Міліцыянер зняў фуражку, абапёрся шырокай задніцай на падаконнік.
Стэльмах (Іван Змітравіч зрабіў спробу ўстаць, капітан кіўком далоні паказаў, што можна сядзець), я буду зараз чытаць, а вы папраўляйце. I так, сёння, каля сямі нуль-нуль гадзін раніцы, вы адначасова з санітаркай Зінько Марыяй Зыгмундаўнай, полькай, 37-га года нараджэння, беспартыйнай, несудзімай, зайшлі ў свой кабінет і ўбачылі, што акно прачыненае
Так. Я яшчэ з двара ўбачыў, што нешта не тое, сэрца торгнулася. Я ж тут кожную трэшчынку ў сцяне ведаю, кожнае акенца усё ж трыццаць гадоў, як хаджу гэтым дваром
Вы падышлі да падаконніка і ўбачылі, што выламаныя шпінгалеты. У кабінеце вы хавалі грошы у якой колькасці?
Я называў ужо
Паўтарыце яшчэ раз. Якімі купюрамі і ў якой колькасці?
Амерыканскімі далярамі.
У якой колькасці?
Стэльмах чамусьці зірнуў на Вінярскага і другі раз за сённяшні ранак назваў суму. Вінярскі сядзеў, не ведаючы, на якім ён свеце. Галава балела і кружылася. Міліцыянер, пачуўшы суму, прысвіснуў.
Перад гэтым вы расказвалі пра грошы Вінярскаму, хірургу-асістэнту, больш пра месца знаходжання грошай ніхто не ведаў.
Ніхто
I ў вас ёсць падазрэнне, што грошы ўзяў менавіта Вінярскі. Вы хочаце ўзбудзіць супраць яго крымінальную справу?
Так, прашаптаў Стэльмах.
Напішыце ўнізе «з маіх слоў запісана правільна», і пастаўце аўтограф.
Рука ў Стэльмаха так дрыжэла, што следчы прамовіў:
Спакойней, не вы ж укралі, а ў вас. Цудоўна Вінярскі імя, імя па бацьку. Год нараджэння, дата, месца. Нацыянальнасць. Хатні адрас. Ці былі судзімасці? Прыводы ў міліцыю?
Атрымаўшы адказы, запісаў і, ні пра што больш не пытаючыся, падняўся з-за стала.
Пойдзеце з намі.
Вінярскі торгнуўся назад, да сцяны, і міліцыянер адразу ж зрэагаваў: выпраміўся, прайшоў і стаў каля дзвярэй, насмешліва пазіраючы на яго.
Я прашу вас, таварыш (абвостраная прага ратунку падказала Вінярскаму, што трэба спадабацца капітану) таварыш палкоўнік!.. Выслухайце мяне!
Дзеля гэтага мы вас і забіраем. У нас будзе дастаткова часу, следчы зрабіў паўзу, каб выслухаць вас.
Паслухайце цяпер, я прашу! замаліўся Вінярскі, жадаючы толькі аднаго: каб не ў гэтую вось хвіліну, яго павялі праз увесь калідор. Так, учора Іван Змітравіч расказваў мне пра нейкія грошы!.. Але я не слухаў яго, ніколі не слухаю, я не зразумеў нічога!..
Ну? суха сказаў капітан.
Але чаму вы не пытаецеся, адкуль у такога чалавека такая сума? Паглядзіце на яго! Чаму вы яму верыце на слова?
Ай-яй, што ж я нарабіў казаў Стэльмах, закрываючы далонямі вочы і нахіляючыся разам з крэслам наперад, нібы вось-вось збіраўся ўпасці.
Таварыш палкоўнік, я прыпамінаю учора Стэльмах казаў, што гатоў пайсці на любую подласць украсці, абрабаваць каб толькі зарабіць грошы!.. Было такое, Іван Змітравіч?
Ай-я-яй казаў Стэльмах.
Таварыш следчы гэта звычайная правакацыя! горача даказваў Вінярскі. У ім загарэлася надзея. Выдумаць міфічную гісторыю пра даляры, падстроіць іхні крадзеж, зваліць на таго, каму гісторыя была расказана
Хадзем, хадзем, сказаў капітан, гледзячы на гадзіннік.
Міліцыянер ступіў да Вінярскага.
Але я не краў нічога!.. Іван Змітравіч, прызнайцеся хоць вы, скажыце, што ніякіх грошай не было!..
Што ж я нарабіў як заведзены, паўтараў Стэль-мах.
Тады забірайце і яго! крычаў ужо абы-што Вінярскі: нашто яму трэба было, каб забіралі і Стэльмаха?
Вінярскі з усіх сіл ірвануўся з наручнікаў, якія невядома адкуль узяліся на яго руках, і прачнуўся ён спаў апрануты, у крэсле, галавою на часопісным століку. Шыя і рукі пазацякалі і балелі.
Прачнуўшыся, яму захацелася прачнуцца яшчэ раз, каб і цяперашняе аказалася толькі страшным сном. Але зразумела было усё, больш прачынацца няма куды.
Была гадзіна ночы. Сон не прынёс палёгкі, мепрабамат не зменшыў страх. Усё яго наркатычнае дзеянне пайшло на тое, каб у сне змадэляваць рэальную сітуацыю, якую перад гэтым абдумваў Вінярскім на яве. Наперадзе была цэлая ноч са сваімі секундамі, хвілінамі і гадзінамі.
VI
Вінярскі выцягнуў «дыпламат», глядзеў на яго, гладзіў прабіты бок, і слёзы цяклі ў яго па шчоках. Потым апрануў плашч, не забыў парасон, ціхенька выслізнуў з кватэры, прытрымаўшы замок, і подбегам кінуўся з двароў на вуліцу, да запраўкі. «Дыпламат» ён захапіў з сабою.
Таксіст, нахабны, як і ўсе яны начным часам, назваў проста неверагодна вялікую суму. Вінярскі моўчкі адлічыў грошы і адразу расплаціўся.