Даволі цяжка паддаюцца зясненню пэўныя падзеі 19051906 гг. Традыцыйна лічыцца, што ў адпомсту за загад расстраляць мірную маніфестацыю ля Віленскага вакзала ў Менску (17 кастрычніка 1905 г.) эсэр Іван Пуліхаў ажыццявіў замах на губернатара Курлова, быў схоплены і неўзабаве павешаны на варотах Пішчалаўскага замка. Ягоны труп чатыры дні вісеў, нібыта для застрашэння гараджан. Як высвятляецца, насамрэч улады ніяк не маглі знайсці смеляка, каторы б наважыўся зняць цела з бэлькі. Іван Пуліхаў быў не зусім чалавекам. Знойдзеныя нядаўна Ахрэмам Шыбтымавым фрагменты апісання патолагаанатамічнага агляду цела знакамітага эсэра сведчаць пра мноства дзіўнотаў: «элементы чешуи по всему телу», «строение глаз выразительно птичье», «шестипалость обеих рук», «странные уплотнения на предплечьях». «Провести должным образом вскрытие не удалось. После первого надреза по неизвестной причине тело воспламенилось», занатаваў патолагаанатам Ёсель Цынгель.[34] Магчыма, Пуліхаў быў феніксам-пярэваратнем апрычоным адгалінаваннем ад галоўнага віду? Такія, як Пуліхаў, адрозніваліся меншымі памерамі і дзівоснай здатнасцю выглядаць як homo sapiens. Пра іх нам гавораць і беларускія легенды: часцяком у іх прыгадваецца, як вогненны змей або цмок здатны абяртацца ў чалавека.[35] А беларускаму народу мы можам цалкам давяраць, бо ён мудрэйшы за ўсе акадэміі навук.
Феніксы ахвотна супрацоўнічалі з дзеячамі навукі і культуры Беларусі XIX ст. Філаматам, што надта любілі праводзіць доследы з электрычнасцю, даводзілася камунікаваць з такім перастарым феніксам, што жыхарыў у ваколіцах Вільні. Да нас дайшлі чарнавыя запісы для спавешчання «Апісанне доследу для высвятлення наступстваў уздзеяння электрыкі птушкі-фенікса на малако і мёд» (каля 1817 г.). Аўтарам спавешчання быў адзін з філамацкіх фізікаў Аляксандр Карнэліюс Дзядэцкі. Вынікі эксперыментаў былі сенсацыйнымі: што з малака, што з мёду пасля электраўдару ўтваралася гарэлка.[36] Як ведама, удзельнікі тайных студэнцкіх таварыстваў у бальшыні сваёй гэты напой не паважалі, стараліся піць слабейшае. Апошняе і тлумачыць, чаму адкрыццё не стала ведамае для шырэйшага навуковага і грамадскага кола.
У 1880-я гг. нейкі фенікс жыў на Ўздзеншчыне ў маёнтку Над-Нёман, які належаў прыродазнаўцу Якубу Наркевічу-Ёдку. Маёнтак быў ператвораны ў эксперыментальную лабараторыю, у якой даследаваўся шырокі спектр фізічных зяваў улучна з электрычнасцю. Дзякуючы феніксу ставіліся доследы і з радыёхвалямі. Паводле сведчання юрыста Януаря Плескачэўскага, 29 кастрычніка 1887 г. Наркевіч-Ёдка, «выкарыстоўваючы электраздатнасць фенікса, без дроту перадаў гук з Над-Нёмну ва Ўзду. З адмысловай скрынкі ў маіх уздзенскіх апартаментах я пачуў у хрыпенні і шоргаце знаёмы голас навукоўцы: «Літва! родна зямелька, ты маўляў здароўе!». Радасць мая крэсаў не знала».[37] Запатэнтаваць вынаходку, на жаль, не ўдалося у навуковых колах Расійскай імперыі вельмі моцнымі былі прапапоўскія настроі (але ці праводзіў тады Папоў свае вышуканні, невядома). Дый сам літвін-беларус не жадаў лішні раз нагадваць расійцам пра дзівоснага птаха, які так моцна ад іх цярпеў.
Асобна варта адцеміць заслугу беларускага фенікса ў нашай Нацыянальнай Рэвалюцыі 1918 г. (паводле выразу Антона Луцкевіча). Калі Беларусь рэзалі лініяй фронту, калі ейны лёс, як і лёс усёй Сярэдняй Еўропы, здаваўся вельмі няпэўным, найлепшыя сыны нашае Бацькаўшчыны гучна абвясцілі свету пра незалежнасць Беларускае Народнае Рэспублікі. Было гэта, як ведама, 25 сакавіка 1918 г. Вырашальную ролю ў прыняцці Вялікага Сакавіковага Акту Трэцяй Устаўной Граматы БНР адыгралі віленскія дзеячы, якія 23 сакавіка далучыліся да працы Рады БНР. А маглі б і не далучыцца, бо падарожжа па віленска-менскім адцінку Лібава-Роменскай чыгункі ледзьве не скончылася трагедыяй. Недалёка ад вёскі Турэц-Баяры банда маладзечанскіх разбойнікаў на чале з Антонам Шадрыным (мянушкі Ангел, Белы, Сняжок) рыхтавалі напад на цягнік. Атаман меркаваў, нібыта ў адным з вагонаў тайна перавозіцца каштоўны груз: золата і дыяменты. Разбойнікі зазвычай нікога з пасажыраў жывым не пакідалі. Нездарма ж на сваім чорным сцягу з выяваю белага чэрапа і костак атаман змясціў покліч: «Без царя во главе». Віленчукоў чакала б немінучая расправа. Аднак у бандыцкія планы ўмяшаўся злы фатум. Калі бандыты ўжо сядлалі коняў, над лесам, дзе яны таіліся, праляцеў незвычайна вялізны фенікс. І хоць цемра агарнула хеўру на зусім кароткі прамежак часу, яна (гэтая цемра) падалася бясконцаю. Атаман Шадрын, які ўперад быў настаўнікам расійскае славеснасці, адразу прыгадаў «Слова пра паход Ігараў» і спехам адмяніў выправу.[38]