Найманы экіпаж давёз іх вельмі хутка. Павятовая Ворша наогул выглядала горадам невялікім: з брукаванай Пецярбургскай, дзе стаяла амбулаторыя, да ўтравелай Малой Марямпольскай вуліцы дабраліся менш чым за чвэрць гадзіны. Можна было б прайсціся пешшу, але доктар не хацеў пакуль празмерна перагружаць нагу Вітушынскага. Дарогай Антон звярнуў увагу на першыя знакі нядаўняга вяртання Воршы да Беларусі: раз-пораз ужо трапляліся шыльды па-беларуску. У моры расійскамоўных яны выглядалі рэдкімі экзатычнымі цікавосткамі.
На дарожку, што вяла да дома, сустрэць іх выбегла каротка стрыжаная невысокая брунетка ў попельна-шэрай сукенцы. Расцягваючы словы, нізкім голасам яна ўсклікнула:
Ах, Серж, як цудоўна, што ты прыехаў! Я ўжо стала хвалявацца. Ведаеш, так страшна быць адной дома. Заходзіла Наталля Андрэеўна («Нашая суседка», патлумачыў напаўголаса Скарына Вітушынскаму), расказвала такія страхоцці!
Леначка, пазнаёмся: гэта Антон Валеревіч Вітушынскі, ён пажыве ў нас крыху. Ён мой пацыент, я нейкі час буду даглядаць яго.
Вельмі прыемна! дзяўчына ўважліва паглядзела Вітушынскаму ў вочы. Серж, што ж ты не папярэдзіў, што прыедзеш не адзін? І я зусім-зусім не падрыхтава-аная
Так атрымалася, даруй, Скарына пацалаваў сястру ў шчаку. Скіраваўшыся ў дом, ён запытаўся: Дык што ж табе расказвала гэтая старая пляткарка, якой не сядзіцца дома? Здаецца, у яе ў жыцці такі дэвіз: «Не пакінь без нагляду ні блізкага свайго, ані жонкі ягонай, ані каня ягонага, ані вала ягонага».
Ах, Серж, ты несправядлівы да яе: жанчыне проста вельмі сумна. Вось яна і заходзіць да мяне пагаварыць, па-суседску Дзяўчына паспрабавала пакрыўдзіцца, але, відаць, доўга маўчаць і крыўдаваць папросту не ўмела: Яна казала, што каля суседніх дамоў надоечы бачылі нейкага падазронага бадзягу. Нейкі ён страшны, казала, звыродлівы. І паводзіць сябе дзіўна: нібы нешта выглядае ўвесь час можа, скрасці што хоча. А я тут акурат пераглядала старыя рэчы: вопратку, абутак і ўбачыла, што некуды зніклі боты. Памятаеш, такія чорныя, старыя, гумовыя? Яны былі велікаватыя нават табе
Доктар адказаў, што не памятае, дый нявартыя ўвагі старыя боты, якія некуды згубіліся:
Займіся, калі ласка, абедам. А я пакуль пакажу нашаму госцю бібліятэку: ён цікавіцца ўсялякай старасветчынай.
Ну вядома, жаночая справа займацца кухняй. А мужчыны тым часам будуць гаварыць свае разумныя размовы пра высокія матэрыі, Алена ўсурёз укрыўдавала.
* * *Бібліятэка Скарыны сапраўды ўражвала. Вітушынскаму падалося, што ён трапіў у пячору Алі-Бабы. Толькі заміж перлінаў, золата, срэбра, смарагдаў і дыяментаў тут былі кнігі. Томікі, тамы, тамішчы Здавалася, тут ёсць кнігі з усіх галінаў веды: фізіка, хімія, астраномія, гісторыя, багаслоўе, філасофія, біялогія, геаграфія. Найбольш выданняў, вядома, было па медыцыне. Некалькі паліцаў займалі мастацкія творы. Цёмныя карэньчыкі, пацёртыя вокладкі, месцамі бліскае нявыцвілае золата літараў Асобная шафа адводзілася пад інкунабулы і старадрукі захоўваліся ў Скарыны і такія цікавосткі.
Доктар пакінуў Вітушынскага сам-насам з кнігамі, спаслаўшыся на тое, што яму неабходна дапамагчы сястры. Антон з гэтай нагоды не пераймаўся: яму было дастаткова бібліятэкі. Спярша ён абышоў пакоі ўздоўж сценак, проста аглядаючы палічкі. Кнігі былі расстаўленыя па тэматыцы: геаграфія не блыталася з гісторыяй, філасофія з хіміяй, медыцына з фізікай. Суседзілі тут выданні расійскія з нямецкімі, ангельскія з французскімі, лацінскія з грэцкімі, польскія з іспанскімі. У невялікай колькасці трапляліся кнігі беларускія ды літоўскія. Запомніўшы прыблізны парадак размяшчэння кніг, Вітушынскі падышоў да шафы з старадрукамі. Узяў адну наўгад, раскрыў рукапісная. Старадаўні аўтар ці перапісчык старанна выводзіў літаркі ў кожным слове. Чытаць, аднак, усё ж было цяжкавата: шматлікія скарачэнні ды састарэлыя словы перашкаджалі лёгка ўспрымаць напісаны тэкст. Божае імя, як вялося ў такіх рукапісах, пісалася скарочана, пад значком-цітлам, аднак паўсюдна пазначалася чырвонай фарбай. На глосах там-сям сустракаліся тлумачэнні замежных словаў. А вось малюнкі адсутнічалі зусім.
«Заклінаем ця, стварэнне солі, у імя Айца Уседзяржыцеля, дабраславеннем Госпада нашага Ісуса Хрыста і сілаю святога Духа. Заклінаю ця Богам жывым, іжэ ця дзеля патрэбы чалавечае сатварыў ёсць: будзь усім верным, хто спавжываеця, на здароўе душы і цела, і хай пазбегне і адыдзе ад цябе ўсялякае зло і ліслівасць дябальская і ўсялякая шкодная ўлада, на цябе ад паслугачоў шатанскіх наведзеная. Дзеля таго молімся: Госпадзе, Божа наш, хай тое стварэнне солі ў імя Святое Тройцы сатворыцца выратавання душы тайна. Ты, Госпадзе, свенцячы пасвенці, бласлаўляючы блаславі, усім, хто прымае яе, спраўнае лекаванне ва ўтробе іхнай хай бу дзе. У імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, іжэ прыйдзе судзіці жывых, і мёртвых, і свет агнём. Амэн».