Сяргей Ваганаў - Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Шрифт
Фон

Сяргей Ваганаў

Мосцік над вечнасцю

Нарысы і эсэ

© Сяргей Ваганаў, 2016

© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2016

© ПУП «Кнігазбор», 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Да чытача

Шаноўны чытач! Кніга, якую ты чытаеш, часткова друкавалася ў газетах «Народная Воля» і «Наша Ніва» пад рубрыкай «Камертон». Гэта нарысы і эсэ пра розныя падзеі, часам нават як бы нязначныя. Агульнае, што яднае іх, гэта Памяць. Мне заўсёды здавалася, што зразумець сучаснасць і зазірнуць у будучыню немагчыма без памяці пра мінулае, без адчування няспыннай плыні жыцця. Свайго жыцця, сваёй сямі, грамадства, краіны.

Толькі праз такое адчуванне памяць уплеценая ў кожнае цяперашняе імгненне.

Толькі праз такое адчуванне жыццё падаецца бясконцым.

І. Па кім маўчыць звон

Чалавек рэдка зважае на сваё здароўе, калі нічога не баліць. А калі нават пабольвае, трывае. Бо звык. Між тым хвароба паціху падточвае ягоны арганізм і ўрэшце выбухае нясцерпным болем. Так здараецца і з грамадствам

Пераходны перыяд

31 снежня, літаральна за некалькі гадзін да Новага году, раптам высветлілася, што недзе згубіліся лямпачкі на ялінку. У пошуках я натыкнуўся на пашарпаную скрынку з-пад цукерак, а ў ёй паперкі, на якія даўно забыўся. «Глянь ты, чэкі, з пэўным здзіўленнем вымавіў я.  Колькі яны тут праляжалі?» «Бяжы па лямпачкі, адазвалася жонка.  Пакуль няма лямпачак, нельга вешаць цацкі» «Бяжы, бяжы Ты ведаеш, колькі яны зараз каштуюць? Тысяч 150, не меней Слухай, а давай замест лямпачак гэтыя паперкі падвесім. Бачыш, як яны гараць сінім полымем? Вось маіх бацькоў чэкі, і сястры, і тваёй маці, і нашы з табой Усё напрацаванае за іхняе і нашае жыццё» «Не марнуй час,  раззлавалася жонка,  бяжы»

Праз колькі хвілін я ўжо бег на Камароўскі рынак, на падыходзе да якога патрапіў у натоўп, сціснуты ў прыцемках падземнага пераходу. Не, ён рухаўся ў абодва бакі не так ужо й марудна, нават хутчэй, чымсьці я спрабаваў бегчы. Але з той натоўпнай хуткасцю, якая заўсёды замінае асабістаму руху

Шукаючы сваю сцежку між сотнямі людзей, я кідаўся ва ўсе бакі, пакуль не прыціснуўся да сцяны. І раптам пачуў нейкі дзіўны гук.

Праз цяжкую вільгаць падзямелля, быццам аднекуль здалёк, даносілася дрогкая, прарэзлівая і адначасова журботная мелодыя. Паціху, паціху ўздоўж сцяны, абмінаючы бабулек, што прадавалі вязаныя шкарпэткі, хусткі, ручнікі і абрусы, я праціснуўся да таго месца, адкуль лілася мелодыя.

Хлопчык гадоў дванаццаці, прыклаўшыся пачырванелай шчакой да скрыпкі, павольна вадзіў смыкам па струнах і час ад часу адкідваў саламянага колеру чупрыну. Ён, мусіць, толькі вучыўся граць, часта фальшывіў, я ніяк не пазнаваў мелодыю, пакуль ён не ўзяў некалькі чысцюткіх нот: «Ты ж мая, ты ж мая перапёлачка»

Натоўп рухаўся і рухаўся, не запавольваючы кроку, абмінаючы раскладзены перад музыкам чорны футляр з пацёртым бардовым аксамітам. Нябачна было аніводнага асобнага твару толькі твар натоўпу, ягоны злеплены адзіным клопатам твар. Хто-ніхто, праўда, кідаў усё ж нейкія грошы. А я, забыўшыся пра лямпачкі, глядзеў і глядзеў на хлопца, на ягоны непаслухмяны смык, і ўсё намагаўся зразумець, што ж адбылося ў гэтым пераходзе за доўгі час. Не «Раскинулось море широко», не «День Победы», нават не «Стюардесса Жанна», якую мы з пісьменнікам Віктарам Казько чулі ў гэтым пераходзе напачатку 90-х. «Культура пераходнага перыяду»,  выдаў ён тады трапную фармулёўку. І вось здарылася, перайшлі пачулі, нарэшце, беларускую песню

Колькі ні жывём, думаў я, усё то маршыруем, то паўзём праз нейкі «пераходны перыяд».

І дзяды, і бацькі нашы ўсё пераходзілі да розных сацыялізмаў і камунізмаў «праз 20 год»

І мы, ужо самі бацькі і дзяды, усё пераходзім да «незалежнасці і дэмакратыі» на чале з дыктатурай

І вось ужо дзеці нашы і ўнукі пераходзяць і пераходзяць да ўсяго, што трапляе на гнуткі язык праўладных ідэолагаў і прапагандыстаў

Што за пачвара загнала і вядзе нас па цьмяным пераходзе, ператвараючы нашы твары ў нейкі адзін твар то агрэсіўнага, то абыякавага натоўпу?

Здавалася б, што дрэннага: з аднаго боку пераходу філармонія, з другога рынак. Хадзі туды-сюды, купляй кітайскія лямпачкі, слухай сусветную класіку, атрымлівай, хто якую можа, асалоду ад жыцця

Але чамусьці не атрымліваецца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3