Зміцер Дзядзенка - Гісторыі ў прыцемках (зборнік) стр 13.

Шрифт
Фон

З гэтай думкай ён і заснуў.

Ён сніў першадрукара Скарыну, які некуды ляцеў на самалёце з чужой жонкай; коней, што блукалі ў цвілых калідорах нейкага замка; іхныя крокі рэхам адбіваліся ад высокай столі, якая гублялася недзе ў цемры. Следам за коньмі па тым самым калідоры, асветленым дрогкім святлом паходняў, ехала аўто, дзе ролю шафёра выконваў дзіўны чалавек у белай маскараднай масцы. Маска прыкрывала толькі верхнюю частку твару, на ніжняй, бліскаючы залатой фіксай, расплывалася здзеклівая ўсмешка. Кіроўца аўтамабіля зняў маску: пад ёй паказалася нечалавечае страхотнае аблічча ненатуральна белага колеру.

Вітушынскі адкрыў вочы, сэрца ненармальна хутка стукалася ў рэбры. Згадаўшы даўні забабон, чуты ў дзяцінстве, ён перавярнуў падушку на другі бок. Як ні дзіўна, гэты сродак барацьбы супраць кашмару дапамог: Антон праваліўся нарэшце ў сон.

І не чуў крокаў забойцы на калідоры. Бо забойца ішоў ціха. Ён вывучыў дом як свае пяць пальцаў. Дзякаваць богу, часу на гэта было дастаткова. Вось тут трэба ступаць асцярожна: гэтая маснічына рыпіць. Пераступіў. Ён, вядома, зможа патлумачыць, чаму ходзіць тут у такі позні час. Але ўсё ж лепей не рызыкаваць. Іначай давядзецца адкладаць справу ды вынаходзіць новы спосаб: другі раз так ісці ўжо не варта.

На вуліцы цяпер светла, амаль як удзень. Аднак зачыненыя аканіцы не дадуць прабіцца ў пакой нават месяцоваму святлу. Толькі вузенькі прамень пралез у шчыліну. Халодны спакойны прамень, што супакойваў думкі.

Ён лёгенька пастукаў пазногцем у дзверы. Яна адчыніла амаль адразу. Тузануў за сабой дзверы: яны нягучна стукну лі аб вушак. Клямка шчыльна і надзейна прычыніла дзверы. І гэтак жа хутка, шчыльна і надзейна сышліся рукі на дзявочым горле.

Яна не паспела закрычаць. Сіпела, спрабавала расціснуць мёртвае кола, што ўсё мацней сціскалася, не давала ёй дыхнуць.

Забойца апусціў мёртвае цела на падлогу. Падышоў да акна, расчыніў. Халоднае свежае паветра рванулася ў пакой, нервова здрыгануліся фіялетавыя фіранкі. Яны кінуліся ў твар забойцу, ён прытрымаў іх.

Ціхенька закрываючы за сабой дзверы, ён выйшаў з пакоя.

* * *

Ранак быў імжыстым і шэрым. Такімі безнадзейнымі мусілі б быць ранкі не ў першай у свеце краіне, якая будуе светлую будучыню ўсяго чалавецтва, а дзе-небудзь у капіталістычнай Брытаніі, дзе пануе прымус чалавека над чалавекам. Але чалавек пакуль яшчэ не знайшоў улады над капрызамі надворя, і таму даводзіцца трываць і такія непрыемныя дні. Калі-небудзь, так, калі-небудзь вызваленае чалавецтва возьме ў свае рукі лейцы нябеснага кіравання. Тады ўжо людзі не стануць чакаць падачак ад прыроды, а забяруць у яе сілай усё, што самі захочуць. Вось яно, будучае валадарства чалавечае!

Відаць, у такіх фарбах апісала б гэтую раніцу на сваіх шэрхлых старонках перадавіца газеты «Набат», калі б была ў тым патрэба. Аднак патрэбы такой не было: для перадавіцы ў акруговай газеце тэмаў не бракавала і без апісання надворя. Надыход светлай будучыні быў падзеяй настолькі зразумелай і вырашанай, што марнаваць каштоўны час на апісанне ніцых вольхаў вартаўнікоў пустых вуліцаў, воглых туманоў, што спрабавалі зачапіцца за страху сінагогі, і ўсялякай іншай такой драбязы ніводзін нармальны будаўнік камунізму не стаў бы.

Аднак Вітушынскі не лічыў сябе будаўніком камунізму. Яму бліжэй была пазіцыя абываталя, удзячнага кожнаму дню. І таму кожны дзень ён (з пэўнага часу) сустракаў з удзячнасцю і праводзіў без асаблівага шкадавання. Не было па чым шкадаваць. І па кім таксама.

Выбраўшыся на веранду, дзе ўсе насельнікі дома зноў мусілі сабрацца разам на сняданак, Вітушынскі заспеў нейкае ўзрушэнне. Доктар Скарына стаяў каля акна, нервова пастукваючы пальцамі левай рукі па шыбе. Мяркуючы па рытме, гаспадар дома мусіў найграваць марш.

Шумскі сядзеў, абыякава ўтаропіўшыся ў нейкую кропку на сцяне. Раз-пораз ён кідаў нецярплівыя позіркі на ўваходныя дзверы.

Прыход Вітушынскага вывеў іх са стану чакання. І расчараваў:

 А-а-а, гэта вы А ці не бачылі там Алену? Нешта яна сёння кардынальна запазняецца.

Вітушынскі адказаў, што не бачыў. Рэзка крутнуўшыся на абцасах, Скарына рушыў у дзверы, каб прыспешыць сястру.

 Як спалі на новым месцы? Кажуць, у такіх выпадках чалавек бачыць прарочыя сны. Што снілі вы?  Шумскі быў сама далікатнасць. Нават відавочна думаючы пра нешта сваё, патаемнае, ён усё ж спрабаваў заняць госця свецкай размовай.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3