся але невядома ад чаго: ад кропель ці ад таго, што ўбачыў твар дзяўчынкі. Абрамлены чорнай хусткай, белы тварык яе быў прыгожы да ненатуральнасці, як у анёлаў на маляваных абразках. «Хацеў бы я паглядзець, хто ён, каму такія жонкі дастаюцца», падумаў Вінярскі і зараз жа зноў падумаў, што і старэйшая, Міла, відаць, такая ж, калі не большая, красуня, а дастаецца яна ў жонкі вось гэтаму, бяляваму. Так што глядзі, каму такія дастаюцца
Між тым малады чалавек і дзяўчынку прыабняў за плечы і адвёў убок, да маці з сястрою. Было відаць, што ён у гэтай сямі чалавек свой. Паводзіўся ён смела, упэўнена, увогуле было адчуванне, што ён на гэтым пахаванні галоўны, адзін ведае, як, што і калі трэба рабіць. Вось ён шапнуў штосьці ўдаве, і тая закрыла твар рукамі, потым падышоў і шапнуў штосьці Сцяпанаву. Сцяпанаў махнуў рукою і каля труны аднекуль зявіліся рабочыя ў спяцоўках, хуценька наклалі века, застукалі малаткамі Ударыў бубен, зазвінелі адна аб адну талеркі, і першы рэзкі гук трубы разарваў мокрую прыціхласць, ірвануўся некуды праз дождж, вышэй дрэў, вышэй хмар, некуды аж у неба
Вінярскі, убачыўшы, што ўдава не глядзіць, як закопваюць, а стаіць адна, абапёршыся на агароджу чужой магілкі, пачаў асцярожна прабірацца туды. Раптам яму здалося, што нехта паклікаў яго: «Вінярскі, чакай!» Ён азірнуўся нікога, але пакуль разглядаўся, удавы каля агароджы ўжо не было. Вінярскі, аднак, выйшаў на тое месца, пачаў абціраць аб траву каля агароджы чаравікі, запэцканыя ў гліну.
Можна вас?
Перад ім стаяла ўдава і працягвала руку, нібы хацела схапіць яго за куртку і не адважвалася.
Я назірала за вамі мне трэба пагаварыць Яна дастала з рукава насоўку і доўга смаркалася, але калі зноў загаварыла, голас быў такі ж прастуджаны. Мне сказалі, вы працавалі з маім мужам?