Эдгар Аллан По - Маска Чырвонае Смерці (зборнік) стр 8.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 117 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Падзея выклікала шалёны гармідар, а малады дваранін тым часам сядзеў, занурыўшыся ў думкі, у вялізнай самотнай верхняй зале фамільнага палаца Метцэнгерштэйнаў. З багатых, хаця і выцвілых габеленаў панура глядзелі прывідныя велічныя абліччы тысячы яго знакамітых продкаў. Тут святары ў дарагіх гарнастаях і ўплывовыя біскупы па-сямейнаму сядзелі з уладаром і тыранам і накладалі вета на прыхамаці часовага караля ці адным папскім дэкрэтам спынялі мяцежны скіпетр архіворага. Тут цёмныя высокія постаці князёў Метцэнгерштэйнаў на мускулістых баявых конях скакалі па целах зрынутых ворагаў і палохалі рашучасцю людзей нават з самымі трывалымі нервамі і тут жа спакуслівыя лебядзіныя фігуры дамаў мінулых дзён праплывалі ў віхурах уяўных танцаў пад гукі выдуманых мелодыяў.

Але пакуль барон прыслухоўваўся ці ўдаваў, што прыслухоўваецца,  да ўсё большага хвалявання з нагоды стайняў Берліфітцынгаў, а можа, абдумваў яшчэ адну прыгоду, яшчэ адну рашучую і дзёрзкую ідэю, яго позірк мімаволі прыцягнула фігура велічэзнага каня незвычайнае афарбоўкі, выяўленага на габелене, што належаў сарацынскаму продку з сямі ворагаў. Конь нерухома, нібы статуя, стаяў на першым плане карціны, а на заднім плане пераможаны вершнік паміраў ад кінжала аднаго з Метцэнгерштэйнаў.

Калі Фрэдэрык заўважыў, куды несвядома скіраваўся яго позірк, на яго вуснах зявілася жорсткая ўсмешка, але вачэй барон не адвёў. Наадварот, ён ніяк не мог зразумець, што за неадольная трывога распасцерлася над ім шчыльным покрывам. З цяжкасцю прымірыў ён свае мройныя і бязладныя пачуцці з неабходнасцю абудзіцца ад іх. І чым даўжэй ён глядзеў, тым больш паглынала яго насланнё, тым цяжэй было паверыць, што ён здолее калісьці адвесці позірк ад гэтага зачараванага габелена. Але калі шум звонку раптам узмацніўся, ён адчайна сабраў сілы і скіраваў позірк на двор, дзе ўбачыў барвовыя водбліскі на вокны палаца іх кідалі ахопленыя полымем стайні.

Аднак рух гэты быў імгненны: позірк барона тут жа механічна вярнуўся да сцяны. На яго вялізны жах і здзіўленне, галава гіганцкага каня за гэты час змяніла становішча. Выгнутая дагэтуль шыя жывёліны, якая нібыта смуткавала над зрынутым гаспадаром, цяпер выпрасталася ў поўную даўжыню. Вочы, раней нябачныя, палка і амаль па-чалавечы гарэлі незвычайнай пякучай чырванню, а ў ашчэранай пашчы відавочна разятранага каня былі бачныя вялізныя агідныя зубы.

Скамянелы ад страху малады дваранін няўпэўнена рушыў да дзвярэй. Як толькі ён іх адчыніў, чырвоная ўспышка асвятліла пакой і кінула на габелен, які загайдаўся ад скразняку, выразна акрэслены цень, і барон скалануўся, убачыўшы, што калі ён на імгненне замарудзіў ля парога, цень гэты стаў у той самай позе і дакладна супаў з абрысам бязлітаснага пераможнага забойцы сарацына Берліфітцынга.

Каб трохі развеяцца, барон паспяшаўся на свежае паветра. Ля параднае брамы замка ён сутыкнуўся з трыма стайнікамі. Са страшнай рызыкай для жыцця яны ледзь стрымлівалі гіганцкага вогненна-рудога каня, які сутаргава і з неймавернай ярасцю спрабаваў вырвацца.

 Чый конь? Дзе знайшлі?  спытаў юнак хрыплым незадаволеным голасам, заўважыўшы, што лютая жывёліна перад яго вачыма нагадвае таямнічага скакуна з габелена.

 Ён належыць вам, сір,  адказаў адзін са стайнікаў.

 Прынамсі, ніхто іншы яго не шукаў. Мы злавілі яго, калі ён, увесь спацелы і ўзмылены ад шалу, выскокваў з ахопленых агнём стайняў Берліфітцынгаў. Падумаўшы, што ён з таго стойла, дзе стары граф трымае рэдкія пароды, мы адвялі яго назад. Але іхныя грумы не прызналі жывёліны, і гэта дзіўна: конь відавочна ледзь уратаваўся з агню.

 На яго ілбе добра відаць выпаленыя літары В, Ф і Б,  умяшаўся другі стайнік.  Вядома ж, я падумаў, што гэта ініцыялы Вільгельма фон Берліфітцынга, але ўсе ў іх замку сцвярджаюць, нібыта ніколі гэтага каня не бачылі.

 Проста неверагодна,  безуважна прамовіў барон, а думкі яго, відаць, луналі дзесьці далёка.  Маеце рацыю, конь цудоўны і нават дзівосны, хаця характар у яго, без сумневу, недаверлівы і непакорны Добра, хай застаецца ў мяне,  дадаў ён, падумаўшы.  Такі вершнік, як Фрэдэрык з Метцэнгерштэйнаў, зможа ўтаймаваць нават дябла, калі ён знойдзецца ў стайнях Берліфітцынгаў.

 Вы памыляецеся, уладару. Здаецца, мы сказалі, што конь гэты не з графскіх стайняў. Бо калі б ён належаў графу, мы не схібілі б і не дазволілі сабе зявіцца з ім перад кімсьці з вашай высакароднай сямі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3