Андрэй Федарэнка - Ціша (зборнік) стр 7.

Шрифт
Фон

 Паэзіі няма ў душах. Палёту думкі. Паэзія, каханне, прыгажосць для іх пустыя гукі. Сыночак,  пачынала прасіць Домна,  памірыцеся! Няможна так жыць, сорамна. Пра сына падумай, як яму жыць, як такое слухаць? У школу пойдзе, дражніць будуць, хто за яго заступіцца?

 За яго?  бацька прысеў, паклаў сыну далоні на плечы.  Вось за гэтага?

Петрык аддана глядзеў яму ў вочы.  Думаеш, яму прыемна будзе слухаць, што вас братамі Карамазамі дражняць?

 А ці ведаеш ты, што такое браты Карамазавы?  спытаў Марк у сына.

Петрусёк ведаў: па-мясцоваму карамазы азначала стракаты, рознакаляровы, а яшчэ нягеглы, абы-які. Бацька засмяяўся, лёгка пстрыкнуў яму па носе.

 Глыбока памыляешся! Гэта твор найвялікшага пісьменніка, ураджэнца нашай шчодрай на таленты непаўторнай матухны-радзімы Беларусі. Вось так. Каб ведаў. Твор, браце мой, настолькі геніяльны і тоўсты, што ніводзін чалавек пакуль не адужаў дачытаць яго да канца. Так што калі пойдзеш у школу, будзеш добра вучыцца можа, ты дасягнеш такіх вышынь, што дачытаеш. Так і запомні!

На другі дзень пасля абеду бацька павёз Петрыка купляць яму новую кашулю і сандалі. Зайшлі ў парк. Быў выхадны, працавала чортава кола, арэлі, карусель у выглядзе звяроў. Пакуль Петрык катаўся на шыі лебедзя, бацька купіў білет на экскурсійна-прагулачны цеплаходзік па Сожы.  Не забывай любавацца краявідамі, нагадаў бацька сыну перад тым, як ступіць на палубу.  Больш запамінай малюнкаў прыроды.

А краявіды і праўда былі прыгожыя. Вачам адкрываліся такія далі, што дух займала. Цеплаходзік плыў па сярэдзіне Сожа, левы бераг быў нізкі, роўны, бы засланы зялёным шаўкавістым абрусам, а правы адвесны, стромкі, магутныя дрэвы стаялі на самых кручах і трымаліся на адным толькі карэнні! Бацька перыядычна спускаўся з верхняй палубы на ніжнюю, дзе быў буфет, прыносіў сыну цукеркі, шакалад ці марожанае, і з кожным разам усё мацней любаваўся роднымі мясцінамі, голасна, на ўсю палубу прапаноўваў тое самае рабіць сыну і незнаёмым пасажырам.

 Якая багатая нашая матухна-радзіма! Што там твая Сібір, што Швейцарыя!  і Пятрусь бачыў, што пасажырам таксама перадаецца яго ўзнёслы настрой, яны часцей усміхаюцца і з падзякай, прыязна глядзяць на бацьку. І сам Петрык міжволі пачынаў адчуваць гонар за бацьку, і шчымлівую радасць, што нарадзіўся ў такіх чароўных мясцінах.

А бацька падміргваў сыну, складваў рупарам далоні, аддаваў каманды нябачнаму капітану: Кінь права! Мель па курсе!

Нарэшце супакоіўся, яны прыселі на лаўку. Петрык даведаўся многа цікавага; напрыклад, што звычайны бакен паказвае мель, а паласаты бела-чорны ці бела-чырвоны, азначае рэзкі паварот фарватэру; што розніца паміж прагулачным цеплаходзікам і Ракетай у тым, што Ракета ляціць на крылах амаль у паветры, а наш ціхаход мае асадку , але калі Ракета спыніцца, асадка ў яе.

Калі на беразе траплялася маленькая прыстань, бацька ўсклткваў: О, яшчэ дэбаркадэр!

Таксама сын папоўніў свае веды наконт таго, што дызель Ракеты турбіна заводзіцца сціснутым паветрам, 3 балоны па 150 атмасфер, а пасля матор пераходзіць на самаабслугоўванне: паветра ў цыліндры пампуе турбіна, а яе круцяць выхлапныя газы.

Петрыку надзьмула ветрам вочы і нос, ён абеўся марожаным, аж горла аблажыла, але ўсё адно быў шчаслівы і мог бы так плаваць цэлы дзень. Каля ўніверсама бацька зноў таямніча падміргнуў сыну, знік. Увечары, на пытанне маці: А дзе кашуля? Сандалі купіў? бацька зрабіў вінаваты і разам з тым хітры твар.  Не, не сандалі. Вось!

Урачыста падаў маці прадаўгаваты футарал.  Што гэта?  Паглядзі.

У футарале аказаўся залаты гадзіннік у форме сэрца на ланцужку.

 Вешаюць на грудзі, патлумачыў бацька.

 Тры,  сказала маці. Трэці гадзіннік дорыш. Куды мне іх чапляць? Куды я спяшаюся, што мне трэба пазіраць на іх? І так ты хочаш зэканоміць, назбіраць, накапіць грошай? Што толку ад тваіх заробкаў? Чацвёрты год, чацвёрты сезон Сын без цябе вырас, а ты без сына і жонкі Дома седзячы, больш зарабіў бы. Тут жа горад, працы хапае. Хоць бы ў нас у парніках Ці на аэрапорце, як Стэфан Ці як Карл Капора, на трактары І ездзіць нікуды не трэба, ні на якія заробкі, ні ў якую Сібір сядзіць дома, а ўжо кааператыў гатовы, ды які харомы, палацы!

Бацька хмурыўся.

 Капора А што ён ведае, акрамя свайго трактара? Хіба ён бачыў калі, як усход ружавее? Як распускаецца першая кветка? Дыхаў водарам тайгі? Начаваў каля начнога вогнішча з рыбакамі? Жыве кратом і памрэ як крот.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3