Бабуля Аўгіньня прычынілася й да майго дзіцячага адкрыцьця, што наша савецкае радыё кажа няпраўду.
Рэпрадуктар вісеў на слупе каля фэрмы. А шостай гадзіне раніцы ён прачынаўся й хрыпатым, нібыта зь перапою, голасам сьпяваў:
Союз нерушимый республик свободных
Сплотила навеки великая Русь
Ад гімну да гімну радыё займалася музычным выхаваньнем насельнікаў паблізных хатаў і нястомна паведамляла пра падзеі ў жахлівым капіталістычным сьвеце і ў краіне, што, не ўважаючы на перабоі з хлебам, шпарка набліжалася да сьветлае будучыні.
Аднойчы мае вушы злавілі ў радыёэфіры фразу, якая чымсьці зьбянтэжыла наіўны дзіцячы розум.
Каждый советский человек, сказаў рэпрадуктар, знает имена Толстого и Горького.
Цэлы дзень гэтыя словы мулялі мне, і ўвечары я адважыўся на невялікі сацыялягічны досьлед.
Бабушка, запытаўся я, ты знаешь, кто такой Толстой?
Быў чалавек таўсты, во яму такое мяно й далі, адказала бабуля.
А кто такой Горький? без асаблівае надзеі працягваў я.
А во, кажуць, горкі, як рэдзька. Або яшчэ як хрэн, горкі.
Да нет, бабушка, я о писателях спрашиваю, з складанымі пачуцьцямі і да радыё, і да бабулі сказаў я.
Мая, дзетка, навука малая, рахмана азвалася баба Аўгіньня Травы ведаю, а чытаць ненавучаная.
Вядома, мне было ніякавата, што яна такая старая і яшчэ ня чула ні пра Талстога, ні пра Горкага, пра якіх я ўжо ведаў у першай клясе. Але болей мне рупіла іншае. Атрымлівалася адно з двух: або бабуля не савецкі чалавек, або радыё хлусіць.
А ты, бабушка, советский человек? запытаўся я.
Як усе, так і я, адказала бабуля. I галадавала, і палачкі ў калгасе за працадні палучала.
Я, дарма што малы, і сам разумеў недарэчнасьць пытаньня: усе навокал, у тым ліку і баба Аўгіньня, відавочна былі савецкія людзі. Фашыстаў, капіталістаў, гаротных амэрыканскіх нэграў, якія паміралі ад голаду, а таксама паліцэйскіх і гангстэраў, што курылі цыгары, пілі нейкія «віскі» і казалі «Шеф вами недоволен», гэтых і іншых, зазвычай страхалюдных несавецкіх людзей я бачыў адно ў кінафільмах. Адсюль вынікала жорсткая ерэтычная выснова, якою я палічыў за лепшае ні з кім не дзяліцца: нашаму радыё нельга верыць.
Кажуць, што яшчэ ў самыя змрочныя гады мая ціхмяная бабуля неяк выявіла непахісную цьвёрдасьць. Прысланы з раёну начальнік, што кватараваў у ейнай хаце, загадаў зьняць з покуці абразы.
Яны ў вас есьці ня просяць, адрэзала баба Аўгіньня з намёкам.
Добра памятаю, што яна прасіла Бога, каб узяў яе да сябе на пачатку лета, тады, калі адцьвітаюць дзьмухаўцы і, калі верыць бабулі, зямля мяккая й лёгкая, як дзьмухаўцовы пух. Бабуліна сэрца спынілася, калі яна сядзела на ганку, крышачы карове буракі. Я пабег на поле па цётак. Мяне абурыла, што яны колькі разоў перапытвалі: «Бабушка заснула?», хоць я недвухсэнсоўна сказаў, што яна памерла.
Гэта здарылася першага чэрвеня.
Яшчэ колькі словаў пра бабуліну сувязь з загадкавымі сіламі хачу дадаць у наступных абзацах своеасаблівым постскрыптуме, які зьявіўся ў аповедзе пасьля першай публікацыі.
Праз тыдзень, як мой радавод надрукавала газэта «Літаратура і мастацтва» (тыя дні былі, як і чакалася, адзначаныя крыўдамі, папрокамі й прэтэнзіямі, што ў больш ці ў менш тактоўнай форме выказвалі мне сваякі й несваякі напрыклад, паэт-ляўрэат М.), мы зь сястрою павезьлі маці ў яе Капысіцу.
Пакінуўшы маму з нашай цёткай Вольгаю на печы ў іхняй роднай хаце, мы пад несьціханым дажджом, як заўсёды, занесьлі бабулі Аўгіньні на магілу жменю цукерак. Якраз на пагосьце, нібыта зарадаваўшыся нашым адведзінам, дождж лінуў, не раўнуючы як з цэбра, і пакуль мы дабеглі да лазьні другой нашай цёткі Насты, на нас не засталося аніводнай сухой ніткі.
Калісьці ў гэтай лазьні я з стрыечнымі сястрычкамі, начытаўшыся ў бабкі Грыпіны «Чорнай магіі», спрабаваў даведацца, што будзе заўтра. За хвіліну да поўначы мы, у адпаведнасьці з парадамі чарнакніжнікаў, запалілі перад пастаўленым на лазнае вакенца люстэркам сьвечку, кінулі ў агонь тры белыя шарсьцінкі з кацінага хваста і роўна апоўначы, утаропіўшыся ў цьмянае люстэрка і ляскаючы зубамі ад страху, вымавілі патрэбны заклён. Усьлед за апошнім словам у лазьню ўварвалася пройма, сьвечка зь люстэркам паляцелі на дол, а мы кінуліся кулём у разнасьцежаныя дзьверы. Адбегшыся на добры кілямэтар і зьвёўшы дых, мы з жахам убачылі, што чамусьці ўцяклі з лазьні прамютка на могілкі, адкуль пабеглі назад да лазьні, баючыся, каб яна не загарэлася ад сьвечкі. Дарэчы, тае начы ў вёсцы, учадзеўшы, памерлі двое старых.