Кнут Гамсун - Голад (зборнік) стр 5.

Шрифт
Фон

Праз некалькі хвілін, калі дама падышла да кнігарні Пашы, я ўжо стаяў каля першай вітрыны. Я зрабіў крок ёй насустрач і паўтарыў:

 Паненка, вы згубіце сваю кніжку!

 Але якую кніжку? пытаецца яна спалохана. Пра якую кніжку ён кажа?

І яна спыняецца. Я злацешна пасміхаюся, бачачы яе збянтэжанасць; разгубленасць у яе вачах захапляе мяне. Ёй аніяк не зразумець той роспачы, што рухае мною, у яе няма абсалютна ніякай кніжкі, ніводнага аркуша якой-кольвечы кніжкі, але яна ўсё ж такі нешта шукае ў сваіх кішэнях, глядзіць сабе на рукі, круціць галавою, азіраецца, напружвае свае далікатныя мазгі, спрабуючы зразумець, пра якую гэта кнігу я кажу. Яна то чырванее, то палатнее, адзін выраз твару змяняецца на іншы, я чую, як цяжка яна дыхае, і нават гузікі з яе сукенкі глядзяць на мяне, нібы спалоханыя вочы.

 Не зважай ты на яго, кажа яе спадарожніца і цягне яе за руку. Бо ён жа пяны! Хіба ты не бачыш, што гэты чалавек пяны?

Як ні быў я ў той хвілі далёкі ад самога сябе, цалкам падначалены дзіўным і нябачным сілам, аднак тое, што дзеялася навокал, не магло выслізнуць з-пад маёй увагі. Вось вялікі рыжы сабака пабег цераз вуліцу да бульвара, а адтуль далей уніз, у бок Тывалі; на ім быў вузкі мельхіёравы аброжак. Крыху далей, на гэтай самай вуліцы, адчынілася акно на другім паверсе, адтуль высунулася пакаёўка і, закасаўшы рукавы, пачала церці звонку шыбіну. Нічога не выпадала з-пад маёй увагі, я быў абсалютна прытомны, розум мой быў ясны, усе ўражанні адбіваліся ў маёй свядомасці дакладна і выразна, нібы яркія ўспышкі святла. У абедзвюх дам, што стаялі перада мною, былі сінія пёры на капелюшах і шатландскія шаўковыя шалікі на шыі. Мне падалося, што яны сёстры.

Яны адышлі прэч, спыніліся каля нотнай крамы Сіслера і пачалі міжсобку размаўляць. Я таксама спыніўся. Потым яны абедзве павярнулі назад, абмінуўшы мяне, завярнулі на Універсітэцкую, а пасля скіраваліся да плошчы Святога Улафа. Я ўвесь час імкнуўся ісці за імі ўслед, наколькі мне гэта ўдавалася. Адзін раз яны абярнуліся, паглядзелі на мяне спалохана і ў той жа час з цікаўнасцю, прытым я ж бачыў, што яны не хмурыліся і твары іх не былі злоснымі. Яны гэтак цярпліва трывалі маю назойлівасць, што я ўрэшце засаромеўся і апусціў вочы долу. Мне не хацелася больш дакучаць ім, і я ўжо адно з пачуццём удзячнасці глядзеў ім услед, чакаючы, што вось зараз яны куды-небудзь зойдуць і знікнуць з маіх вачэй.

Каля вялікага чатырохпавярховага дома пад нумарам два яны абярнуліся яшчэ раз, потым увайшлі туды. Я прытуліўся да газавага ліхтара побач з фантанам і пачаў прыслухоўвацца да іхніх крокаў на сходах: крокі сціхлі на другім паверсе. І вось я адыходжу ад ліхтара, гляджу ўгару на вокны. І тут здзяйсняецца цуд: там, наверсе, калышуцца фіранкі, потым акно на вуліцу адчыняецца, адтуль выглядае твар, і яе цудоўныя вочы спыняюцца на мне. «Юлаялі!» шапчу я і адчуваю, што пачынаю чырванець. Чаму яна не паклікала на дапамогу? Чаму не скінула мне на галаву нейкі вазон з кветкаю або не паслала каго-небудзь прагнаць мяне? Мы абое не рушым з месца і глядзім адно аднаму ў вочы, гэта доўжыцца з хвіліну, думкі мітусяцца на прасторы ад акна да ходніка, але мы не кажам ані слова. Яна адварочваецца, і гэта адгукаецца ў мяне ў душы штуршком, ледзь улоўнымі дрыжыкамі, я бачу яе плячо, потым спіну, і яна знікае ў пакоі. Знікае павольна, і рух яе пляча нібы знак мне, усёю сваёю істотай я адчуў гэтае цудоўнае вітанне, і мяне захліснула светлая радасць. Праз нейкую хвілю я павярнуўся і пайшоў уніз па вуліцы.

Я не наважваўся азірнуцца і не ведаў, падыходзіла яна яшчэ раз да акна ці не. Разважаючы пра гэта, я ўсё больш нерваваўся і не знаходзіў сабе месца. Магчыма, у гэты самы момант яна назірала за кожным маім рухам, і мне было невыносна ведаць, што за мною сочаць. Я трымаўся як мага больш выпрастаным і ішоў не спыняючыся, ногі мае дрыжалі, хада зрабілася няўпэўненай менавіта таму, што я хацеў ісці як мага больш зграбна. Імкнучыся здавацца спакойным і абыякавым, я недарэчна размахваў рукамі, сплёўваў і высока задзіраў нос, але дарэмна. Я ўвесь час адчуваў дапытлівы позірк у сябе за спінаю, і па целе маім прабягаў халадок. Нарэшце я схаваўся ў бакавой вулачцы, адкуль накіраваўся на Пілестрэдэт, каб забраць свой аловак.

Атрымаць яго назад я здолеў без усялякіх цяжкасцяў. Ліхвяр сам прынёс мне камізэльку і папрасіў мяне тут жа абшукаць яе; я знайшоў яшчэ некалькі закладных квітоў, сунуў іх у кішэню і падзякаваў ветліваму гаспадару за яго далікатнасць. Ён падабаўся мне ўсё больш і больш, і мне тут жа захацелася зрабіць на яго добрае ўражанне. Я падаўся да выхаду, але зноў вярнуўся да прылаўка, быццам забыўся на нешта, мне здавалася, што я абавязаны растлумачыць, паведаміць яму падрабязнасці, і я стаў ціхенька напяваць, каб забраць яго ўвагу. Потым я падняў аловак, які трымаў у руцэ.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора