Калі па драбіне залезці на дах, ці ўскараскацца на разгаліну абрыкосавага дрэва і азірнуцца, можна было з вышыні ўбачыць усю Слабаду. У цэнтры, як гістарычны помнік, узвышаецца недабудаваная воданапорная вежа. Ад яе вядуць роўныя вулічкі, дзеляць Слабаду на няправільныя, але ўсё адно акуратныя квадраты і прамакутнікі з домікамі ў зеляніне садоў, з агародамі, што спускаюцца да безыменнай рачулкі. Адзін бераг у яе высокі, гэтак званы Вал, або Замчышча, хаця ніякага замка там няма ў паміне, а толькі сярод зараснікаў скрыпеня іван-чаю, крапівы і дзікага малінніку залежы старой чорнай клінковай цэглы, ды яшчэ калі патыркаць палкаю ці жалезным прэнтам, абавязкова ўпрэшся ў цвёрдыя парэшткі сцяны. А другі бераг нізкі, балацяністы, які паступова пераходзіць у падлесак, а потым, па меры ўзвышэння, у сапраўдны густы казачны сасновы бор, рай для гарадскіх і мясцовых грыбнікоў-ягаднікаў.
На поўнач ад недабудаванай вежы, далёка, кіламетры за тры, маленькі аэрадромчык мясцовага значэння усяго тры кукурузнікі і пяць верталётаў. На поўдзень, бліжэй да горада цяпліцы, дзе працуе Петрыкава маці. Яны крытыя бліскучай плёнкаю, здалёк падобнай на люстраную гладзь возера. Там нават зімой, ці ў пахмурную познюю восень ад спецыяльных лямпаў светла, як у ліпеньскі поўдзень, і расце зялёная цыбуля, часнок, квасоля, гуркі, памідоры, перцы, баклажаны Усё гэтае дабро затым укладваецца ў скрынкі, грузіцца ў машыны з будкамі і адбывае ў ненажэрны мікрараён.
А на захадзе, цераз поле, проста перад табой гарадскія пяціпавярховікі. Добра відаць крайнюю да поля вуліцу, па якой ездзяць машыны. Калі ж прыставіць да вачэй далоні біноклем, можна разгледзець нават маленькія фігуркі людзей на прыпынку і ўбачыць, як да іх падпаўзае жоўты Ікарус 23, адзіны рэйс, які звязвае Чэшскую Слабаду з горадам. Калі не лянуешся і маеш вольны час, можна прасачыць увесь яго далейшы рух. Вось ён забярэ пасажыраў, паверне ў канцы вуліцы, расцягнуўшы на баку свой гармонік, схаваецца ў пералеску, ізноў выплыве цяпер бліжэй, у раёне аэрапорта, а праз якіх дваццаць хвілін ён ужо каля Петрусёвага дома! Тут таксама сапраўдны гарадскі прыпынак, з указальнікам Чэшская Слабада, нават з пешаходным пераходам палоскамі зебры ўпоперак асфальтаванай вуліцы. Далей прыпынкамі будуць Воданапорная, Парнікі, Школа, чарговы паварот і вось так, апісаўшы авал, Ікарус зноў апынецца на той самай крайняй да поля гарадской вуліцы, якую відаць адсюль, і перадасць ёй ад Петрыка прывітанне.
2
І гэты авальны маршрут аўтобуса, і ўсё, што знаходзілася ўсярэдзіне авала: ціхая, дачная Слабада са сваімі студнямі і пеўнямі, домікі, садзікі, агароды, дарога, лес, поле, краявід горада, і рачулка, якая таксама акружала Слабаду, нібы акальцоўвала яе, усё было надзвычай талкова прадумана некім. А яшчэ стварала адчуванне ўтульнасці і бяспекі.
Нават тое, што бацька не жыве з імі, амаль не бывае дома, мала бянтэжыла Петрыка. Яму і так някепска жылося. Маці з бабуляй любілі яго, песцілі. Паміж сабой у адрозненне ад Домніных сыноў амаль ніколі не сварыліся. Домна звала нявестку доня, а нявестка яе мама і на вы. Хіба што зрэдку, калі маці прыходзіла з парнікоў асабліва натомленая, а баба Домна, наадварот, кулікнуўшы пару чарачак абрыкосавай, была ў прыўзнятым настроі, нявестка магла адпусціць на адрас свякрухі пару зедлівых кшталту: Пры жывым мужы быць саламянай удавой Усе семі як семі, а мой капітан
Звычайна бабуля вінавата адмоўчвалася. Толькі прасіла ціха: Не сварыся, донечка Я не сваруся, мама! Я проста так кажу! Былі б грошы не было б клопату
Ужо гэтыя грошы! З чаго б маці ні пачынала, абавязкова на іх збівалася. Яна нібы проста так, сама сабе, як бы паміж іншым пачынала ўпікаць бабу Домну, што тая удава героя вайны, жонка загінуўшага франтавіка, вось цэлых адзінаццаць гадоў не хоча атрымліваць законную грашовую дапамогу, гэтак званыя ўдовіныя. Гэта ж столькі грошай ляснула падумаць страшна!
І ўсё з-за драбязы (лічыла маці), ад гонару, звычайнага капрызу. Начальства ўсяго толькі хацела перанесці прах Андрэя з слабадскіх могілак ў брацкую магілу каля аэрадрома, а Домна не давала дазволу. Прычым у такой рэзкай форме, што начальству хоць вушы затыкай.
Адступіцеся! Я не ведаю, каго вы там у вашай братняй магіле пазбіралі ды пазакопвалі! Не ў нашай, цярпліва папраўлялі яе. Не наша яна, а агульная. Гэта народны сімвал.