І яшчэ бачылася К., як заўтра ён ідзе з заплечнікам, бітма начыненым свежым «агітпропам» гэткі гібрыд шахідскага Dead-Мароза й тэрарыста Івана Памідорава. Ідзе па сон і спакой невядомых яму сыноў і дачок палка.
2829 снежня 2007 г.таравываН
Насельнікам і прывідам крамы «Рыба» прысвячаецца
1. Кімано
Крама «Рыба», што на Карламарла, была адным з яго першых усвядомленых успамінаў. Тады на гэтай вуліцы было няшмат крамаў. Забіраючы яго з садка, маці часцяком заходзіла ў «Рыбу», і ён памятае, як разглядаў славутыя барэльефы на сценах. Насамрэч ён толькі рабіў выгляд, што іх разглядае. Сам жа цішком выкалупваў драўлянай палачкай з прымацаваным на канцы пластылінам драбязу, што пазакатвалася пад касу
Пад «Рыбай» месцілася цырульня, куды ён хадзіў раз на месяц. Туды ж хадзіла ўся вуліца. І, мабыць, дзве суседнія, бо праседзець у чарзе можна было да апупення. На пытанне цырульнічкі, як стрыгчы, ён, чырванеючы, адказваў: «Гэтак жа, як і вас». Звычайна яму траплялася майстрыха з самай неахайнай фрызураю. Тая стрыгла, ні разу не зірнуўшы ў ягоны бок нават праз люстра, уважліва разглядала чаргу і балбатала з таварышкамі. Закончыўшы, яна казала на развітанне: «Следующий!» Пасля такога сеансу ён дзякаваў Богу, што не пазбавіўся вушэй.
Адна з першых сустрэчаў (нават сутычак) з боскім адбылася, калі ён пайшоў на секцыю па тэйквандо ў Дом фізкультурніка. Ён, натуральна, не ведаў, што насамрэч тое быў замаскаваны пад Дом фізкультурніка старадаўні касцёл. Адзіным, што ўказвала на адметнасць гэтага месца, былі гукі арфы, што часам даносіліся адкульсьці зверху падчас трэніровак і дзіўна накладаліся на рэзкія карэйскія каманды. Тады якраз адбывалася барацьба вернікаў за вяртанне храму яго першаснага аблічча. Пасля прэзідэнта мясцовай федэрацыі тэйквандо пасадзілі за згвалтаванне, а Дом фізкультурніка ізноў зрабіўся касцёлам Але ўспамін такі. На трэніроўкі ён хадзіў з вялізным пакетам з надпісам «Белпласт», ручкі якога зашпільваліся адмысловым чынам. У пакеце было «кімано» й чэшкі.
(«Кімано» ўзята ў двукоссе з тае прычыны, што напраўду такім яно не было. Калі ён паведаміў бацькам, што паспяхова здаў першы іспыт і мае права на ганаровае нашэнне кімано, бацькі сказалі, што нешта прыдумаюць. Кімано напраўду каштавала да халеры, але не было для яго нічога жаданейшага. Бялюткае, а яшчэ лепш чорнае, з тоўстай матэрыі ў рубчык і з Пасам, тое была ягоная мара. І вось урачысты момант. Яму прэзентуюць пакунак, дзе ляжыць яно. Ужо па вазе ён здагадваецца, што мары не суджана спраўдзіцца. У пакунку ляжыць нейкая паркалёвая сукеначка, акуратна пашытая бабуляй па ўласных выкрайках. І адпаведны ж анучавы пасік з нашытымі, згодна ступені, жоўтымі шаўронамі на канцах. Бабулю й бацькоў ён любіў і паважаў, таму ні слова папроку ад яго пачута не было. Праплакаўшы паўначы, далей ён хадзіў на трэніроўку ў гэтым «кімано» й ранейшым трыкечку.) І вось, стоячы на лесвіцы Дома фізкультурніка, ён звыкла закідваў свой пакет на плячо, не заўважыўшы, што следам выходзіць нейкая бабулька. Удар ледзь не збіў яе з ног. Ён пачаў выбачацца, але ў вачох бабулькі не пабачыў даравання. Бабулька сказала: «Вандалы. Нічога, не доўга вам тут засталося». Гэта была першая пачутая ім фраза па-беларуску па-за фармалісцкімі ўрокамі па белмове ў пачатковай школе.
2. Буйкі
Ад таго тэйквандо напраўду толку было мала, але пра гэта даведаўся трохі пазней. Крама «Рыба» знаходзілася акурат пасярэдзіне між яго домам і школай. Да школы было каля 15 хвілінаў хады па Карламарле. Большасць школьных сяброў жылі альбо тут, альбо на паралельных вуліцах. Ён абсалютна не ведаў іншых раёнаў і мог заблукаць паўсюль, калі б яго выкінулі дзесьці ў адкрытае мора горада. Па сутнасці, арэал ягонага існавання ледзь не да паўналецця абмяжоўваўся стадыёнам з аднаго боку і часткай праспекта з другога. Вядома, былі яшчэ двары й дахі, дзе, абвязаўшы твары піянерскімі гальштукамі, яны выяўлялі хто ніндзяў, а хто хонгільдонаў.
У доме, дзе ён жыў, трапляліся рэліктавыя экспанаты. Напрыклад, жанчына з муштуком, якая выносіла старарэжымнае плеценае крэсла на двор, сядзела, гайдалася, санліва аглядаючы наваколле паўз шызы цыгарэтны дымок
Дом, як, дарэчы, і ўсю Карламарлу, будавалі палонныя немцы. Гэты факт меў амбівалетныя наступствы: з аднаго боку, нямецкая грунтоўнасць дазваляла жыллёва-эксплуатацыйным службам дзесяцігоддзямі эканоміць на капрамонтах (то бок папросту з прыборам на іх класці). З іншага ж боку, толькі аднаму Богу і галоўнаму інжынеру ЖКГ было вядома, на якіх соплях трымаўся падмурак. Уладзю, калі ён спускаўся ў сутарэнні па ровар, здавалася, што варта дастаць хоць адну рудую, няйнакш нямецкімі грунтоўнымі рукамі ўкладзеную цагліну, як уся спаруда лясне к чортавай матары.