Адчайны, патрабавальны дзіцячы покліч узняўся пад столь, агаласіў паўсонны будынак. З калідора данёсся тупат, пакаёўкі Маря і Гапа паказаліся ў дзвярах. Але Любаша іх ужо не бачыла. Тарганулася раз і другі на прасціне, ціха ўскінула ўгору руку і тут жа апусціла яе долу. Пакаёўкі падбеглі да яе, разагналі дым рукамі, узяліся збіваць агонь. Немаўля ва ўзножжы зноў заквіліла. Маря, старэйшая і больш дасведчаная, памкнулася да яго, хуценька перагрызла зубамі пупавіну.
Лекар Фокс жвава выскачыў з экіпажа, імкліва падняўся па прыступках на шырокі, упрыгожаны чатырма ружовымі вежамі ганак графскага дома.
Нарэшце! выгукнула з палёгкай Марыя Іпатаўна і кінулася яму напярэймы. Сюды, пане Эдгар!
Любаша, белая, з пасамі воглых валасоў на лбе, нерухома ляжала на ложку.
Выйдзіце ўсе!
Дзеўкі, а з імі і графіня выйшлі з прапахлага дымам пакоя, збіліся гуртам у калідоры.
Праз колькі хвілін са спальні зноў пачуўся голас лекара. Марыя Іпатаўна распіхнула чалядніц, рынулася на яго.
Дзяўчынка. Фокс няспешна памыў рукі, выцер іх ручніком. Затым падышоў да Любашы, узяўся мацаць пульс.
Графіня!
Марыя Іпатаўна, якая дагэтуль утрапёна глядзела на немаўля, рэзка выпрасталася. Адна з пакаёвак, здагадаўшыся, што да чаго, узахліпкі загаласіла.
Прыадчыненае акно расхінулася насцеж, натужліва скаланулася шыбінай.
Затохлася, зніякавелым голасам прамовіў Фокс.
Марыя Іпатаўна схапіла з шафачкі люстэрка, паднесла да вуснаў Любашы.
Спэцканая рaгамі сажы люстраная паверхня маўчала.
Граф Андрэй Мікалаевіч, саракагадовы мужчына з доўгімі, па модзе, бакенбардамі, сядзеў у кабінеце, гартаў паперы. У фатэлі насупраць Марыя Іпатаўна займалася пруткамі.
Дрэнь усё!
Што такое, Андрэй? па твары графіні прабег цень заклапочанасці.
Горш не бывае. Собіла мне даверыцца гэтаму Козыраву. Усё абы-як, да ручкі дабіў маёнтак. На, сама паглядзі.
Графіня колькі хвілін няўцямна глядзела на паперы.
Што гэта? Я нічога не разумею. Растлумач даходліва.
Табе з Алёшам давядзецца пераехаць у Крайну, вось што.
Мне? у голасе Марыі Іпатаўны прагучалі і страх, і нязгода. А ты?
Тут застануся, ціха, але цвёрда сказаў граф. У мяне месца тут, сама ведаеш, як нялёгка яно дасталося. Ён падышоў да жонкі, узяў за руку. А ты разумніца, хутка навядзеш там парадак.
Ці здолею я?
Здолееш. Фелікса Дыбу, тубыльца, замест Козырава возьмем правіць, і ўсё наладзіцца.
Хто такі Дыба?
З ліцвінаў пераселеных. Ён у Крайне ўжо. Не бойся, ён хоць і з паўстанцаў, чалавек памяркоўны. І галоўнае працавіты.
Графіня ўздыхнула. Адезд з горада, ад дабротаў, да якіх прывыкла змалку, яе палохаў. Але пярэчыць мужу не хацелася, і яна пайшла на хітрасць.
А з Пелагейкай што?
З Пелагейкай? Андрэй Мікалаевіч на хвіліну задумаўся. За лёс дзяўчынкі, бацька якой, ягоны бесталковы стрыечны брат-няўдаліца, згінуў падчас бойкі з-за нейкае жанчыны, а маці, выхавацелька іх адзінага з Марыяй Іпатаўнай сына Алёшы, памерла пры родах, ён, чалавек чуллівы і сумленны, адчуваў адказнасць не меншую, чым за лёс уласнага сына.
Два месяцы дзіцяці, хай бы акрыяла, даводзіла сваё Марыя Іпатаўна.
Няхай будзе па-твойму, задаволены, што ўрэшце перамога, хоць і з пэўнымі саступкамі, засталася за ім, пагадзіўся граф. Падрасце дзеўка, па вясне выпраўлю з нянькаю да вас у Крайну. А можа, і сам к таму часу перабяруся.
Добра, Андрэй, як скажаш.
Марыя Іпатаўна ўстала, пайшла да дзвярэй.
У бальнай зале дзевяцігадовы Алёша раскрэсліваў крэйдаю на падлозе квадрацікі для гульні ў класы.
Плача, чуеш, мама? сказаў і схаваў за спінаю перапэцканыя крэйдай рукі.
Сапраўды, зверху, з-за галерэі, за якою адразу знаходзіўся дзіцячы пакойчык, даносіўся манатонны і працяжны, як скавытанне шчанюка, голас немаўляці.
Марыя Іпатаўна моўчкі прайшла паўз сына. Дзіцячага плачу яна заўсёды не любіла, а зараз, пасля непрыемнай размовы з мужам, і наогул не жадала чуць.
Дзяўчынка ікнула, зацерабіла ў паветры лыткамі, гарэзліва пацягнулася рукамі да сцяны, дзе вісела мапа.
Бач ты, вучонаю будзе наша Пелагейка. Палашка цмокнула малую, расшпіліла на грудзях кофту. Немаўля торкнулася вуснамі ў набрынялую грудзіну, смачна зацмокала.
У пакой увайшла Марыя Іпатаўна. Яна была апранута па-дарожнаму, у вачах свяцілася незадаволенасць.
Не плача?