Менскія адрэсы
Месца, дзе стаяў дом аптэкара, невядомае, але, напэўна, блізка Новага Рынку, бо чалавек ён быў патрэбны. Тут жа, у Новым месце ля дома Людвіга Залатара ў 1600 годзе стаяў дом яшчэ аднаго аптыкара Паўла Міхайловіча, а ў 1618 яшчэ аднаго залатара Івана Амазікавіча. У рынку новом, против ратуша жыў земскі суддзя Грыгорый Макаравіч, які, апроч таго, меў яшчэ маёмасць на Траецкай гары. Побач, таксама насупроць ратушы, стаяў дом краўца Івана Макранскага, у якім гасподаю стаяў сын менскага старосты Уладыслаў Станкевіч. У доме, што меў назву Дзеравянчын, жыў служэбнік князя Фёдара Друцкага-Горскага Венцлаў Макранскі з Марушай Грамычанкай, а дом з назвай Макаравичовский земскі суддзя Марцін Валадковіч набыў у пана Крыштафа Макаравіча ды падараваў у 1622 годзе сваёй жонцы Дароце Монвідаўне Дарагастайскай. Ён стаяў таксама насупраць ратушы паміж дамамі Івана Злотніка і Яна Цырульніка. У 1641 г. дом згарэў, і ў дакументах згадваўся ўжо толькі голы пляц. Пасля смерці Марціна Валадковіча ягоная жонка Дарота дала дазвол сыну Крыштафу будаваць на тым голым пляцу будынки, якие захоча.
Дарэчы, пожар огнисты, які ў 1641 і 1646 гадах знішчаў Новае места, нарабіў у Менску шмат бяды, спустошыўшы безліч гарадскіх пляцаў. Пацярпеў нават Менскі Дамініканскі кляштар, у якім згарэлі падчас пажару дакументы панны Марыны Стужынскай. Кароль Уладыслаў IV Ваза нават выдаў лібертацыю менскаму магістрату як погорельцам.
У 1641 годзе пасля пажару менскі земскі пісар Крыштаф Валадковіч вырашыў прадаць свайму брату Яну, які таксама меў пасаду пісара, але ў менскім гродскім судзе, свой пляц на вуліцы Полацкай за 500 злотых польскіх, які сам не так даўно атрымаў у дарунак ад маршалка ВКЛ Казіміра Леона Сапегі. Пасля пажару вымушаны былі прадаваць свае пляцы многія людзі, што жылі ў Верхнім горадзе. Так, стольнік Менскага ваяводства Ян Жыжэмскі з жонкай Ганнай Есманаўнай прадалі сужэнству Юрыю Гарабурдзе і Крысціне Завішанцы пляц на рынку насупраць ратушы. Месца было казырным: з аднаго боку пляца месціўся дом князя Грыгорыя Юрыя Друцкага-Горскага, з другога менскага старосты Крыштафа Завішы, але ж пажар перамясціў былых суседзяў з аднаго месца ў горадзе на іншае.
«Панкратаўскі» дом быў побач шпіталя, «Ясінскі» дом паблізу Замка. Двор «Міклушоўскі» знаходзіўся на вуліцы мима Збора ку Койданаву идучой. Дом другога менскага злотніка Станіслава, які, відаць, належаў да іншага цэху залатароў, стаяў таксама ў Замку, насупроць Прачысценскай царквы, побач з сядзібай Юрыя Бальвера. Дом бурмістра Івана Бабуркі з сынамі Раманам, Макарам і Васкам месціўся на улачцы супроць Свіслачы, непадалёк касцёлу. Менавіта тут, у доме славотного бурмістра, павінны былі вяртаць грашовую пазыку два не менш славутых віленскіх браты купец Багдан і скарбны ВКЛ Лукаш Мамонічы ў 1600 годзе, але ў прызначаны тэрмін не зявіліся. Пазней бурмістр даведаўся пра раптоўную смерць Багдана. Цалкам верагодна, што Лукаш Мамоніч усё ж такі пабываў у бурмістравым доме над Свіслаччу ў іншы час. Іван Бабурка меў краму ў Менску і, пэўна, быў заможным чалавекам.
На волоках Полоцких, будучай Валоскай, жылі мяшчане Кузьма Пішчалка ды Фёдар Заляцелы, ці не той самы, які, паводле Сыракомлі, пасмяяўся перад каралеўскім сакратаром Гальяшам Марахоўскім з Жыгімонта ІІІ Вазы, маўляў, я, даўшы пару чырвоных залатых, што хочаш у караля выпрашу, маючы, мусіць, на ўвазе атрыманыя ім ад караля ахоўныя граматы, што баранілі яго і ягоную маёмасць ад менскага ўраду. Жыла тут таксама жонка пінскага падстолія Грыгорыя Тэрлецкага Галена Бачанка. Тут жа, на Волоках, набыла дом у Якуба Раманскага і Багданы Кішчанкі ваяводзіная вендзенская Зафея Служчына. Гасподу для віленскага купца здаваў у сваім доме Ісак Багушэвіч Шышка, усе продкі якога мелі, як пра тое піша Сыракомля, ўласны пляц ля Койданаўскай брамы, дзе ў сярэдзіне ХVII стагоддзя Лукаш Богуш Шышка вырашыў пабудаваць шпіталь. На вуліцы Юреўскай ля Свіслачы жылі князь Яраш Іванавіч Жыжэмскі, які свой дом з агародам перадаў на патрэбы менскага евангелісцкага збора, паны Кулі, Ян Шчарбіцкі, войскі Іван Быкоўскі. Дарэчы, вуліца Вялікая Юреўская згадваецца ў звязку з зямяніным Аляксандрам Кулем. Гаспода Івана Мысліўца знаходзілася насупраць царквы Святога Юря. Яшчэ адзін жыхар вуліцы Юреўскай пісар канцылярыі ВКЛ Юрый Паскевіч быў вызвалены за добрую працу каралём Уладыславам IV Вазай ад жаўнерскіх стацый ды абавязкаў сяліць у сваім доме гостей з соймаў, соймікаў, рокаў і рочкаў.