Віктар Казько - Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) стр 12.

Шрифт
Фон

Духавой музыкі аркестр у горадзе. Ён сёння трохі падобны на каня Пржавальскага, якога выпхнулі з канюшні, заперлі на гарадскі машынны асфальт. Ён заблудзіўся на ім і сканаў, пакінуўшы нам толькі сумны і светлы ўспамін аб сваім гучным і вясёлым іржанні. Але аркестр гэты, што чыгунна чаканіў сваім шэсцем перадзімова ўжо выстуджаны горад, ні ў кога не выклікаў ні цікаўнасці, ні здзіўлення, усмешкі нават, нібы быў складзены са зданяў. Ён іграў, але ў той жа час як бы нема маўчаў. I горад быў немы ўсімі сваімі вуліцамі, акрамя галоўнага Ленінскага праспекта, нібы ў горадзе зявіўся нябожчык вельмі высокага рангу, катораму па яго становішчы не да твару быў і жалобны марш. Адно толькі гэта і пасавала яму ў яго дзяржаўнасці: «Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек»,  што і іграў аркестр.

I сотні, тысячы мінчан з двух бакоў Ленінскага праспекта спяшаліся па тратуарах да Маскоўскіх могілак. Ішлі шчыльна, як у чарзе да Маўзалея, моладзь з кветкамі, ішлі па адным і семямі, з дзецьмі, некаторыя кацілі перад сабой дзіцячыя каляскі з немаўлём у ёй. Спыняліся перад чырвоным вокам святлафораў, чакалі дазваляльнага, зялёнага. Дарога была доўгай. Метро на падездах да могілак было зачынена: «па тэхнічных прычынах». Грамадскі і прыватны транспарт спынены міліцыяй без абвяшчэння прычын. Усе скрыжаванні ачэплены шматслойнымі нарадамі міліцыі, мыш не праскочыць. Праезд быў дазволены толькі міліцэйскім машынам, некаторым гарадскім, прыгарадным i нават міжгародным аўтобусам, але толькі адзінымі пасажырамі тых аўтобусаў зноў жа былі людзі ў міліцэйскай форме не простыя міліцыянеры, а ўсе спрэс афіцэры, міліцэйскія чыны. Мо гэта асаблівасць іменна мінскай міліцыі, але чамусьці сярод яе мала радавых, падобна на тое, калі ў Мінску нарадзіўся міліцыянер, то абавязкова ўжо як мінімум з адной зоркай на пагонах.

Бесперашкодна праходзілі і ваенныя машыны, што незразумела, з якіх нор і берлагоў павыпаўзалі. Мінск і мінчане ні дагэтуль, ні пасля іх не бачылі, то былі машыны спецыяльнага прызначэння. Так, бачыць іх ніхто не бачыў да часу ікс, але было відавочна, што яны ўжо зведалі працу. Хапіла ім. Ахоўнага колеру фарба блішчыць і ззяе свежасцю i лакам. Рэжуць вока адлакіраваныя чорныя, як нагуталіненыя, нумарныя знакі, a caмi машыны, жалеза ix, нібы прайшлі праз метэарытны дождж. Ці прывезлі іх па крайняй меры з Чылі, у падарунак ад Піначэта або яшчэ якоганебудзь правадыра, ці сышлі на мінскую зямлю з экранаў тэлевізараў. Забітыя жалезнымі кратамі фарывочы, у тых жа кратах назіральнае шкло, падобныя на байніцы кулямётных гнёздаў акенцы-вадамёты. Чорныя «варанкі» ахоўнага колеру ды яшчэ з камуфляжамі пад вусеня-лістаеда, далёка не раўня будзённа-звычным міліцэйскім шырока прасторныя, змрочна-змяшчальныя. I ішлі яны дзяржаўна, нехапатліва, як здольны хадзіць у зацішку зялёнага гаю цяжкія танкі, паўзлі, грэбліва і смуродна акурваючы лішкам, перанасычанасцю прытоенай у іх сілы, усведамляючы гэтую сваю сілу, усё цывільна хапатлівае, інтэлігентна дакучлівае, шморганае. Свежапамытыя палымяныя і мірныя пажарныя машыны здаваліся ў атрутна-зялёнай іх засені проста ёлачнымі ўпрыгожваннямі. Як твар немаўляці, анёла-херувіма сярод іх былі чыстыя і нявінныя вёрткія медыцынскія хуткія дапамогі.

Каму толькі яны былі павінны дапамагаць? Па якім нябожчыку, што за сляза тая пякучая, сляза ўсенароднага гора са стратай прытомнасці і свядомасці была павінна праліцца, калі картэж, механізаваная раць каля брамы Маскоўскіх могілак складала больш за сотню розных машын? Што за вораг раптоўна зявіўся ў горадзе Мінску? Напалеон са сваім войскам паўстаў з магіл і па Маскоўскім тракце рушыў сюды ўсіх сваіх забітых і тапельцаў з пераправы на Беразіне, а мо пракручвалася нанава аперацыя Баграціён і гораду ішло вызваленне? Каго і ад каго тут гэтая раць была павінна бараніць: жывых, што з кветкамі ў руках запоўнілі плошчу, ці мёртвых, што пакорліва і назаўсёды леглі пад магільныя пліты?

Уваход на Маскоўскія могілкі, шырокія вароты з несуцешна і высока, як скульптурная група калгасніцы і рабочага над уваходам на ВДНГ, жалобнай постаццю жанчыны над імі, якая толькі што страціла сына ці дачку, былі ў некалькі радоў ачэплены курсантамі Мінскай школы міліцыі. Уздоўж гэтага ачаплення хадзіў невысокі, каржакаваты падпалкоўнік з мегафонам у руках і заклапочанасцю аратага на стомленым сялянскім твары, у добра паношаным ужо шынялі, больш падобным на брэзентавік пасляваеннага старшыні не надта заможнага калгаса. Групы міліцэйскіх чыноў больш высокага звання. Шматлікія групоўкі людзей у цывільным, у ананімнасці твараў каторых за вярсту прачытвалася іх прыналежнасць. Яны былі раскіданы як кветкі сярод чартапалоху ці, больш дакладна, як чартапалох у полі кветак у вялізным ужо натоўпе на плошчы каля Маскоўскіх могілак. I было дзікавата і незразумела адчуваць нейкую ярую і непрыхаваную варожасць да гэтых позніх восеньскіх кветак, варожасць людзей, у каторых кветак не было. Нібы кветкі былі ў нечым вінаватыя перад імі. Ці зусім ужо то былі не кветкі, а плашчы тарэадораў, што цвялілі вока. I нявере ў іх, недавер гэтым астрам і гваздзікам хутка зрабіліся ўсеагульнымі і пераважнымі. Нявере адно аднаму і адно да аднаго, нібыта ўсе тут былі сексотамі, з кветкамі і без. Кветкі, здавалася, на вачах вялі некаторыя з людзей трымалі іх рукамі пад горла марнелі ад сцюдзёнай зябкасці полудня і здушанасці чалавечага дыхання, духу паліцэйшчыны і сакрэтнага дазнання, што быў учынены на плошчы ўсім прысутным. У паветры адчувальна патыхала жахам. I зноў гэты жах быў незразумелы і невытлумачальны. Ці то напалохаліся мёртвыя і пачалі дыхаць жахам, панеслі яго да жывых, ці то ў жывых абудзілася нешта такое, што прыйшло да іх разам з малаком маці, геннае. Яны былі ж свабоднымі, і ніхто ім адкрыта не пагражаў. У любую мінуту яны маглі павярнуцца і пайсці адсюль, і ніхто б іх не затрымліваў. I самыя баязлівыя, што былі ўжо напалоханы на ўсё сваё і дзяцей сваіх жыццё, так і зрабілі. Натоўп ад гэтага не паменеў, хаця стаў і больш падазроным. Усе раптам пачалі азірацца, скоса шнарыць вачыма па тварах адно аднаго, як па кішэнях, нібыта вось так імкнуліся і спадзяваліся набыць кропку апоры, шукалі таварышаў па службе, суседзяў па кватэры, проста знаёмых. А калі знаходзілі, сутыкаліся позіркам са знаёмым, спяшаліся яму насустрач, абядноўваліся і ў гэтым абяднанні яшчэ больш раздрабняліся, расслайваліся, пакідаючы ў пустотах руху і еднасці дух варожасці, ворага, творачы вобраз ворага з нічога, з кожнага, каго раней не бачылі і не ведалі, не здароўкаліся, не рукаліся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора