Юля: А-а!
Я: На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. Я тут толькі што распавёў табе гэтую гісторыю не проста так. Ты, Юля, была для мяне чымсьці накшталт падвопытнай Юліі. Рэч у тым, што я цяпер сустракаюся з дзяўчынай, яна мне вельмі-вельмі падабаецца, і яе таксама завуць Юляй. Я прыдумаў гэтую гісторыю, каб зачараваць ці прынамсі павесяліць яе. Табе ж я распавёў гэтую гісторыю, толькі каб выпрабаваць яе моц, распавёў, каб убачыць, ці падабаецца гэтая гісторыя іншым Юлям Такім чынам, як табе мая гісторыя?
Юля: Э-э
Я: Калі ласка, паканкрэтней, Юля.
Юля: Няхілы загруз Проста супер Ясна, ты атрымаў ад мяне «дзясятку».
Я: Дзякуй, Юля. На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. Рэч у тым, што я схлусіў табе. Насамрэч у першы раз гэтую гісторыю я распавёў не табе сёння, а ўчора сваёй каханай Юлі. Проста так атрымалася, што калі я гэтую гісторыю распавёў, мы ў той жа вечар рассталіся, разышліся. І я падумаў, што такой файнай гісторыі не варта прападаць, і сёння вырашыў пацешыць ёй таксама іншых Юляў. І вось пацешыў цябе І на гэтым, на гэтым я нарэшце стаўлю ў нашым апавяданні кропку.
Юля: А цяпер паслухай мяне, Паша. На гэтым у нашым апавяданні ты мог бы паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць: ніякай іншай Юліі не існуе і не існавала. Апошнія два месяцы, літаральна да мінулага аўторка, тваёй дзяўчынай была сцерва Яня з трэцяга аддзела, а да яе тры месяцы лахудра Каця з лагістыкі. І яшчэ пару пырхлівых фліртаў у перапынку паміж імі: Жэня, Наста і Алена, але, заўваж, ніякай Юліі. Адсюль вынікае, што гэтая твая гісторыя, гэты твой загруз, які, дарэчы, хоць і файны, але ж прыдатны выключна для Юляў і не для якіх іншых дзяўчат, ты сапраўды ў першы раз расказаў Юлі ды вось толькі не сваёй міфічнай дзяўчыне Хвіліну таму ў першы (але ж і ў апошні ) раз ты расказваў гэтую гісторыю мне, маючы на мэце зачараваць менавіта мяне.
Я: Э-э
Юля: Рэч у тым, Паша, што я паўгоду сачыла за табой і ведаю пра тваіх былых дзяўчат усё.
Я: А-а
Юля: У дадатак, у апошні месяц, сочачы за табой, я са здзіўленнем заўважыла, што ты сам пачаў сачыць за мной. Адсюль: з тваіх намаганняў зачараваць мяне гісторыяй, а таксама з прызнанняў, што табе вельмі-вельмі падабаецца дзяўчына з імём Юлія, і ў дадатак з тваіх сачэнняў за мною ў апошні месяц я раблю выснову, што ты ў мяне закахаўся
Я: Угу
Юля: На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць: я паўгоду сачыла за табой, таму што я таксама кахаю цябе, Паша!
Заслона.
P.S. Пра значэнне імя другой дачкі Гая Юлія Цэзара і пра прысутнасць у ангельскім арыгінале Шэкспіра «Юліі» замест «Джульеты» няпраўда.
Шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць вечароў
Шатан у Менску. Не відаць яго хаваецца недзе. Хоць усе добра абазнаныя пра ягоную нябачную прысутнасць, ён усё роўна намысліў выпусціць вонкі світу, якая фальшыва звястуе ягонае прыйсце.
Імя свіце вараннё.
Чорнае птаства з драпежнай дзелавітасцю лунае па-над горадам. Ад Панікоўкі і Купалаўскага сквера аж да плошчы Якуба Коласа. Зграя пацукоў з прыробленымі крыламі, менска-мінскія птушкапціцы. Пасля нябачнай адмашкі гуртом зрываюцца з вершалінаў дрэваў і, перакрыжаваўшы небасхіл, крыляюць. Кружляюць. Гергечуць і пачвараць.
То пазбіраюцца ў адну купу, то крыху разлятуцца, размяркуюцца па абшары, сябе прыпадобніўшы да вузельчыкаў, а неба да браканьерскай сеткі, каторая штохвіліны пагражае абрынуцца і ўблытаць нас усіх.
Бамжы, найбольш сталыя насельнікі вулак, згледзеўшы чорную армаду, прадбачліва хаваюцца пад казыркі грамадскіх тэлефонаў.
Карэнныя менчукі, скамянелыя пасярод праспекта, не зважаючы на белую дрэнь, што валіцца на штрыфелі іх гарнітураў, адно стурбавана сочаць, каб на тле адвячоркавага неба чорныя гмахі птушак не пачалі перарабляць на свой лад столькі гадоў рупліва маляваны гарадскі рысагляд.
Дзяўчына, з усіх бакоў абнятая байцом белпалка, учуўшы масіраванае карканне, ніякавее, позірк блякне. Робіць выгляд, быццам нічога не змянілася, але прысуд вынесены сёння ў іх нічога не будзе. Паглядаючы ў розныя бакі, дзяўчына і баец яшчэ каторы часы абдымаюцца на выцягнутых руках. Дзяўчына, паспяхова скроіўшы міну асобы з нягэтага свету, думае пра кальцый у арганізме. Сам баец думае пра бясплённую самаволку, што хутка павінна скончыцца, пра змарнаваныя бутэльку «Змовы манахаў» ды букет гваздзікоў. Не тое што сённяшнім вечарам, на другім спатканні, у яго было многа шанцаў, але цяпер іх абнулены нуль.