Віктар Казько - Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) стр 19.

Шрифт
Фон

Але вось апошняю вясною як пачулі штосьці дубы, праведалі штосьці аб тым чалавечым спалоху, а мо нешта ў прыродзе вакол іх змянілася. I адчулі, паверылі ў тыя перамены дрэвы. Не адразу, праўда, а спакваля. Вясна ўжо адстаяла сваё. Набліжалася лета. I адной ноччу апрануўся лістом жывы, але позна аказваючы сябе глухі дуб-лянівец. А другой ноччу раскашлаціўся дуб памерлы, ды так густа агарнуўся зялёнай водмаладдзю, што багата хто ў вёсцы адмаўляўся веры даць вачам сваім. З гэтым мясцовага, сялянскага значэння дзівам супала яшчэ адно. Журавель на Палессі абазваўся, падаў чалавеку голас. А голас той быў ужо напаўзабыты палешукамі. Маладыя і не ведалі, не маглі адказаць, хто гэта крычыць-курлыкае. Толькі паважнага веку старыя пазналі, успомнілі: жораўка, журавельчык вярнуўся. Дзіўна, нібы з таго свету прыйшоў зноў да людзей, старых перад смерцю, перад вечным спачынам пацешыць, як дзетак маленькіх. Дажылі.

Але толькі дзіўна, не больш таго, бо жыццё да звера і чалавека ў тыя міласэрныя дні не ведала літасці. I не ўсе і не ўсюды адчулі і прызналі тую міласэрнасць нябёс, той боскі голас, кліч-курлыканне. Той-сёй, канечне, пачухаў патыліцу, задумаўся, адклаў убок, схаваў ці здаў зусім стрэльбу, развітаўся з ёю назаўсёды. Толькі ўсё роўна паляўнічыя сезоны пачыналіся дзень у дзень, хвіліна ў хвіліну, як абвяшчаліся.

I хвіліны тыя былі жудаснымі. Грукат на сенажацях, пры азярынах і дубровах як пры штурме рэйхстага. Роўна ў дваццаць чатыры нуль-нуль, у няўчассе, у глухі час Быка глухлі і слеплі рэкі, азёры, лясы, людзі і звяры. Свінцовы град сыпаўся з неба, як дождж. Звер абміраў і шыўся ў норы. Птушка дзікая, хоць і пазначаная радыяцыяй, губляла галаву, заплюшчвалася і ў апошнім адчаі цягнула з балот і вады ў глухаманцы лазнякоў у вёску, на сялянскі падворак, да сваіх хатніх суродзічаў. А кананада вакол не сціхала. На вайне як на вайне. Білі, нішчылі ўсё жывое, што лётала, поўзала, рухалася і не здольна было рухацца. Азарт. Нармальны стан і паводзіны чалавека са стрэльбаю. Закон вечнага чалавечага спектакля: калі ёсць стрэльба, значыць, яна павінна стрэліць. Чалавек уладар прыроды і абавязаны змагацца з ёю і скарыць яе.

I ён змагаўся. Адзін, гуртам, ланцугом, клінам, свіннёю. I вось ужо прыкмеціў недзе ў раёне салігорскіх рукатворных гор здзічэлага ад адзіноцтва, састарэлага ўжо і загадзя пасоленага зайца. Ён там, сярод салявых адвалаў, як сведчаць некаторыя аматары прыроды, вельмі добра асвойтаўся і прыжыўся. Там жа, на Случчыне, на журботных яе палях, як сведчыць пісьменнік Алесь Жук, адстрэльвалі апошняга жураўля. Па сведчанні газеты «Труд», у Вілейскім раёне мясцовая знаць, што прыбыла на запаведнае лебядзінае возера, наладзіла сабе там каралеўскае паляванне. Усюды, усюды, з краю ў край рэспублікі. Усё жывое ў прыродзе і чалавеку аганізавала, расстрэльвалася ва ўпор.

Але асабліва ўдалым, проста цудоўным было паляванне ўсё ж на Палессі, таму што ў Беларусі нічога так не любяць, як Палессе, ні аб адным кутку не складзена больш песень і паданняў, раманаў і вершаў, не праспявана больш песень. Гэтыя песні і казкі расстрэльвалі, а праўдзівей, дастрэльвалі пасля меліяратараў і Чарнобыля. Гэта магла б засведчыць і палеская ластаўка, светлае і чыстае цудадзіця Палесся. I там ішло паляванне іменна на гэта цуда, на дзіця, пад белымі крыламі якога знаходзіцца сама беларуская зямля «Белый аист летит над Полесьем» Прыгожа. Іменна на аіста-бусла і ішло там паляванне.

На месца будучага бою раць прыбыла механізаваная: дзяржаўнага жалобнага колеру «Волгі» паглынулі запаведнікі; дэмас-«Лады», як славянскія ладдзі, пацягнулі ў месцы больш дэмакратычныя, да даступных берагоў рэчак і азярын, «казак-электроны» «Запарожцы», матацыклы паскакалі ў непралазнасць балотных хмызоў.

На беразе ракі пад дубам з кучаравай водмаладдзю, тым самым, што прыйшоў у жыццё ўжо з небыцця гэтаю вясной, сталі табарам, абядналіся тры машыны: «Волга», «Лада», «Запарожац». Як кажуць, нефармальны інтэрнацыянал. Але нефармальнасць нефармальнасцю, а форму выканалі. «Волзе» аддалі самае лепшае месца, у зацішку і ўкрыцці галін дрэва, на той выпадак, калі надарыцца дожджык не дастане. А ўсё астатняе было па сцэнарыі, пісаным жыццём. Інтэрнацыянальна згуртаваўшы рады, урэзалі вінца, гарэлачкі і каньяку, таго, «Белага аіста», піўка таксама. У дваццаць чатыры нуль-нуль, у час Быка, адсалютавалі. На світанні прачнуліся, абмундзіраваліся, каб па суху і па вадзе. Узброіліся і пайшлі, ужо, лічы, па вайне і на вайну, у блакаду стрэльбавай пальбы. Для іх гэта блакада і вайна аказалася бяскроўнай. У прыродзе ўсё, што можна толькі забіць і згвалціць, было ўжо забіта і абрабавана. Нікога не бачылі, нікога не чулі, ніякай шкоды нікому не зрабілі, але боепрыпасы выкарысталі. Стомленыя, але задаволеныя, крыху безупыннай кананадай прыглушаныя, вярнуліся ў свой табар. I тут, во жах, дзяржаўная «Волга», з такім клопатам прытуленая ў зацішку, аказалася ў тым самым, у гаўне. Дожджык яе мо б і не дасягнуў, а буслы дасталі, здолелі. I ніякай пачцівасці і павагі, густа, шчодра і рознакалярова: верх, багажнік, дзверцы, шкло. Так шчодра і густа, што няйнакш як з перапуду.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора