Віктар Казько - Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) стр 30.

Шрифт
Фон

Механізаваная раць нязменнай сваёй пахавальнай хуткасцю рухалася па вуліцах Мінска, нібыта вяла на кароткай шворцы прыручаную ёй ужо знясіленую дзічыну. Нейкае зборышча людзей утварылася каля ўвахода ў падземку, метро. У асноўным моладзь, пэўна, тыя ж нефармалы з «Талакі», «Тутэйшых», студэнты. Стаялі моўчкі, моцна сцяўшы зубы ў чаканні сваіх, як і не бачачы міліцэйскіх шэрагаў, што імгненна аблажылі іх. Глядзелі дэманстратыўна скрозь іх, у неба, у бок курапацкіх бугроў. Падпаўзла і прыпынілася калона міліцэйскіх машын. Вычакальна аціхла. Моладзь моўчкі, не парушаючы чаргі і парадку, па пяцёрках і дзесятках сыйшла, апусцілася пад зямлю. Тратуары, вуліцы, скверы апусцелі, як вымерлі. Толькі чадна смуродзілі газамі машыны. Начадзілі, раўнулі і, няма чаго рабіць, пайшлі далей, па напрамку руху паяздоў падземкі.

Прыпыніліся зноў каля парку Чалюскінцаў, па чутках, тут у сталінскія часы таксама расстрэльвалі людзей. Міліцыя, пэўна, чакала, што моладзь, якая на іх вачах знікла ў метро, выйдзе тут. Яна не выйшла. Наступным, пэўна, меркавалася, пунктам іх выйсця будзе станцыя метро Якуба Коласа, вялікі сквер, помнік народнаму пісьменніку: звернуцца да яго, хоць і каменнага. І тут зявіцца магчымасць сплаціць ім яшчэ, а заадно і гэтаму народнаму. Моладзь не выйшла і там. Кавалькада міліцэйскіх машын чакала іх мінут сорак. Акупіравала некалькі кварталаў Ленінскага праспекта. Глушыла і заводзіла маторы, курадыміла ў нецярплівым чаканні. І не дачакалася. Яна не выйшла. Нідзе не выйшла. Дзіўна, але гэта праўда. Людзі, моладзь, юнакі і дзяўчаты зайшлі ў падзямелле, а назад не выйшлі. І куды яны падзеліся, загадка.

Міліцэйскія машыны, машыны спецпрызначэння, варанкі і вадамёты, пажарныя і нават хуткія дапамогі пацягнуліся ў свае берлагі і стойлішчы. Было сямнаццаць гадзін трыццаць хвілін маскоўскага часу. На зямлю лёг вечар, горад запаліў агні. Пад вулічнымі ліхтарамі павялі карагод сняжынкі.

Вось так закончыўся дзень памінання продкаў у горадзе Мінску, беларускія Дзяды. Горад аціх, нібы ў ім сапраўды быў нябожчык. І ён быў. Вялікі правадыр і настаўнік, бацька родны. Іосіф Вісарыёнавіч Сталін мог спакойна пасмоктваць сваю люльку і горда пасміхацца ў вусы ўжо ў святочна ўпрыгожаным і асветленым горадзе Мінску, які рыхтаваўся сустрэць чарговую гадавіну Кастрычніка і трохі курчыўся ад неспадзявана ранняй у гэтым годзе зімы. І хутка ў гэтым горадзе на аднаго паэта стала меней. Беларуская ластаўка не вытрымала ранніх мінскіх маразоў. Адляцела ў вечны вырай, у цёплыя краіны. На Маскоўскія могілкі. З восьмага паверха новай кватэры самага прыгожага ў Мінску будынка. Перакрыжавала па-зімоваму ўжо стылае неба. Легла на стылую, скаваную марозам зямлю, калі, перабедаваўшы, горад акрыяў ад нядзельнага кастрычніцкага шоку. Літаральна ўскіпеў, узбурліў. Усе і паўсюдна заплакалі, загаласілі, успамінаючы Дзяды. А яна расплацілася.

Не, канечне, ніхто не вінаваты. Ніхто Як і ў дачаснай смерці Купалы, Караткевіча, Стральцова, Анікейчыка, таго ж Машэрава. Бажухна, колькі іх. Хопіць! Ніхто

Не, не хопіць. В. Ганчар, Ю. Захаранка, З. Завадскі, А. Красоўскі.

Спіс бясконцы.

Час перэваратня, альбо як я сыплю цукар

Калі мяне яшчэ не было

Замест эпілогу

Жыццё закончылася. На самым разгоне. Здаецца, толькі-толькі ўвабраўся ў сілу, як у дзяцінстве сніў прыгожыя каляровыя сны

Вось такі, напрыклад, сон. Нібыта едзе ён, падымаецца ўгару А гара крутая, крутая. Але конік добры. Скура на ім аж рыжа ільсніцца. У сне бачны не ўвесь, а толькі частка. Крыжы, сцёгны магутныя, такія, што ім можна верыць. I ён верыць коніку, хоць ляжаць на возе вельмі слізка, вось-вось, здаецца, можна ссунуцца. Гара да неймавернасці крутая. Самая вялікая і крутая гара на свеце. Юравіцкая.

Усе кіроўцы, што тут ездзілі, казалі: «Як агораеш Юравіцкую гару,  жывы вернешся дамоў».

Не ў сне, на яве, калі сам паездзіў і пахадзіў тут, пераканаўся, што гэта не зусім так: не такая ўжо вялікая і крутая тая Юравіцкая гара. Гэта на першы погляд і чалавеку старонняму, чужому. А не чужому, каму ўелася ўжо ў пячонкі?.. Штукарыць горка. Ды як яшчэ штукарыць. Ёсць яна, і няма яе можа не аказаць сябе. А можа і не падпусціць да сябе устаць сцяной. А ты, як рыба ў нерат,  ні ўзад, ні ўперад. Адным словам, не простая была Юравіцкая гара, мо і адзіная такая на ўсё Палессе ці нават на ўсю Беларусь.

Здольная яна была раптам узнікнуць з нічога перад нечаканым спадарожнікам, як у павелічальным ці, наадварот, памяншальным шкле. I будзе бачна за ёй шмат чаго, але толькі вокам, бо нагой туды ні кроку. Будзе бачна перакуленую з неба стужку блакітнай вады, якой поіцца далёкая белая хмара і нагбом каўтае яе трохі касенькі сонечны залаты прамень. А вады ў пракаветнай і задумлівай Прыпяці ніколькі не ўбывае. Хаця працяг яе ў прасторы абмежаваны і аблямаваны з аднаго берагу зялёным разлівам паўшаряў лазы, а з другога сівым белым пясочкам. А яшчэ над усім гэтым таксама бачны і нябачны, сцяг неспазнанай краіны, мо радзімы самой зямлі. Такі ён вялікі. I жывы, трапяткі. Але не кожнаму, не кожнаму відзён і здаля, і зблізу, і не ў кожную пару году. Праяўляецца больш па позняй восені, калі зямля агорнутая, ахопленая сумам птушак і чалавека, які хутка-хутка, па гэтай зіме, адляціць у вырай і не дачакаецца ўжо ніколі болей сваёй вясны, і напрадвесні, калі тая ж зямелька, вызваленая ад маразоў, спавітая спевамі прылётных птушак і абуджаная салодкімі спадзеўкамі і клопатам Вось тады тут, на кіламетры і кіламетры ўсцяж ракі, і ўздымаецца сцяг Штандар. На свінцова-шэрым ці нават белым яшчэ ад снегу і лёду дрэўку ракі, выпнуты спадыспаду, надзьмуты дыханнем зямлі, зверху, з сусвету, падхоплены, усцягнуты амаль да сонца, жаданнем таго ж сонца і нябёс бачыць гэтае дзіва, свой штандар. Бел-чырвона-белы, перанасычаны пакутамі і радасцю, чырванню прырэчнага, падпрыпяцкага ракітніку, аблямаванага з аднаго боку сівізной яшчэ саланаватага ад суму па хвалях былога Мора Герадота пяску, з другога белымі снягамі ці крыху жаўтлявай пеннай беллю спеўных глыбінных хваляў Прыпяці.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора