Зусім іншая справа з ваўчынай масцю. Ваўкі не бяруць ежу з рук. I не ведаю, праўда ці не, але гэта ўвялі мне ў вушы яшчэ ў дзяцінстве мае адналеткі: шыя ў іх зраслася з хрыбцінай. Яны няздольныя гнуцца, круціцца на ўсе бакі і нюхаць вецер. У свой час я зазірнуў у вочы такому зверу. Падпасваў, як у нас кажуць тавар. Старэйшыя хлопцы гулялі ў карты, а мяне паслалі адвярнуць авечак, што адбіліся ад статку і стоўпіліся каля канавы. Па другі бок той канавы стаяў вялізны шэры сабака. Я яшчэ паківаў яму дубцом. Але ён і не міргнуў у мой бок. Я прыгледзеўся, і па целе пабеглі мурашкі, узняліся дыбам, як адраслі, валасы на маёй стрыжанай галаве. Я яшчэ не ведаў, што гэта быў воўк. Але гэта быў ён. I мы даволі доўга ўглядаліся адно ў аднаго. Воўк пераскочыў праз канаву, схапіў і ўскінуў сабе на плечы авечку. Лена праклыпаў метраў з пяць і пусціў авечку долу. I тая патрухала побач з ім, нібы вёў ён яе ў рай. А я нерухома стаяў на другім беразе канавы, захлынаючыся ад наплыву нечага першабытнага, дрымотна-ляснога, што ахутвала, прачыналася і ўва мне: падсвядомы пратэст супраць такога нахабнага рабаўніцтва, бездапаможнасць, разгубленасць і апякаючая да гаручых слёз нязгода з гэтай звярынай сутнасцю. I тое засталося пры мне на ўсё жыццё.
Нібыта я ўжо тады ведаў ці прадчуваў, што гэта малюнак з майго будучага жыцця, лёс мой. Нехта такі ж пячорна шэры мімаходзь набяжыць на мяне, ускіне на плечы і выдыхне ў павернутае ўжо да неба вуха: у рай, алюшкі ў мой рай. I я, ды не толькі я, усе, хто побач са мной ад нараджэння з забітай ці ачмурана прыгаломшанай памяццю, атручаныя паўсядзённымі казаннямі пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі, што цяклі зусім недалёка ад нас, кінемся ў той воўчы рай, патэпаем за воўкам, забыўшыся пра яго воўчую скуру. Бо ў гэтай воўчай скуры нам, зазірнуўшым заслепленым вокам на той свет, ухапіўшы перацятым горлам тагасветнага паветра, будзе мсціцца збавіцель наш. Месія.
Як мсціцца, мроіцца ён каторае ўжо стагоддзе быдлу, якое бык ці казёл-правакатар вядзе на бойню.
I ў сваім ужо даўно забытым, немачным маленстве я быў куды як згодны з кожным, хто даводзіў мне, што нешта ведае, і браўся напраўляць мае звіхнутыя мазгі, факусуючы іх на сонечны і светлы рай. Не разумеючы, што гэта сапраўды прамая і правільная дарога толькі ж на той свет. I я па ўласным жаданні, па сваёй ахвоце да слёз, да самазабыцця прагну туды, як і мноства іншых, што прайшлі крыху раней за мяне і ішлі следам за мной.
Вось яна, моц і ўлада воўчага вока над авечкамі, што страцілі галаву і здольныя толькі да падпарадкавання.
Гіпноз рудога і змрочнага звярынага вока, пячорнай думкі, што нарадзілася раней за чалавека. Мо ў целе зусім няцямнага дракона ці яшчара, таго ж пячорнага вампіра кажана. Нарадзілася і выпаўзла на святло, захмялела ад яго і пачала шукаць прыдатную сабе абалонку. Калі і не зусім разумную, то ўсё ж з першапачатковай зародкавасцю, пачаткамі нейкага розуму істоту, у галаве якой мелася хаця б адна звіліна хай сабе і працяг толькі носу.
I, па ўсім, пошук гэты быў не вельмі ўдалы. Думка трапляла не заўсёды ў патрэбную ёй галаву, часам, падобна, і ў кашлатую галаву таго ж воўка. Доўга і балюча блукала, высільваючыся стварыць з гэтай дрымуча дзікай істоты нешта больш-менш прыдатнае зямлі, жыццю, падводзячы яго цераз сілу да чалавека. Але, як кажуць, колькі воўка ні кармі
Ледзь самога чалавека не звялі, бо зноў жа: той, хто прывык да мяса, да чалавечыны, наўрад ці пагадзіцца скубсці траву. Ледзь уратавалі самога чалавека, не далі пераўтварыць яго ўжо незваротна ў звера. I чалавек пакутліва збываў у сабе звярынае. Але ўдавалася гэта не кожнаму, знайшліся і такія, што ўпадабалі хіжае звярынае назаўсёды. Хоць іх было і небагата, але ж I ў воўчым, і чалавечым абліччы яны захаваліся на зямлі. Кроплядругая звярынай крыві засталася і ў чалавеку. Хоць кожны з нас, у тым ліку і я, як той гад марскі, памяняў не адну скуру раней, чым у нас абудзілася, зацьвердзілася нешта людское. Адначасова, употайкі, пратэстна і хіжа, захаваўшы ў сабе на нейкую неспадзяваную будучыню сваю першасную ваўкалачую існасць.