Павал Касцюкевіч - Зборная РБ па негалоўных відах спорту (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

Ліхаманка

Ямінай грудзі

Губы бяскроўныя

Павекі апалыя

Ногі апухлі

Каўтун у валасах.

Паводле пералічанага вышэй пастаў нам дыягназ. Дакладны, але харошы. Бесстаронні, але з душою. Каб не горш за суседзяў, але каб, барані Божа, не вытыркацца. Каб з тваім смяротным выракам можна было жыць ажно да самай смерці. Сам бязлітасны, з нас злітуйся. Медзаключэннямі пра агульную млявасць і абыякавасць да жыцця просьба не турбаваць.

Метагалактычны авітаміноз?

Не!

Міжпланетны скаліёз?

Не!

Зборная Уругвая?

Не!

Маладзёжная Парагвая?

Не!

«Дынама» (Мінск)?

«Тарпеда» (Пінск).

Калі дачка?

Хай будзе Дыяна.

А як што сын?

Тады Даніла.

Сячэш паляну, медафіл?

А цяпер сурёзная прапанова. Усе дзевяць мільёнаў з хвосцікам грамадзян РБ купляюць сабе не па шэсць бутэлек піва, а па пяць з паловай, скідаюцца па зэканомленай тысячы і бізнес-класам «Белавіі» ты прыбываеш сюды ды ставіш нам клізму. Увесь такі ў белым і прасветлены пасля «Бхагавад-гіты» і «Рухнамы». Прыязна гутарыш з грамадскімі (пр)адстаўнікамі, малодшаму школьнаму ўзросту падрабязна адказваеш на пытанне, дзе ж былі ўсе дарослыя ў ноч на трыццаць сёмы год, перад кожным актам куплі-продажу ў ЦУМе цалуеш знерваваных прадавачак у псіхатэрапеўтычных мэтах. А яшчэ разводзіш рукамі інвестыцыйны клімат і разлічваешся з усімі замежнымі гандлярамі людзьмі.

Чаго, ты ўжо тут?! Каторы месяц ідзеш па БТ? OhmyGod! Яны што там, на Макаёнка 9, усе з глузду пазязджалі? Што яны маюць паказаць наступным нумарам: мультсерыял пра Садама Хусэйна?

Раз ты ўжо тут, дык, будзь ласкавы, сатры з трэцяга вока канюктывіт, пастаў банкі сабе на рогі, наляпі гарчычнікі пад хвост і вэк адсюль! Халера цябе не возьме, доктар Хаўз.

Падпісаліся:

1. Павал Касцюкевіч

2. ......................

3. ......................

4. .....................

5. .....................

Я кахаю цябе, Юлія

Заходжу на офісную кухню там Юля. Як заўжды пе сваю распушчальную каву.

Я: Прывітанне, Юля, у мяне для цябе гісторыя. Калі ў Юлія Цэзара нарадзілася першая дачка, дык ён назваў яе ў свой гонар Юліяй. Калі ж у яго нарадзілася другая дачка, дык ён назваў яе Як, ты думаеш, ён яе назваў?

Юля: Э-э

Я: Ён назваў яе Юлілай, што на лаціне значыць «такая ж, як Юлія».

Юля: А-а!

Я: У нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. Майго дзеда таксама звалі Юліем. Юліем Анатолевічам. Сваю першую і апошнюю дачку, маю маці, мой дзед назваў Алай, у гонар сваёй улюбёніцы, савецкай кінаакторкі Алы Ларыёнавай. З наступных нашчадкаў у яго нарадзіўся толькі я, ягоны ўнук. І мой дзед захацеў назваць мяне Толікам як ты разумееш, у гонар свайго бацькі. Але ж мой іншы дзед, ужо з бацькавага боку, дзед Барыс, захацеў назваць мяне Іллём, у гонар ужо свайго бацькі. Дзяды праз гэта вельмі моцна пасварыліся. Адзін крычаў: «Толікам, Толікам назавіце!» другі ж: «Толькі Ілюхам!» Мала не пабіліся. На мой жа асабісты погляд, Ілля і Толік самыя брыдкія імёны ў гісторыі чалавецтва. Ці, прынамсі, у маім жыцці. Усе мае Ілюшы і Толікі былі найнепрыемнейшыя тыпы. Ілюша Цукерман з садка, у якога былі прышчы на падбароддзі і заўсёдная сопля з носа, ці Толік Беляшчук са школы, які гнюсна хіхікаў і пацеў далонямі. Дзякуй Богу, што мяне не назвалі Толікам ці Іллём. Я вельмі люблю маё імя Паша. Хоць яно і нарадзілася выпадкова, з кампрамісу. Паводле маёй маці, гэтае імя яны з бацькам выштукавалі спехам, абы збыць з галавы, абы мае дзяды не вызверыліся адзін на аднаго, не раўнуючы як Мантэкі з Капулецямі

Юля: А-а

Я: На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. У трагедыі Шэкспіра пра маладых людзей з варожых семяў Мантэкаў і Капулецяў, у яе ангельскім арыгінале, няма ніякай «Джульеты». У Шэкспіра дзяўчына Julia, Джулія. На ўсе мовы імя галоўнай гераіні так і перакладаецца «Джулія» або «Юлія». А вось у пашыраным у Беларусі расійскім перакладзе дык чамусьці «Джульета». Джульета, Жульет увогуле імя французскае, а не італьянскае, таму зусім няясна, чаму так пераклалі. Але ж гэта не важна. Што я хачу сказаць? Найвялікшая трагедыя пра каханне, яна ж «аповесць, найсмутнейшая на свеце», была напісаная менавіта пра дзяўчыну, якая насіла такое ж, як і ты, імя Юлія. Вось.

Юля: А-а!

Я: На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. Я тут толькі што распавёў табе гэтую гісторыю не проста так. Ты, Юля, была для мяне чымсьці накшталт падвопытнай Юліі. Рэч у тым, што я цяпер сустракаюся з дзяўчынай, яна мне вельмі-вельмі падабаецца, і яе таксама завуць Юляй. Я прыдумаў гэтую гісторыю, каб зачараваць ці прынамсі павесяліць яе. Табе ж я распавёў гэтую гісторыю, толькі каб выпрабаваць яе моц, распавёў, каб убачыць, ці падабаецца гэтая гісторыя іншым Юлям Такім чынам, як табе мая гісторыя?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3