Вітушынскі адклаў на прыложкавую тумбачку альманах. Старонку Антон закрываць не стаў, бо яшчэ не дачытаў: у тлуме абавязковага штодзённага агляду гэта ўсё адно не ўдасца.
Ну, як пачуваецеся? Як настрой? доктар зірнуў на адкрытую старонку. Можна паглядзець? О, «Краязнаўчы альманах»! Цікавіцеся тутэйшым друкам?
Ён зірнуў на зеленкаватую вокладку, што колерам нагадвала недаспелы яблык. Спехам перагарнуў колькі старонак.
Ведаеце, папрасіў сястрычку купіць што-небудзь пачытаць мне. Вось яна і прынесла, нібы апраўдваючыся, сказаў Вітушынскі.
Скарына кінуў яшчэ адзін чэпкі позірк на адкрытую старонку. «Рукапісны траўнік XVІІІ ст.» вялікія літары загалоўка здалёк кідаліся ў вочы.
А цяпер чытаеце пра травы. І як? Падабаецца? Тут жа, відаць, пра цемрашальства якое-небудзь.
Доктар уважліва паглядзеў на пацыента. Вітушынскі адчуў сябе так, нібы яму пачынаюць ставіць дыягназ. «Як карась на патэльні», недарэчна падумалася яму.
Ды не тое каб вялікае ўжо там цемрашальства было гэта ж навуковы артыкул. Пра знойдзены старадаўні рукапіс. Вось глядзіце, колькі нашыя продкі ўжывалі розных траваў для медычных мэтаў. Баркуном сцябалі па нагах, каб яны не балелі. Руту ўжывалі пры сардэчных, нервовых і жаночых хваробах. Трыпутнік пры запаленнях ды пашкоджаннях скуры. Святаяннік ад малакроўя, пры крывацёках, ад крывавай бягункі, для гаення ранаў, пры лекаванні апёкаў. Узвар ад яго, ад святаянніка, атрымліваецца чырвоны, «родны» з кроўю. Таму і карысталіся ім для «прыбаўлення крыві».
Скарына скептычна ўзяў альманах:
І вы верыце гэтаму траўніку-страўніку? Асабліва калі ўлічыць, што пры карыстанні ўсімі гэтымі травамі абавязкова трэба прыгаворваць што-небудзь гэткае: «На моры, на лукаморі стаіць вярба, на той вярбе сем сот галля, а ў том галлі звіта лапухова гняздо, а ў тым гняздзе ляжыць Евацарыца» Гэта ж чорт ведае што такое! Вы ж адукаваны чалавек Няўжо вы сапраўды верыце ў існаванне пералёттравы, якая выконвае ўсе жаданні? Ці ў разрыў-траву, якая адчыняе ўсе замкі ды засовы? Гэта ж усё казкі, прыдуманыя ад людской неадукаванасці. Вунь у вашым траўніку пішуць, што цыбуля ды часнык адганяюць ліхія чары ды нячыстую сілу У дваццатым стагоддзі жывём! Эпоха тэхнічнага прагрэсу!
Антон на скептычную доктараву ўсмешку не зрэагаваў, запярэчыў сурёзна:
Можна ж не браць пад увагу ўвесь гэты старэчы фальклор. А вось вам як доктару, пэўна, было б цікава пра ўсе гэтыя травы даведацца.
Мне? Нецікава! Я ж хірург, а не тэрапеўт, перавёў размову на жарт Скарына. Давайце агледзім вашу нагу.
Сённяшні агляд быў нядоўгім.
Ну вось, правая ў вас цяпер амаль такая ж, як і левая. Варта было б вас выпісаць, а то, лічы, здаровы чалавек ляжыць, займае месца.
Дык я б не супраць, Вітушынскі пажвавеў. А што, можаце выпісаць?
Доктар задуменна агледзеў яшчэ раз нагу Вітушынскага:
Выпісаць можна, але паназіраць за вашым станам я б яшчэ хацеў. Вы калі атрымалі гэтае раненне? На фронце? Франтавая разведка? Ах, яшчэ ў пятнаццатым годзе Ведаеце, я вам вось што прапаную. Вы ж у нас праездам, так? У нас у горадзе, як ведаеце, ёсць гатэлі «Адэскія нумары», «Кіеўскія нумары». Але я вам не раю туды сяліцца: прусакі, ведаеце, клапы, рэдка мяняюць пасцельную бялізну, дый увогуле Ёсць яшчэ гатэль «Брыстоль». Аднак, мне здаецца, чым больш гучную назву даюць гатэлю, тым менш дбаюць пра ўтульнасць і чысціню. Пажывіце тыдзень-другі ў мяне ў доме. Ён, праўда, амаль на самым краі горада. Але вялікай бяды тут няма: горад у нас невялікі, таму заўсёды зможаце дабрацца куды захочаце.
Нават не ведаю. Неяк гэта няёмка, пацыент сумеўся.
Няма тут нічога няёмкага. Лічыце, я забіраю вас пад свой нагляд. Пагатоў, у мяне вы зможаце паглядзець яшчэ процьму такіх кніг, пра якія вы тут толькі чытаеце. Можа, знойдзеце што-небудзь цікавае для сябе і для іншых. А не толькі «На моры, на лукаморі стаіць вярба»
Прамовіўшы гэта, Скарына лёгка ўзняў сваю выносістую фігуру. І пераходзячы ўжо да суседняга ложка, кінуў цераз плячо Вітушынскаму:
Збірайцеся, у абед паедзем да мяне.
* * *Дом Скарыны стаяў на вуліцы, парослай старавечнымі ліпамі. Усе тутэйшыя дамы невялікія. Доктарскі будынак хаваўся ад дарогі ў глыбіні, за невялічкім «паркам» высаджанымі ў шахматным парадку ясенямі. Там-сям паміж дрэваў былі відаць невялікія кветнікі з наготкамі, касачамі.
Найманы экіпаж давёз іх вельмі хутка. Павятовая Ворша наогул выглядала горадам невялікім: з брукаванай Пецярбургскай, дзе стаяла амбулаторыя, да ўтравелай Малой Марямпольскай вуліцы дабраліся менш чым за чвэрць гадзіны. Можна было б прайсціся пешшу, але доктар не хацеў пакуль празмерна перагружаць нагу Вітушынскага. Дарогай Антон звярнуў увагу на першыя знакі нядаўняга вяртання Воршы да Беларусі: раз-пораз ужо трапляліся шыльды па-беларуску. У моры расійскамоўных яны выглядалі рэдкімі экзатычнымі цікавосткамі.