Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.
А як яго знайшлі?
З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.
Адтуль жа не відаць нашага акна.
Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.
Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:
Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца Ды і бачылі яго. Зайшоў і няма, і няма.
Ён Вінярскі сабраўся з духам, нічога не казаў?
Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць доктара ў бальніцы!
Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі нічога яшчэ невядома!
Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:
Я ў сябе буду, і пайшоў.
Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо
Вінярскаму ўявілася, як прыходзіць шчаслівы Іван Змітравіч, блізарукі, нават не заўважае, што з акном нешта не тое, становіцца на крэсла, корпаецца пад папкамі Пуста! Яму робіцца блага. Ён злазіць ці мо нават падае з крэсла Не, не падае! У тым і справа, што ён адразу здагадаўся, хто злодзей! I, не жадаючы «падстаўляць» яго, злодзея Вінярскага, зачыняе дзверцы, знаходзіць сілы злезці, адсунуць ад шафы крэсла і толькі тады валіцца на кушэтку Калі б ён пакінуў расчыненымі дзверцы ды крэсла каля шафы маглі б западозрыць, што яму стала кепска пасля таго, як ён нешта ўбачыў там, у шафе Ці павінен быў убачыць і не ўбачыў Пачаліся б разборкі, і рана ці позна выйшлі б на Вінярскага
Выходзіла, што стары доктар свядома, смерцю сваёй ратаваў Вінярскаму жыццё.
«Ды што за смерцю?! жахнуўся раптам Вінярскі. А калі выжыве?! А калі нават памрэ, перад тым, як памерці, тысячу разоў усё расказаць можа!»
Ён сяк-так паправіў шпінгалеты, закрыў акно хоць у вочы не так кідаецца, схапіў невядома чаму «дыпламат» і пабег да Сцяпанава.
Калі ён зайшоў, Сцяпанаў клаў на апарат тэлефонную трубку. Вінярскі глянуў яму ў вочы і ўсё зразумеў.
Трэба жонцы званіць ціха сказаў Сцяпанаў.
Вінярскі прысеў на крэсла каля парога. У вісках у яго тахкала: «Гэта я забойца, я забойца, я забойца»
VII
Дождж на пахаванні заўсёды натуральна; прырода нібы сама смуткуе па нябожчыку, плача, шкадуе яго Рэдкі дождж, нізкія цёмныя хмары, крыжы, помнікі, пах сырой могілкавай цвілі, высокія, мокрыя, строгія дрэвы, кроны якіх абляпілі чорныя вароны і зрэдку крычаць, у тон ціхаму галашэнню Усё гэта так падыходзіць да настрою людзей, што сабраліся разам, кінуўшы ўсе справы, на самую важную ў жыцці, самую страшную цырымонію назаўсёды закапаць у зямлю аднаго з іх.
Зрэшты, людзей на пахаванне Стэльмаха прыйшло нямнога. Дождж, нібы разумеючы, што гэта на развітанне, шчодра крапіў труну, белы, мёртвы твар чалавека ў труне, церусіўся на жоўты, гліністы жвір каля ямкі, і жвір проста на вачах меншаў, асядаў і нібы сам прасіўся, каб яго хутчэй вярнулі дамоў ссунулі назад у яму. Стоячы вакол ямы, людзі пераміналіся, пацепвалі плячыма, крадком пазіралі на нізкае неба, на гадзіннікі, перашэптваліся.
Якое дажджлівае лета
Труну, хоць труну трэба было ўзяць пад плёнку
Яму ўжо ўсё роўна
Не разумею, чаму нельга раскрыць парасон?..
На пахаванні розныя прыкметы, розныя рытуальныя дзеянні набываюць асаблівае значэнне нават самы зацяты які-небудзь нявернік міжволі пачынае сачыць за сабою і за іншымі і рабіць тое, што ўсе. Сапраўды, ніхто не раскрываў парасон, хоць наўрад ці хто ведаў, можна гэта ці не. Быццам нейкая ланцуговая рэакцыя ўзнікла паміж людзьмі, і адзін глядзеў на другога, і кожны баяўся першы зрабіць нешта будзённае, жыццёвае, што магло б парушыць цырымонію. Ніхто не курыў.
Вінярскі стаяў па другі ад труны бок ямы, утуліўшы галаву ў плечы, схаваўшы рукі ў кішэні курткі, пад густой акацыяй, з якой яшчэ больш, чым з неба, капала, і, як і ўсе, не раскрываў парасон, хацеў курыць, але не асмельваўся. Ён толькі ў думках хваліў сябе, што, збіраючыся сюды, у апошні момант замест свайго заўсёднага белага плашча надзеў шырокую скураную куртку. Цяпер было і цяплей, і куртка была чорна-шэрая не белы ж плашч на пахаванне! а самае галоўнае, куртка была прасторная і ўнізе, на поясе, сцягвалася, таму пакунка з грашыма, што ляжаў за пазухай, зусім не было відаць. I рукі былі вольныя.