Цішыня доўжылася хвілін дзесяць. Але вось зноў ажылі рацыі. Надышло абуджэнне для людзей і тэхнікі:
Па машынах!
У машыны скакалі ўжо на хаду. Кавалькада іх прыйшла ў рух, пакаціла назад, да горада. Але недалёка, адехалася з кіламетр, зноў спынілася на адкрытым цяпер ужо, голым з абодвух бакоў месцы, ахопленай голымі палямі шашы.
З правага боку на гэту галізну паглядаў яшчэ неасветленымі вокнамі змрочны шматпавярховы Miнск. З левага, з кручы адкосу шасэ, прыціскаючыся да абрыву курапацкіх бугроў, у метрах трохстах ад магістралі выстраіліся вялізным кругам міліцыянеры. А ў самым крузе, як бы творачы нейкае паганскае дзейства, пабраўшыся за рукі сядзелі на прыхопленай ужо марозам зямлі чалавек з дзвесце хлопцаў i дзяўчатак.
I зноў не абышлося без кароткага замяшання ў міліцэйскіх шэрагах. Тыя, у полі, за гарадскою рысай, i міліцыя і юнакі на зямлі, былі незразумелымі тым, хто быў на шасэ, i, галоўнае, недасягальным ім і іх тэхніцы, вадамётам, пажарным машынам. Спакуса ж прымяніць гэту тэхніку ў аддаленасці ад гарадскога вока, пэўна, была вельмі вялікай. На самой справе, што гэта за паляванне, столькі боепрыпасу i часу ўжо цэлы дзень марна патрачаны. А зайцы вось яны. Дык i пекануць бы iм. Але, як кажуць, бачыць вока, ды зуб не бярэ. Забегалі, пачалі раіцца міліцэйскія чыны. Канец хістанням i рознагалоссю паклала падмацаванне, што падаспела з горада. Вялізная міліцэйская маса, што засяродзілася на шасэ, зноў прыйшла ў рух. Адрывіста i коратка загучалі армейскія каманды. I ўсё, што тут далей адбывалася, было падобна малюнкам з дакументальных кніжак i кінастужак: «Ніколі не забудзем», «Я з вогненнай вёскі», «У вайны не жаночы твар». Патыхала армейскім, салдацкім потам i порахам, хаця да самага пораху справа не дайшла. I зусім, здаецца, не горача было. Імжыла неба рэдкім i задумлівым кастрычніцкім колкім снегам. Але порахам не пахла. I цяжка было штонебудзь зразумець.
Невядома адкуль, як з-пад зямлі, з тых, што канулі ў Лету i сканалі там, з 19371939 гадоў, вынырнула ваеннае падраздзяленне. Ахоўнага колеру шлемы, каскі. Плексігласавыя шчыты, простым вокам відно, усе ў пыле, пыл той некаторыя выціралі крысом шынялёў, чорнага колеру, вялізныя, ні ў адной замежнай хроніцы, здаецца, не паказвалі, гумавыя дубінкі, колеру агню i полымя балончыкі з газам.
Батальён, за мной! Батальён грымнуў па асфальце армейскімі ботамі. Хтось з яго шэрагаў бурчэў ужо на бягу:
Што я вам, крос ГТО здаю
З кручы шашы батальён пашыбаваў да курапацкіх узгоркаў. I ўжо адтуль, ад магіл, калі перастроіўся там клінам, свіннёй урэзаўся ў тых, хто сядзеў на зямлі сярод поля. Расшкуматаў, размёў, растрапаў людзей. Пераможцы, зноў жа афіцэры, пацяглі ў чорныя варанкі здабычу трафеі. Хлопцаў, дзяўчат і нават асобна бацьку, асобна яго дзіця. Тых, хто ўпарціўся, падганялі кухталямі. Двое з несуноў вялі дыялог:
Ты не разбіў таму, у акулярах, акуляры і камеру?
Не дацягнуўся
Шкада, не на мяне нарваўся.
Па кустах, па полі, па зялёнай руні ішла пагоня, аблава. Ішло паляванне.
Паляванне на людзей не спынілася ў той дзень у полі, лесе і горадзе да самага змяркання. Да змяркання горад быў аддадзены пераможцам. Яны трыумфальна і дзяржаўна прыглядаліся да кожнага, хто вяртаўся з прыгарада, па толькі ім вядомых прыкметах фільтравалі натоўп, спрактыкаваным вокам выхоплівалі крамольныя твары і адзенне. Пад рогат і свіст натоўпу, што паўставаў перад імі жывым барерам, кідаліся ў пагоню за гэтымі тварамі і адзеннем. Але ў асноўным, трэба гэта ўсё ж прызнаць, то былі звышпільныя міліцыянеры-адзінкі, аматары-паляўнічыя. А галоўнае, сапраўднае паляванне праводзілася прафесійна і механізавана, падобна таму, як браканьеры палююць у казахскім стэпе сайгакоў. I мімаволі адчувалася нават пагарда нейкая да той дзічыны, перасыць ад яе.
Механізаваная раць нязменнай сваёй пахавальнай хуткасцю рухалася па вуліцах Мінска, нібыта вяла на кароткай шворцы прыручаную ёй ужо знясіленую дзічыну. Нейкае зборышча людзей утварылася каля ўвахода ў падземку, метро. У асноўным моладзь, пэўна, тыя ж нефармалы з «Талакі», «Тутэйшых», студэнты. Стаялі моўчкі, моцна сцяўшы зубы ў чаканні сваіх, як і не бачачы міліцэйскіх шэрагаў, што імгненна аблажылі іх. Глядзелі дэманстратыўна скрозь іх, у неба, у бок курапацкіх бугроў. Падпаўзла і прыпынілася калона міліцэйскіх машын. Вычакальна аціхла. Моладзь моўчкі, не парушаючы чаргі і парадку, па пяцёрках і дзесятках сыйшла, апусцілася пад зямлю. Тратуары, вуліцы, скверы апусцелі, як вымерлі. Толькі чадна смуродзілі газамі машыны. Начадзілі, раўнулі і, няма чаго рабіць, пайшлі далей, па напрамку руху паяздоў падземкі.