Зацямняючы прахон дзьвярэй, увайшла жаночая постаць.
Малако, сэр.
Заходзьце, пані, сказаў Маліган. Кінч, давай збанок. Старая жанчына падыйшла, запыняючыся каля Стывэна.
Прыгожы ранак, сэр, сказала яна. Слава Богу.
Каму? зірнуўшы на яе, запытаўся Маліган. Ах, безумоўна!
Стывэн працягнуў руку за сябе й дастаў з шафкі малочнік.
Нашы астраўляне, мімаходзь кінуў Маліган Хэйнсу, даволі часта згадваюць зьбіральніка крайняе плоці.
Колькі, сэр? спыталася старая.
Адну кварту, адказаў Стывэн.
Ён назіраў, як яна налівала ў мерку, а адтуль у збанок, тлустае белае малако, не сваё. Старыя паморшчаныя цыцкі. Яна наліла яшчэ адну мерку й дабаўку. Старая й неразгаданая, прыбыла з ранішняга сьвету, быць можа, як вястунка. Наліваючы малако, захвальвала яго. Досьвіткам, на сакавітым поплаве, яна ўжо сядзела на кукішках каля цярплівае каровы, як вядзьмарка на мухаморы, і яе павыкручваныя пальцы рупіліся пры цыркаючым вымі. Мычаньнем вітала яе знаёмую постаць роснашаўковістая жывёла. Бедная старая, краса папасу: імёны, прысвоеныя ёй у даўнюю часіну. Бабулька вандроўніца, ніжэйшая форма несьмяротных, якая служыць свайму заваёўніку й бестурботнаму спакусьніку, іхняя супольная наложніца, вястунка таямнічай раніцы. Служыць ці папракаць ён ня ведаў, аднак грэбаваў дабівацца ейнай прыхільнасьці. [18]
Як амаль усё ў Джойсавай Адысэі навыварат, і гэтая сцэна пададзена ў камічна-сурёзнай манеры. Калі шукаць міталягічнага адпаведніка старой жанчыне, дык Джойс суадносіць яе з багіняй Атэнай, якая зьявілася Тэлемаху пад постацямі Мантэса і Мэнтара ў Ітацы (прыбыла з ранішняга сьвету, быць можа, як вястунка). Маліган, працягваючы сваё блазнаваньне, бярэ на сябе жартаўлівую ролю правадніка, які растлумачвае заморскаму госьцю асаблівыя звычаі тутэйшага люду. Рэакцыя Стывэна на малочніцу больш складаная. У ёй ён несумненна бачыць увасабленьне лёсу сваёй краіны. Бедная старая (ірл. shan van vocht) і краса папасу (ірл. a shioda na mbo) традыцыйныя ў ірляндзкай бардаўскай паэзіі акрэсьленьні Ірляндыі.[16] Яе наканаваньне служыць свайму заваёўніку й бестурботнаму спакусьніку (тут канкрэтна: англасаксу Хэйнсу і блазнаватаму ірляндцу Малігану). Стывэн бард грэбаваў дабівацца ейнай прыхільнасьці. Наступны за гэтым фрагмэнт пралівае крыху больш сьвятла на абставіны.
А вы не на дохтара вучыцеся, сэр? спыталася старая.
Так, пані, адказаў Бык Маліган.
Стывэн слухаў у пагардлівым маўчаньні. Яна хіліць старую галаву перад зычным голасам свайго кастаправа, свайго знахара; на мяне не зьвяртае ўвагі. Перад голасам, які яе выспаведае й памажа ў магілу ейныя астанкі, апроч жаночага нячыстага лона, створанага зь цела мужчыны не на божае падабенства, у здабычу гаду. І перад гэтым зычным голасам, які прымушае яе маўчаць зь няцямнымі разьбеганымі вачмі.
Вы разумееце, што ён гаворыць? спытаўся ў яе Стывэн.
Вы гэта па-француску гаварылі, сэр? спыталася старая ў Хэйнса.
Хэйнс зьвярнуўся да яе з даўжэйшай прамовай, больш упэўненай.
Па-ірляндзку, падказаў Бык Маліган. Вы па-гэльску кумекаеце?
Я й дадумлівалася з гукаў, што гэта па-ірляндзку, сказала яна. А вы ня з захаду, сэр?
Я ангелец, адказаў Хэйнс.
Ён ангелец, сказаў Бык Маліган, і ён думае, што мы ў Ірляндыі павінны гаварыць па-ірляндзку. [19]
Старая жанчына паважае кастаправа і знахара (Маліган студэнт мэдыцыны), таксама сьвятара (які яе выспаведае й памажа ў магілу ейныя астанкі), а паэт ёй не патрэбны (на мяне не зьвяртае ўвагі). У старажытную пару, калі Ірляндыя была вольнай, пясьняр засядаў праваруч караля і да ягонага голасу прыслухоўваўся ўвесь народ. Празь вякі няволі і слугаваньня народ забыўся пра сваю гістарычную традыцыю, што больш, забыўся нават свае мовы. На роднай мове народу гаворыць чужынец, чые продкі паняволілі гэты народ. Ці ж можа быць больш горкі камэнтар да ірляндзкай сытуацыі?[17] Кожнаму з эпізодаў Уліса Джойс прыпісаў асобнае мастацтва сымбалічную дамінанту, якой падпарадкаваны (на стылістычным і сэмантычным узроўнях) дыскурс эпізоду. У эпізодзе Тэлемах дамінуе тэалёгія. Яна пададзена як у камічным ракурсе (жарты Малігана неадчэпна круцяцца вакол царкоўна-багаслоўскіх пытаньняў[18]), так і на поўным сурёзе (духоўныя ваганьні Стывэна, якія раскрываюцца празь ягоны ўнутраны маналёг). Маліган у характэрным яму стылі ўводзіць праблему, якая ёсьць асноўнай філязофскай праблемай рамана. Хэйнсу, зацікаўленаму Стывэнавай тэорыяй наконт загадкі Гамлета, Маліган кажа: Гэта зусім проста. Ён з дапамогай альгебры даказвае, што ўнук Гамлета ёсьць дзедам Шэксьпіра, а ён сам прывід свайго ўласнага бацькі.[19] Хэйнс, які ня надта вычувае Маліганаву іронію, рэагуе ў сурёзным стылі: Я дзесьці чытаў адно багаслоўскае тлумачэньне. Ідэя Айца й Сына. Сын, які імкнецца да ўзьяднаньня з Айцом. На гэта Маліган адказвае яму блюзьнерскай Балядай пра Насьмешлівага Ісуса, дзе прадстаўляе, між іншым, сваю трактоўку цуду ў Кане Галілейскай.[20] Хэйнс спрабуе ўцягнуць Стывэна ў тэалягічны дыспут, але Стывэн ухіляецца. Тэма слугаваньня набывае сваю завершанасьць у прызнаньні Стывэна, што ён слуга двух паноў ці, лепш сказаць, паняў, Брытанскай імпэрыі і Рымскай каталіцкай царквы. Аднак жа абуджаная Маліганам Стывэнава сьвядомасьць зьвяртаецца да тайны тайнаў суадносінаў паміж Богам-Айцом і Богам-Сынам ды тых ерасіярхаў, якія спрабавалі вырашыць яе па-свойму і папалі ў канфлікт з афіцыйнай дактрынай Царквы.