Міхась Міхалевіч
Пра Вяллю, рыбу і рыбалку
Нататкі вандроўніка з Вілейкі
© Міхась Міхалевіч, 2017
© Кнігазбор, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Ад аўтара
Кожныя звесткі аб рацэ Віліі (па мясцоваму, вышэй да г. Вілейкі Вільлі, а ніжэй па цячэнні Вяллі, а пасля Быстрыцы, пасля мяжы з Літвой, Neris) лепш узбагачаюць адчуванні не толькі вандроўніка, які сплаўляецца па гэтай рацэ, альбо рыбака, які адпачывае на золку з вудай, але і іншых жыхароў Віленскага краю (беларускага Павілля). І нават, думаю, астатніх жыхароў Беларусі і нават Літвы, запаўняючы падзеямі, байкамі, міфамі нішы навакольнай прасторы, цяперашняга і мінулага часоў. Чым глыбей веды пра насельнікаў ракі, аб прыродных і культурных помніках, аб гісторыі ўзбярэжных паселішчаў, аб традыцыях і лёсах мясцовых жыхароў тым наш час пры сплаве па рацэ, наша існаванне ў цэлым становіцца багацейшым, любыя ўчынкі, рашэнні і проста сяброўскія размовы на беразе Вяллі, нашы спевы і тосты за юшкай пад кілішак жытнёвачкі робяцца больш асэнсаванымі.
Менавіта любоўю да прыроды, да Вяллі дыктуецца жаданне распавесці пра тое нешматлікае, што атрымалася запісаць за часы сплаваў і пешых вандровак, прыгадаць з дзяцінства і юнацтва, з размоў са знаёмымі і незнаёмымі жыхарамі паселішчаў на берагах ракі, пакуль яшчэ жыла вёска; што цяпер засталося малапрыкметнымі слядамі альбо зусім знікла ў багне заплываючых балотам старарэччаў, а некалі яе прыгожых і чыстых берагоў з залатога пяску.
Вяллі былі прысвечаны кнігі нашых славутых землякоў у ХІХ стагоддзі графа Канстанціна Тышкевіча, Ігнація Ходзькі.[1] У ХХ стагоддзі былі надрукаваны кнігі пра Вяллю, пачынаючы з вытоку, нашых суседзяў ураджэнца Мядзельшчыны (з Кабыльніка), знакамітага прафесара з Вільні Чэслава Францавіча Кудабы, манаграфія прафесара з Клайпеды Вікентаса Вяйткевічуса. Да знаёмства з літоўскім кінарэжысёрам Вітаўтасам Дамашавічусам мне ніколі не прыходзіла ў галаву думка напісаць кнігу пра Вяллю, пра рыбалку, але Вітаўтас прапанаваў, а Віталь Кастэнка настоіў, падбіўшы мяне, дылетанта, да краязнаўчай працы, публікацый у газетах пра Вяллю, да ўдзелу і напісання навуковых дакладаў да канферэнцыі ў Вільні і да Тышкевічаўскіх чытанняў у Логойску, Вілейцы, Валожыне. Не мне казаць, што з гэтага атрымалася, а чытачу і прафесійным крытыкам. У гэтай кнізе сабраны меркаванні пра верхнюю і сярэднюю часткі ракі, пра экалогію самых простых людзей: рыбакоў і старых жанчын, якія пражылі жыццё на яе берагах. Успаміны пра традыцыі і неверагодныя па трагічнасці лёсы мясцовых жыхароў, пра плытагонаў, пра векавыя дрэвыпомнікі на ўзбярэжжы не ўвайшлі ў гэту працу дасць Бог, яшчэ калі-небудзь апрацуюцца і надрукуюцца.
Назва, прадмова і тэксты большасці частак кнігі дадзены на роднай мове, тэкст адной з частак (успаміны жыхароў) на трасянцы ці рэгіянальнай мове менавіта так, як мне казалі тутэйшыя людзі. Да матэрыялаў кнігі, што запісаны ад рэспандэнтаў і апрацаваны мной, прашу адносіцца субектыўна. Гэта не ісціна ў апошняй інстанцыі: у адной вёсачцы кожны мае як свае ўспаміны, так і свой погляд на тую ці іншую зяву, па-рознаму распавядае пра адно і тое ж здарэнне нават на працягу дня ці калі не ў гуморы, галодны; ці закурыўшы папяросу пасля сытнага абеду, а сама лепш пасля кілішка, другога.
Кніга прызначаецца невялікаму колу чытачоў: аматарам рыбалкі, вандровак і гісторыі роднага краю пераважна юнакам і мужчынам, хаця, спадзяюся, можа, і знойдзецца якая жанчына, што здолее яе дачытаць да апошняй старонкі, бо недзе ёсць у ёй з пяць кулінарных рэцэптаў як гатаваць юшку.
З павагай да майго высокашаноўнага чытача,
Міхась Міхалевіч.Частка І. Унікальнасць Віліі
Рыбец і жэрах, ласось і мінога
Літоўская вада багатая на велізарную разнастайнасць вялікіх і малых рыб.
Канстанцін Тышкевіч. «Вілія і яе берагі», 1871 годРака Вілія выцякае з бягомльскіх балотаў і нясе свае воды да Балтыкі, зліваючыся з Нёманам у г. Каўнасе. Працягласць ракі 510 км: па Беларусі 282 км, па Літве 228 км. Раку можна ўмоўна (паводле Чэслава Кудабы) раздзяліць на тры характэрныя ўчасткі верхняе, сярэдняе і ніжняе цячэнні. Верхняе цячэнне мае няспешны характар, рака звілістая, шырыня рэчышча ад 12 метраў у вярхоўях да 60, а месцамі і да 100 метраў ў месцы сутокі з р. Нарач. У сярэднім цячэнні (каля в. Данюшава) берагі пачынаюць узвышацца, рака бяжыць як у каньёне, сустракаюцца камяні, парогі, перакаты, мелі, астравы. У ніжнім цячэнні, пасля Вільні, рака ўжо мае значную шырыню, берагі часта высокія, быццам на ўральскіх перадгорях. Асноўныя прытокі Віліі рэкі Дзвіноса, Сэрвач, Ілія, Уша, Нарач, Ашмянка, Страча, Жаймяна, Вілейка.