Віктар Казько - Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) стр 8.

Шрифт
Фон

 Ёсць,  узрадавалася старая.  Зямля наша круглая з усіх бакоў, як шар.

 Ты сама круглая, з усіх бакоў, як шар.

 Няхай круглая, затое спраўная, не тое як некаторыя,  і, апярэдзіўшы намер Ганны Паўлаўны ўставіць і сюды свае два грошыкі: Быў напачатку шар, а потым, калі я падсмалілася, у талерку ён ператварыўся, у талерку

 Талерку ты тую ў магазіне бачыла,  усё ж спыніла яе Ганна Паўлаўна.  Убачыла, колькі яна цяпер каштуе, вось у галаве ўсё ў цябе і памарочылася. Сёння трэба моцная галава, чыгун, а не твае клёпачкі, каб цэны новыя пераварыць.

 Яно так, яно так, цэны сёння не па нашым з табой кашальку і набытку. А талерка ўсё ж была, і зямля наша круглая. Талерку тую і шары чырвоныя не адна я толькі бачыла. Вось і

 Добра, добра, зямля наша шар,  Ганна Паўлаўна ведала, пра што далей хацела весці гаворку старая. Зранку ў яе хаце перабылі ўжо ўсе пцічанцы, што бачылі на свае вочы талерку, іншапланецян і чырвоны шар. За гэтымі адведкамі і казаннямі яна і забылася пра сваё ці то сненне, ці то яву, забылася, што і гэтай, як і мінулай ноччу, прасіўся пагрэцца ў хату Канстанцін Васільевіч, ледзь не на каленцах умольваў пусціць, а яна прагнала. Але недзе надвячоркам, пад змярканне, калі прыехалі ўжо на дзевяціны дзеці з унукамі, прыгрэлася каля іх, раздумалася, паведала ім пра свой сон і кінулася апранацца. Дачка паспрабавала пярэчыць:

 Куды ты нанач гледзячы. Заўтра ўсе разам адведаем.

 Холадна яму там. Холадна. Я адчуваю. I ў мяне мароз па скуры Холадна яму. Холадна.  Нібы трызнячы, засяродзілася на гэтым «холадна» Ганна Паўлаўна. Хуценька апранулася, выграблася за парог хаты, нібы ваўчыца з логава. Азіраючыся зверкам, пачыкільгала па адпушчанай ужо, раскіслай вясенняй дарозе да могілак. Дачка з мужам пайшлі следам за ёй. Ішлі не даганяючы і не імкнучыся дагнаць, цягнуліся за ёй, як чужыя за чужой. I на самой справе на тую мінуту гэтая старая была ім чужой. I ішла яна да могілак, як ходзіць звер, і вялі яе, бадай, не дарога і вочы, а нюх.

Яшчэ тыдзень назад прыбраная і дагледжаная магілка была раскапана. Скасабочаная і пакарабачаная труна стаяла на кучы пяску. Вечка адчынена і разламана па краях. Канстанцін Васільевіч ляжаў у труне не разварушаны, усё такі ж задумлівы, якім аддалі яго зямлі. Толькі снег і трохі наледзі было на яго твары. Па тым снезе вяскоўцы ўжо крыху пазней меркавалі, што выцягнулі яго з магілы тры дні назад. Тры дні назад ішоў снег, была невялікая мяцеліца. А хто яго раскапаў, а галоўнае дзеля чаго, тут ужо ніхто не мог і галавы прыкласці. З-за медалёў і ардэнка, што сёння ў цане, надсаджвацца было не варта. Усе бачылі, усе ведалі, што тыя медалі і ардэнок Канстанцін Васільевіч перад смерцю загадаў пакінуць унукам. А ніякага больш багацця пры ім не мелася, нават зуба залатога ніводнага сабе не паставіў, толькі жалезныя, са сталі.

Прыдуркаватая суседка, што расказвала Ганне Паўлаўне пра шар і лятаючыя талеркі, выказала думку, што ўсё тут учынілі іншапланецяне: хацелі, маўляў, выцягнуць яго, забальзаміраваць і адтарабаніць на сваю планету, пакласці ў Маўзалей, як у нас Уладзіміра Ільіча Леніна, і паказваць той планеце. Ёй, зразумела, не паверылі. Мо і дарэмна, а мо і не. Хто ведае.

Старшыня калгаса, што праязджаў міма могілак на сваім «козліку» і завярнуў на жаночае галашэнне, сказаў як бы сам сабе:

 Чалавек нармальны і разумны на такое не пойдзе. На што яму пераканаўча адказалі:

 I дурань не пойдзе. Пабаіцца могілак і мерцвяка, кары Божай.

Азвалася зноў убогая старая з Пцічы:

 Вох, будзе, вох, што будзе, калі горад пойдзе на вёску. А яшчэ ж горш будзе, калі вёска рушыць на горад, пусціць чырвонага пеўня па дачах, што ўсюды сёння на кожным кроку.

Мовіла са злоснай прарочай сілай юродзівай, якая тое-сёе ведае і прадбачыць з таго, што чакае нас наперадзе. Усе пачулі яе, але ніхто не запярэчыў, не паставіў яе на месца. Хутчэй за ўсё з-за беспрасвету і бездапаможнасці перад гэтай магілай, прахам Канстанціна Васільевіча і жывымі яшчэ мошчамі Ганны Паўлаўны. Ні чалавек, ні Бог нічым ужо не здольны былі дапамагчы ім. Улады зямныя, праўда, хацелі дапамагчы, завесці справу і пачаць шукаць злачынцаў. Але для гэтага, сказалі яны, неабходна анатаміраванне, гэта значыць, разрэзаць Канстанціна Васільевіча, нібы злачынца сядзеў недзе ўсярэдзіне яго. Ганна Паўлаўна паказала ім з-за труны Канстанціна Васільевіча кукіш.

У той жа вечар, на тых жа могілках знайшлі яшчэ дзве раскапаныя магілкі. Але не да канца, не зусім, як магіла Канстанціна Васільевіча. I ляжалі ў тых магілках таксама пцічане. Дзве бабулі, якіх і прозвішчы ўжо пцічанцы пачалі забываць. Зусім нікчэмныя старыя. Яны і пры жыцці нікому не патрэбныя былі. Але вось жа спатрэбіліся некаму пасля смерці. Каму? Навошта? Хто ведае? Хто адкажа?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора