Зрэшты, усё зразумела: інтэлігент. Сапраўдны. З вялікай літары. Менавіта такія лёс іншага народа прымаюць да душы і сэрца як свой уласны. Чалавечнасць у іх паперадзе ўсяго.
1995Які жах!
74 дэпутаты ВС РБ звярнуліся да Прэзідэнта РБ з просьбай правесці рэферэндум, якім надаць рускай мове (у Беларусі) статус другой дзяржаўнай. Гэта значыць, патрабуюць беларускую мову як дзяржаўную ліквідаваць. Іначай разумець іх просьбу нельга. У нашых умовах даць рускай мове правы дзяржаўнай гэта азначае: беларускай мове смерць.
Вось такія патрыёты Роднай зямлі, Роднай мовы. Такія слугі беларускага народа. Іх прозвішчы ў газеце «Звязда» за 18 сакавіка 1995 года.
1995Неверагоднае!
Вось што пачуў беларускі народ ад самай высокай дзяржаўнай асобы: «Давайте сначала образуем экономический союз! А потом сам собой возникнет и политический, и тогда посмотрим, федерация будет, или конфедерация, или еще что-нибудь»
Нечуванае ў гісторыі народаў зявішча! Кіраўнік незалежнай суверэннай дзяржавы свядома дапускае і загадзя плануе яе ліквідацыю! І заклікае сваіх падапечных грамадзян рыхтавацца да гэтай самаліквідацыі! Проста неверагодна! Першы заступнік і абаронца самастойнай незалежнай дзяржавы, гарант па канстытуцыі яе суверэннасці, сумняваецца, мякка кажучы, у неабходнасці яе існавання! І што, пачуўшы гэту навіну, думаюць пра нас у Eўропе, у Амерыцы, у Азіі? І ў цэнтральнай Афрыцы? І на астравах Акіяніі? Што?..
1995І нікому не сорамна
Факты, якія сведчаць пра глыбіню маральнага падзення грамадстваПраз 50 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны прымаецца рашэнне: арганізаваць пошук і пахаванне астанкаў франтавікоў і партызанаў. Спецыяльнай пастановай загадваецца прывесці ў парадак магілы франтавікоў і партызанаў. Не сэрцам, а пастановай!
У гарадах вуліцы па-ранейшаму называюцца імёнамі тых, хто быў супроць дзяржавы Беларусь. Сведчанне адсутнасці дзяржаўнай годнасці і гонару.
1995Дай жа Божа!
І зноў і зноў думаю: а ці хто калі-небудзь прачытае іх, мае кнігі публіцыстыкі, у якіх сабраны артыкулы, нататкі, гутаркі, прамовы, з дэпутацкай і розных іншых трыбун пра гэты несуцішны боль, пра гэту неадхланную трывогу за лёс нашага народа, нашай мовы і культуры, нашай дзяржаўнасці? А што будзе толку, калі і прачытае тады, як усё будзе на апошнім здыханні, усё будзе дабіта да ручкі? А невядома! Можа, і дапамогуць каму. Калі для нас пачала адкрывацца публіцыстыка ідэолагаў і айцоў БНР (Купалы, Лёсіка, Бядулі, Гаруна, Шантыра, Бурбіса, Смоліча, Ластоўскага, Цвікевіча, братоў Луцкевічаў і іншых), хіба мы не адчулі, што гэта нам трэба, што іх палымянае слова было не марным, што і праз 70 гадоў мы бяром яго для жыцця і змагання, бяром (чытаем і перачытваем), каб мацней паверыць у іх і нашу супольную справу у вялікую справу нацыянальнакультурнага і дзяржаўнага адраджэння Беларусі?.. Адчулі, і бралі, і бяром, у тым ліку і я, шараговец у арміі валанцёраў Свабоды і Незалежнасці, ад самых маладых гадоў апантаны любоўю да Бацькаўшчыны і верай у яе вялікую будучыню. О, як мяне падтрымала і падтрымлівае іх натхнёнае Святою Праўдаю Слова!..
1995Я кажу «ад ідэалаў»
Праклінаю той дзень, калі мы ў сваёй краіне адракліся ад сацыялістычных ідэалаў і кінуліся маліцца ідэалам капіталістычным біць паклоны не Богу, а залатому цяльцу. Я кажу: ад сацыялістычных ідэалаў, а не ад сталінскага ці брэжнеўскага «сацыялізму», які не быў увасабленнем тых ідэалаў, бо быў увесь на хлусні і наскрозь фальшывым. Але пры ім сумленныя людзі маглі заставацца сумленнымі і нават больш-менш зносна існаваць. Цяпер сумленным людзям жыць становіцца ну проста немагчыма.
1996Няўцямныя, ці што?
Чаго мы, усе жыхары, усе грамадзяне Беларусі, хочам? Лепшай долі? Хочам жыць заможна, культурна, па-людску? Дык жа зразумеем нарэшце адну элементарную ісціну, а менавіта: толькі тады, калі чалавек у сваёй хаце гаспадар, калі ён сам глядзіць і вырашае, што яму трэба рабіць і зрабіць, ён можа зажыць па-людску. А калі яму будзе сусед дыктаваць, што садзіць у агародзе і якую жывёлу гадаваць, і якую страву варыць, і дзе ў хаце якую мэблю паставіць, і якія абразы павесіць і г. д. значыць, ён не гаспадар, і ніколі ў яго не будзе ладу-парадку і дастатку