Не перастану падкрэсліваць: першым, хто штурхнуў мяне на даследчыцкі шлях і заняткі літаратуразнаўствам, быў Давід Яўсеевіч Фактаровіч. А паколькі гэта мая фраза пра яго трапіла на вочы ягоным дзецям сынам і дачцэ, яны неяк папрасілі, каб я напісаў прадмову да кніжкі выбраных прац іх бацькі, ужо пасмяротнай. Я і напісаў гэту прадмову. І дапамог у складанні кніжкі. З той пары ў знак удзячнасці Ірына Фактаровіч на кожныя Каляды дорыць мне надзвычай смачнае печыва, якое ў яе сямі гатуецца на свята Ханукі
* * *Праглядаючы, што канкрэтна было напісана мною для «Маладосці», ды ацэньваючы, як я, уласна кажучы, да гэтага часопіса ставіўся, бачу, што мая праца ў ім досыць сурёзная. І гэта пры тым, што я заўсёды імкнуўся знайсці нейкія хоць і цікавыя, але дробязі.
Фактычна, першыя мае публікацыі ў «Маладосці» былі адкрывальніцкія. У тым сэнсе, што я адкрываў як нашы імёны тых людзей, што нашымі не лічыліся. Першае імя Станіслаў Манюшка. Сёння ўсе ўжо са мной пагаджаюцца, што хоць ён і бацька польскай оперы, але кампазітар наш, беларускі. Возьмем далей Ігнацы Дамейку. Кім яго лічылі? «Ат, нейкі быў падарожнік і герой, польскі і чылійскі, адкрыў невядома што». А я глянуў на яго біяграфію і зразумеў, што гэта чалавек, якім мы, менавіта мы можам ганарыцца. У карэнным народзе Арауканіі, індзейцах, што выціснутыя былі з актыўнага жыцця каланізатарамі, Дамейка бачыў перш за ўсё людзей, народ з багатай гісторыяй. Ну, і калі прыйшоў час святкаваць 200-годдзе з дня нараджэння Дамейкі, у мяне раптам пытаюцца: «Твая была першая публікацыя пра яго?» «Мая», адказваю. «А дзе?» «А ў Маладосці». «То табе і трэба браць у рукі лейцы». І я зрабіў пра Дамейку кніжачку, потым прачытаў даклады на акадэмічнай канферэнцыі, а самае галоўнае удакладніў біяграфію, устанавіўшы, дзе ён нарадзіўся. Лічылася, што дзесьці на поўначы, на Вілейшчыне. Нібыта ён там быў і хрышчаны. Але, абапіраючыся на дзённікі, якія ён пісаў у Чылі і якія былі некалі выдадзены, я зрабіў выснову, што гэта Мядзведка (Niedźwiadka), цяпер Карэліцкі раён. Мы ўстанавілі там памятны камень і з міжнароднымі гасцямі на высокім узроўні адзначылі юбілей.
На жаль, у нас так: як юбілей надыходзіць тады ўспамінаем, нешта адкрываем, робім, рупімся, а потым зноў забываем. Сярэдняя школа ў Мядзведцы, не паспелі ёй прысвоіць імя Дамейкі, як закрылася. Вёска гэта не аграгарадок. Але камень, вельмі спадзяюся, яшчэ пастаіць. Памятны камень устаноўлены і каля касцёла ў Міры там пахаваны бацька Дамейкі, і на Лідчыне, дзе Ігнацы быў у своеасаблівай ссылцы як удзельнік руху філаматаў і філарэтаў. Гэты чалавек ствараў вышэйшую адукацыю і адкрываў карысныя выкапні, быў рэктарам першага ўніверсітэта і стаў нацыянальным героем Чылі. Цяпер не толькі футбольная каманда нейкай шахты носіць яго імя, але і, скажам, рок-ансамбль. У ягоны гонар названы сем дзясяткаў жывёл і раслін, а таксама мінерал дамейкіт.
У нас пра гэта першым падаў голас я
Ды, варта паўтарыцца, у «Маладосці».
Так, менавіта ў «Маладосці». Наступным было адкрыццё Міхала Клеафаса Агінскага. У часы маёй студэнцкай маладосці ён лічыўся польскім кампазітарам і ніякага дачынення да Беларусі быццам бы таксама не меў. Я памятаю, як ехаў студэнтам праз Залессе і хтосьці тады сказаў: тут, маўляў, быў пан Агінскі. Я раптам падумаў: «Як цікава! А можа быць, гэта той самы?» Пазней, калі ўжо працаваў, паехаў у Вільнюс, знайшоў мемуары, прачытаў іх чатыры тамы і зразумеў: яго радзіма Беларусь, па дарозе з Вільні ў Мінск, у Смаргонскім раёне.
Першая мая публікацыя пра Агінскага адбылася на старонках маладзечанскай абласной газеты «Сталінскі шлях». Але там яна выклікала такую рэакцыю: «Ну, быў нейкі пан і што? Ах, ён яшчэ і кампазітар!» І ніхто ў сталіцы да публікацыі ў «Маладосці» нічога такога не ведаў. Так што можна чарговы раз хваліцца тым, што ўсё пачыналася з «Маладосці». Тут, праўда, ёсць адно «але». Агінскі нарадзіўся не на беларускай тэрыторыі каля Варшавы. Але род яго беларускі, продкі мелі прозвішча Глушонак. Калі Глушонкі атрымалі маёнтак Агінты, то сталі называцца Агінскімі. Маёнтак Агінты цяпер тэрыторыя Літвы, але гэта не мае асаблівага значэння. І Манюшка нарадзіўся на беларускай зямлі, і Міцкевіч, але гэтыя людзі, як і Орда, і іншыя, належаць некалькім суседнім народам. Тады ж яны сябе не дзялілі, жылі агульнай дзяржавай.
Пра каго яшчэ я пісаў на старонках «Маладосці», але не было аказіі адзначыць высокі юбілей? Пра Мечыслава Карловіча, вядомага польскага кампазітара, які лічыцца цяпер стваральнікам польскай сімфанічнай музыкі. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця: быў альпіністам, катаўся ў Татрах і загінуў там пад лавінай у даволі маладым узросце. Род Карловічаў таксама беларускі. Яго прадстаўнікі дапамаглі Францішку Багушэвічу выдаць «Дудку беларускую» і «Тралялёначку». Акрамя таго, бацька Мечыслава, Ян Карловіч, займаўся даследаваннем беларускай мовы. І жылі яны на тэрыторыі цяперашняга Вішнева, што ў Смаргонскім раёне. У нас, трэба адзначыць, два Вішнева. А чаму мы ўвесь час яго адкідвалі? Па вельмі простай прычыне: ва ўсіх даведніках было сказана, што ён нарадзіўся ў маёнтку Вішнева Свянцянскага павета. Межы ж тыя і цяперашнія не супадаюць: Свянцянскі раён заходзіў клінам і на тэрыторыю маёй Астравеччыны, і на Смаргоншчыну.