Анатоль Івашчанка
Анаталогія
Апавяданні, запісы, эсэ
© Івашчанка А., 2015
© ПУП «Кнігазбор», 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Плошча Перамогі
Апавяданні
Пах волі
Саша очень любит книги про героев и про месть,
Саша хочет быть героем, а он такой и есть.
Саша носит шляпу, в шляпе страусиное перо,
Он хватает шпагу и цепляет прямо на бедро.
Саша гадаваўся без бацькі. Як падавалася нам, дванаццаці-трынаццацігадовым, гэты факт, пры ўсіх сваіх мінусах, меў адзін вельмі вялікі й неаспрэчны плюс: ступень свабоды, якая нам і не снілася.
Сярод мінусаў галоўным было татальнае безграшоўе. Сашава маці, што працавала, здаецца, рэстаўравальніцай у мастацкім музеі, у час, калі краіна працягвала жыць па прынцыпе «скажы, дзе працуеш, і я скажу, што крадзеш», ледзь дацягвала ад авансу да заробку. Праўда, амаль ніхто з нас, хлопчыкаў з семяў шараговых ітээраў, работнікаў розных НДІ, заводаў, сфераў харчавання й сацыяльнага абслугоўвання, не раскашаваў. За вельмі рэдкім выняткам.
Газеты стракацелі выкрывальніцкімі нарысамі пра наменклатуршчыкаў, што панабудавалі шыкоўныя фазэнды пад Менскам у час, калі народ пухне з голаду, пра фірмачоў, што бессаромна нажываюцца на вачах у чэсных працаўнікоў, пра валютныя спекуляцыі, пра з гразі ў князі ды іншую трасцу Бацькі на кухнях абмяркоўвалі ўсё гэта, лаялі фірмачоў і спекулянтаў, чыталі «Огонёк», выпісвалі «Новый мир» і «Химию и жизнь», гадзінамі слухалі Ельцына й Кашпіроўскага, чакаючы ад іх нейкага цуду. Да зяўлення ж цуду ўласнага заставаліся лічаныя месяцы.
Мы ж, пакаленне джынсаў «Мальвіна», гуртоў «Наутылус» і «Крэматорый», магнітафонаў «Інтэрнэшнл» і кампютараў «Байт», ведалі два адносна хуткія спосабы «азалаціцца» памыць альбо павартаваць. Адразу ж пасля школы мы кіраваліся наўпрост да адзінага ў ваколіцах рэстарана, дзе акурат на абед зязджаліся крутыя па тых часах іншамаркі альбо, на скрайняк, апошнія «Лады». «Памыць ці павартаваць?» такім пытаннем мы віталі наведнікаў. Згода на «памыць» успрымалася як сапраўднае шчасце й здаралася дужа рэдка. На «павартаваць» хутчэй як міласціна. Найбольш частым адказам было грэблівае маўчанне альбо, як варыянт, штосьці накшталт: «Не надо. Но если с машиной что-то случится, я тебе глаз на ж*пу натяну».
Саша ніколі не працаваў з намі.
Тыя кішэнныя грошы, што выдаваліся бацькамі «на булачку», чым далей, тым меней скарыстоўваліся па прызначэнні. Яны ішлі ў «абшчак», і на іх таму з нас, хто выглядаў самым дарослым, мы даручалі набыць пачак цыгарэт альбо, зрэдку, парнаграфічную літаратуру, якая запоўніла тады паліцы кнігарняў. Абгорнутыя ў непразрыстую падручнікавую вокладку, гэтыя кнігі чыталіся па чарзе; той, хто чытаў першы, падкрэсліваў чырвоным стрыжнем патрэбныя мясціны. Дзеля канспірацыі мы называлі гэта «геаметрыяй». Калі падыходзіла чарга, ты казаў: «Дай геаметрыю пачытаць».
Саша «геаметрыю» не чытаў.
Цыгарэты. Гэтае страшнае слова, якім нас палохалі ледзь не з садка. Так, гэта быў забаронены й, адпаведна, дужа салодкі плод. Пянлівы смак і пах першых сігаў згадваецца з вастрынёй, параўнальнай са згадкай мо толькі пра першую выпадкова-спантанную эякуляцыю
У адрозненне ад нас, Саша паліў па-даросламу. І крышку пазней, калі ў яго выявілі парок сэрца, кінуў. Таксама па-даросламу, з ломкай ці чымсьці падобным.
Зрэдку, можа раз на паўгода, Саша сустракаўся з бацькам. Пасля гэтых сустрэч ён мог зрабіцца ўладальнікам «Байта» альбо «Інтэрнэшнла». Альбо, бывала, недзіцячай сумы грошай. Гэтыя грошы ішлі выключна на ягоныя ўласныя патрэбы, і нават калі ў маці не заставалася ні капейкі, яна не звярталася да яго па фінансавую дапамогу. Хаця хто цяпер можа з пэўнасцю пра гэта сказаць?..
Калі табе трынаццаць, калі ты раптам у пэўны момант пачынаеш бачыць і адчуваць усё па-іншаму, калі свет паўстае перад табою стракатай гамай гукаў, пахаў, перажыванняў, спакусаў і г. д. зрэшты, можна не працягваць. Гэты пяшчотны ўзрост шмат разоў апісаны да нас іншымі спыняльнікамі імгненняў Але калі табе трынаццаць, ты яшчэ нічога не ведаеш пра сябе, пра тое, хто ты й навошта. Ты не аналізуеш. Жывеш сабе й жывеш. А вось Саша, здавалася, ведаў.
Мы любілі прыходзіць да яго ў госці. Сашава маці не была ў захапленні ад гэтых частых візітаў. Яна ніколі не распытвала пра вучобу ці пра нешта з кола падлеткавых зацікаўленасцяў. Але асабліва й не замінала гэтым візітам.