Віктар Казько - Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) стр 32.

Шрифт
Фон

А яго мо тады яшчэ і не было на Беларусі. Пекла жывому у душы яго: вечная апраметная і вечны рай.

I пякельны наш рай быў заснаваны, атабарыўся менавіта тут, пад Юравіцкай горкаю, на беразе Прыпяці, дзе сам сабой узрос і дзяржаўны бел-чырвона-белы зямны наш штандар яшчэ далёка ад таго, як стала пекла наперадзе кожнага з нас, і адзаду кожнаму, і з абодвух бакоў Толькі пра гэта мала хто ведаў і здагадваўся. I чалавек, які ехаў на возе ці то не ведаў, ці то і ў сне сваім забараняў сабе ведаць, куды ён едзе глыбей у пекла ці набліжаецца ўжо да раю. Адно толькі было ясна яму: Юравіцкая гара так сабе горка. Ёсць, ёсць на свеце куды большыя, розныя там Джамалунгмы і пікі Леніна Толькі вось нешта народу на ёй занадта. Ды нейкага колішняга народу. Цяжка коніку і працерабіцца праз яго: сабралася там нейкіх крылатых людзей і людзей хвастатых, і коней гэтакіх жа з крыламі. Зрэдку пракідваецца і сённяшняя парода чалавека, бяскрылая, і ўжо не хвастатая, але, відавочна, з рагамі. Юраўцы, што жывуць тут цяперака, у самай вялікай вёсцы Юравічы тры з большым кіламетры ўздоўж ракі, і юраўцы, якія жылі тут некалі, а потым вымерлі. Усе яны яшчэ з мовай, з языком, нешта з таго свету галёкалі, нешта крычалі. А яшчэ вакол процьма народу безгалосага, дзікуны. Тутака ж, пад Юравіцкай гарою, у старажытныя яшчэ часы была стаянка першабытнага чалавека. Адсюль пачыналіся бязмоўныя яшчэ беларусы, амаль такія ж, як і сёння. I бел-чырвона-белае прыбярэжжа, прашытае слядкамі іх босых ног. Ці не ступакамі снежнага чалавека, які, відно праз пераломленае святлом шкло Юравіцкай гары, і зараз пахаджае па беразе Прыпяці. Высачэзны, метраў са тры ростам. Мо вырашае для сябе: ці навекі застацца на гэтай сёння яшчэ чыстай зямлі, ці падацца ў вечна белыя снягі, сапраўдныя горы і назаўсёды захаваць сваю нямую душу, зберагчы яе ад хцівага вока будучай цывілізацыі. Застацца прывідам, невідзімкай на зямлі. А ў прадчаканні няпэўнай і глухой будучыні з глыбіні далёкіх стагоддзяў самотна пазірае на дарогу жанчына: што вырашыць чалавек, якім наканавана быць яе лёсу. Лёсу яе дзяцей, што грэюцца паабапал бел-чырвона-белага вогнішча. Ці будзе ў іх агонь, ці зведаюць яны слодыч полымя вечнай душы чалавека, які дзеля гэтай душы гарэў у старажытных пячорных вогнішчах і гатовы пайсці ў агонь і сёння, каб яна, душа, зноў жа, аблямаваная бел-чырвона-белым, ніколі не згасла. Такая ж самотная думка і ў рудым воку істоты, якую яшчэ няма да каго аднесці, няма з кім атаясаміць. Душа ў яе ёсць, але куды яна павернецца, да каго ці чаго прыхінецца, віляючы хвастом, пабяжыць і будзе ўслугоўваць вечнаму каму, ці дастанецца яе вернасць і талан чалавеку. То чорны, што прытушаная прыпяцкай вадой галавешка, сабака. А мо яшчэ і не сабака воўчык, воўк, хцівасць і хіжасць якога сапраўды толькі прытушаная, але нязбытая. I той воўк, ці то ўжо сабака, на вачах у чалавека на возе ў некага перакідваўся, і ён да апошняй драбніцы спалоханым да конскіх дрыжыкаў сэрцам адчуваў і бачыў гэтае перакідванне.

Пячорна каменнае нараджэнне незнаёмай, невядомай яшчэ свету набрыдзі, яе прышэсце ці не з сусвету, з чорных дзірак і злых агаладалых у вечным апраметным змроку планетаў-карлікаў. I была ў тым нараджэнні вялікая брыдота, і адначасова і вялікая любасць. Як і ў кожным нараджэнні некага існага. Бо гэта па сваёй сутнасці першапачаткова быў промысел вялікага Творцы. Так нараджалася не толькі зло, але і перасцярога, і пакаранне існуючаму ўжо злу. I па-над Прыпяццю пракаціўся жахлівы рык. Рык уладання і зліцця, злучэння жывога і мёртвага, жывёльнага звярынага сораму і амаль чалавечай бессаромнасці, радасці нараджэння і смутку пачатку памірання. Першы крык, ад якога ў ягоных жылах скамянела і састыла кроў. Прыпяць збілася са сваёй хады, і расступіліся яе воды да самага дна, выкрыўшы на тым дне грэшную русалку і вялізную блакітнай крыві пяўку, што наравіла прысмактацца паміж вялізных цыцак той русалкі. Загаласілі і застагналі воды, уліўся кроўю і слязьмі, учарнеў белы пясок, схапіўся агнём чырвоны ракітнік.

Нараджэнне адбылося, нехта невядомы датуль нікому прыйшоў на зямлю. Звер перакінуўся ў чалавека, чалавек перакінуўся ў звера. Звярыны і чалавечы дух увайшоў у новую істоту, яна прыняла той дух. I ён, чалавек на возе, голы пасярод дарогі, роўна на палову падзеленай горкай што ад Мазыра і Нароўлі, што ад Чарнобыля аднолькава,  прыняў той незямны дух. Прыняў і скарыўся яму. А мо гэта ён і сам на тую хвіліну нарадзіўся, перакінуўся немаведама ў каго. Перакінуўся і пайшоў, пайшоў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора