Валянцін Васільевіч Акудовіч - Кніга пра Нішто (зборнік) стр 5.

Шрифт
Фон

Карацей кажучы, ён быў не тым, чым (кім) быў, а тым, што ведаў (як вагі, якія ведаюць вагу таго, што важаць, і не ведаюць уласнай вагі). Адсюль і прынцыповая няздольнасць антычнага я-чалавека да вылучэння сябе з універсальнага цэлага ў нешта асобнае, асобавае.

Зрэшты (ці адпаведна), ён і не бачыў у гэтым патрэбы, паколькі ідэалагемы ўсіх мэтаў тады былі скіраваныя на ўлучэнне сінгулярнага ва ўніверсальнае, з чаго татальнасць гармоніі чалавека і ўніверсальна цэлага бачылася абсалютным ідэалам.

У адцягнена-тэарэтычным плане такая ідэалогія светагляду, магчыма, выдае на найдасканалую, але, здаецца, менавіта ўтойванне я-чалавека ў тоеснасці з універсальным цэлым сталася прычынай заняпаду антычнасці ва ўсіх яе значэннях.

Нараджэнне я-чалавека

Самаанігіляцыя антычнай цывілізацыі адна з найвялікіх тайніцаў Тэкставай эры. Не выдавала б на нешта дзіўнае, каб антычнасць трансфармавалася ў нешта іншае, прарасла новымі формамі сацыяльнасці ды мыслення, нават, хай сабе, абярнулася нечым супрацлеглым, нейкай апазіцыяй самой сабе. Аднак нічога гэтага не сталася, антычнасць, лічы, без рэшткаў знікла з кантэксту еўрапейскай цывілізацыі.

Зноў жа, чаго толькі не знікае дазвання з гэтага свету, але за тое, што антычнасць мела ў сабе магутны патэнцыял для наступнасці, сведчыць яе татальнае вяртанне (герменеўтычна сканструяванае з ацалелых рэшткаў) ужо ў сусветны культуралагічны дыскурс.

Антычнасць вярнулася, і нават сваім вяртаннем пазначыла цэлую эпоху (Рэнесанс), і з таго часу застаецца сярод загалоўных чыннікаў ды дзейнікаў прынамсі еўрапейскай культуры Дык што здарылася тады? Чаму вялікая і, як на тую пару, дасканалая цывілізацыя з безліччу адмысловых міфаў, магутнай філасофіяй, упарадкаванай сацыяльнасцю неўпрыкмет змарнела ў нішто?

На гэтае пытанне існуе шмат адказаў, але іх занадта, каб хоць нейкаму даць веры, нават найбольш папулярнаму, які ў самых розных мадыфікацыях абапіраецца на адну і тую ж версію: маўляў, чалавеку нарэшце адкрыўся сапраўдны Бог і тым самым быў «пастаўлены крыж» на паганскіх кумірах і паганскім ладзе жыцця.

Антычная міфалогія ведала даволі багоў і герояў, якія пераўзыходзілі Хрыста ў пакутах за людства, антычная філасофія мела колькі заўгодна інтэлігібельных канструкцыяў, кожная з якіх пры неабходнасці магла актуалізавацца ў монатэістычнага Бога, антычная этыка ў сваіх маральных тэзах нічым не саступала этычнаму імператыву Нагорнай казані (згадаем хаця б «Залатыя вершы» піфагарыйцаў) Дык чаму антычнасць не змагла вымкнуць з сябе нешта падобнае да хрысціянскага Бога, які б з сярэдзіны перарэфармаваў яе структуру і лад адпаведна наспелым патрэбам, а чакала (дачакалася!) прышлага, што яе, урэшце, і згубіла?

Бадай, адна з асноўных прычынаў татальнага адыходу еўрапейскага людства ад антычнай стратэгіі быцця палягала не ў тым, што хрысціянства запрапанавала яму «лепшы» міф, «лепшую» этыку, «лепшага» Бога (усё гэта «лепшае» падкрэслім яшчэ раз мелася і ў інтэлігібельным дыскурсе антычнасці), а ў тым, што ў хрысціянскай мадэлі быцця знайшлося персанальнае месца асобнаму чалавеку.

Хрысціянства вылучыла кожнага асобнага чалавека з эйдасу чалавека і адкрыла яму: ты ёсць як Ты. Але яно не толькі пазначыла персанальную наяўнасць я-чалавека ў каардынатах рэальнага быцця, яно яшчэ і паабяцала яму месца ў быцці ірэальным. Займеўшы магчымасць быць не толькі тут і цяпер, але яшчэ там і потым, я-чалавек не схацеў болей быць як не-быць энтылехіяй эйдасу чалавека тут і ўласна эйдасам там. Таму ён без асаблівай шкадобы да назапашаных багаццяў пакінуў залатыя харомы антыкі ды схаваўся ў смуродлівыя прыцемкі катакомбаў, каб там намацаць самога сябе як найвялікшую з магчымых для сябе каштоўнасцяў быцця.

Заакцэнтуем увагу на слове «пакінуў», бо ў маім разуменні яно зяўляецца лёсавызначальным, што да антычнай цывілізацыі: ніхто гэтую цывілізацыю не бурыў, не знішчаў, не заваёўваў (хаця, натуральна, і бурылі, і зніштажалі, і заваёўвалі ды не пра тое тут гаворка)  чалавек яе проста пакінуў, пакінуў з ўсёй матэрыяльнай і духоўнай раскошай дзеля раскошы мець самога сябе.

Інакш кажучы, у антычнай цывілізацыі, здаецца, было ўсё, што трэба чалавеку, акрамя патэнцыі да актуалізацыі я-чалавека як адзіна перспектыўнай для яго падзеі быцця адкуль і вядомы вынік, які сама яна нават не здолела асэнсаваць: неўпрыкмет сканала, шчасліва не разумеючы, што здарылася і з чаго так здарылася?!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора