Віктар Казько - Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) стр 34.

Шрифт
Фон

Але наўкола цішыня і змрок, нібы вымарачна паўмірала ўсё, аглухла, аслепла. І ў той глухой і сляпой цішыні ён чуе, як мерна цікаюць ходзікі. Адлічвае час кімсьці нябачным запушчаны гадзіннік, а мо некім заведзеная гадзіннікавая міна, што зараз выбухне, і не будзе больш ні дня, ні ночы. Ён слухае спалох часу, што цячэ праз яго. Імгненні скручваюць і вяжуць цела ў вузлы. Міна ў ім.

Гэта ён і ёсць міна. I самога сябе яму трэба ўтаймоўваць. Ён слухае цёк часу праз сваё цела. I з абурэннем думае: чаму ж гэта яго ніхто не ратуе.

Што ж ты, далёкі мой прашчур, не падасі мне рукі. Паміж намі цяпер не стагоддзі. Адзіны толькі крок падзяляе нас адно ад аднаго. Што ж ты не працягнеш мне рукі? Ты там, на тым свеце, я голы тут, абодва ў чым маці нарадзіла. Ты агораў гэтую гару і пайшоў дамоў. Дык дапамажы і мне справіцца з дарогай, агораць тваю і маю Юравіцкую горку. Не надта яна ўжо і крутая, хоць і шчодра пасоленая чалавечаю соллю. Ды, бачыш, возчык які. Я на зямлі, а ён толькі ведае лейцы накручваць. Воз рубам таму і я вобзем. Ахоўны брызентавы каптур на вушы дзе тут пачуеш. Ён жыве толькі імгненнем, а memento more у імгненні няма, бо memento more і ёсць вечнасць.

Адтуль нашае неба. Нашая Прыпяць, вечная і ў часе, і ў прасторы. Змыкаецца з небам, з яго пачынаецца. Як рука пры пяці пальцах. З жывога цела сусвету, адтуль, дзе днее. Дзе бяруць пачатак нашыя мары і сны, дзе лунае нашае ненароджанае, але ўжо і напаўзабытае беспрытульнае слова.

Варухні хоць адным пальцам, мая маці Прыпяць. Дай жа мне руку, прыкрый мой сорам. Паразумеемся не праз слова, а праз вітанне сляпых дотык. Будзь жа міласэрным да мяне. Будзь жа міласэрным той, што не адбыўся, страціўся. Не трапячы над маёй галавой сваімі бялюткімі крыламі, вырані па мне слязінку, тую самую, што здольна выратаваць свет, хай жа яна выратуе нас.

Так маліўся ён у сваім сне. Але ніхто не адзываўся на яго малітву. Ні шэлаху, ні гуку. I тады ён заплакаў, гаруча і горка, як могуць плакаць людзі, пэўна, толькі ў магіле, у дамавіне. Там жа, на гары, сярод прыпяцкага разлогу, была і яго маці. Ён не бачыў яе, як не бачыў і сябе. Але яна была там. Яна была. Высока ў небе ласкавым і мяккім сонцы. У сумным напеве мядзвянага жвіру, што спяваў для неба спрадвечную песню. Яна была ў той песні, у цішы і аняменні: у небе высокім, у сонцы далёкім, у вадзе бягучай, у пыле дарожным, у дрэве зялёным і ў травінцы кволай. Усё яна.

Чым угнявіў ён яе, што зрабіў не так, каб яна выраклася свайго сына? Чым угнявіў ён сонца і неба. Што за праклён над гэтай зямлёй, успоенай такімі прыгожымі рэкамі, пазначанай, як акрайцамі хлеба, слодыччу зачацця жыцця, іскрынкамі свядомасці ў тумане першабытнасці цёплымі хатнімі агменямі юравіцкіх горак. Што за праклён вечны над гэтым краем? Рэкі тут ужо цякуць крывавыя, крыніцы бюць слёзныя, долы на крык і стогн сыходзяць.

За што ж так пакутуе сын твой, маці наша родная зямля? Цёпла тут, печ з крыві і на крыві і костках. Агонь спрадвеку з чалавечыны. Што за крывавае каханне ладзіш ты тут. Сваім сынам адмаўляеш нават у плачы па тваёй жа песні

I я адмаўляю табе, маёй маці

Не, ён не паспеў так падумаць у сваім нямым сне. Але, пераганяючы думку і боль, нават у сне, у палоне ўласнага небыцця, жахнуўся. Ёсць у чалавеку нейкая мяжа, рыса, якую нельга пераступаць гэта якраз яна. Ён быў гатовы ступіць за яе. А мо і ступіў. Гэты конік, чорны сабака, чорны вецер над Прыпяццю адплата яму. Таму ён голы едзе на возе, падымаецца на гару, дзе знаходзіцца ўся яго радня, дзе знаходзіцца маці. Едзе, каб пазбавіцца іх праклёну вымаліць дараванне. А калі не то застацца там, каля іх назаўсёды. Гэтым чорным ваўкалакам-ваўчком.

Але якраз яны, бацька з маці, і заступілі яму дарогу. Бацька, здаецца, не супраць, каб ён ужо далучыўся да іх. Унурыўся толькі, пакорліва стаіць побач з маці. А маці Схавала, заклала руку за спіну, нешта трымае ў той руцэ, каб ён раней часу не ўбачыў і не ўцёк, як гэта было ў дзяцінстве. I ён загадзя і ў сне помніць і ведае, што яна трымае ў руцэ сваёй за спіной. Толькі дзяцінства яго даўно адышло і спрахла.

 Я знайшоў цябе. Я вярнуўся да цябе, мама,  кажа ён, ледзь-ледзь утрымліваючыся на краечку драбінаў.

Маці робіць крок і дубчыкам, дубчыкам па тым месцы, дзе бярэ пачатак яго розум. Толькі воўчая поўсць чорнымі пырскамі ва ўсе бакі.

 Рана, рана табе яшчэ сюды. Ды і не прыму я цябе такога.

 Навошта ты мяне пакінула аднаго, чаму ты мяне прыгаварыла да жыцця, пракляла? Злітуйся, даруй, гэта ж твой першародны грэх.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора