Але я зноў не пра тое Рэбэ Арон зрабіў таго пражскага голема для майго продка. Вонкава гэтая істота, вылепленая з белай гліны, была ну, зусім чалавек. Дзіўнага ў тым нічога няма: не так складана знайсці ў Празе скульптара. Думаю, не цяжэй, прынамсі, чым у сённяшняй Воршы рамізніка. Каб вонкава той голем не дужа адрозніваўся колерам ад скуры чалавека, ён быў увесь злеплены з белае гліны, адмыслова прывезенай з ваколіцаў самога Іерусаліма, з дна Мёртвага мора па меншай меры, менавіта так сказаў пражскі рабін свайму полацкаму хаўрусніку. Ляпілі яго Францішак і Арон удваіх кожны сваю частку. Аднаму на долю дасталася галава і тулава, другому уся частка ад пояса. Падрыхтаванай гліны, аднак, не хапіла на ўсю фігуру: змацаванне паміж абедзвюма часткамі давялося рабіць з гліны іншага колеру чырвонага. Для таго каб голем ажыў, рэбэ Арон укладаў яму ў рот паперку з напісаным на старагабрэйскай мове заклёнам. Стары кабаліст вывеў на паперцы літары «нун», «гімэль», «гэй», «пэй». З іх пачынаюцца словы фразы «нэс гадоль гая по» «цуд вялікі быў тут». Заклён той рабіў цуд: голем ажываў і выконваў работу, што яму задавалі. Каб знерухоміць істоту, трэ было толькі дастаць у яго з рота паперку. Механізм нескладаны значна прасцейшы, чым цяперашнія аўтамабілі.
Доктар Скарына скарыстаў зробленую істоту для цяжкой дапаможнай працы пры друкаванні кніг. Стаяць цэлы дзень за варштатам занятак не з самых лёгкіх. Тут і прыдаўся гліняны голем: стомы ён не адчуваў, бо не быў, як ні кажы, жывой істотай. Карміць-паіць яго таксама без патрэбы. Словам, ідэальны работнік. Такога немагчыма знайсці ні на брукаваных вуліцах старога горада, ні пад мяшчанскімі стрэхамі, крытымі чырвонай дахоўкай, ні нават у магнацкіх палацах, крытых золатам.
Кампаньёны спадзяваліся на ўдалы гешэфт і вялікія барышы. І нездарма: друк Бібліі (а выдаваць пачалі менавіта яе) занятак ці не самы прыбытковы. Справы і праўда пайшлі вой як добра! Неўзабаве мой прадзед цалкам разлічыўся з рэбэ Аронам і стаў паўнапраўным саўладальнікам друкарні нездарма ж ён вырас не абы-дзе, а ў купецкай сямі.
Вы глядзелі гэтую нядаўнюю фільму, прывезеную ў наш горад, «Ночы Кабірыі»? Не глядзелі? Ну што ж вы так! Вельмі рэкамендую, вельмі. Схадзіце абавязкова не пашкадуеце. Шыкоўная фільма, цудоўныя акцёры, усё так прыгожа, такая драма Напэўна, будучыня ўжо мроілася кампаньёнам у такіх самых маляўнічых дэкарацыях, як у гэтай фільме, прыгожая, поўная незямное асалоды, з гурыямі з блізкай Асманскай імперыі. Хто б мог падумаць, што такі бліскучы ўзлёт будзе перарваны такім гучным крахам? У далёкіх краях мой прашчур набыў не толькі вялікія веды, але і схільнасць да авантураў. Вы кажаце, што такая схільнасць магла ў яго быць і раней а то б ён не пусціўся ў далёкія краі па веды, а спакойна жыў бы ў Полацку, пераняўшы бацькаву справу? Можа, і так. Цяжка з сённяшняй званіцы ўгледзець, як там было насамрэч.
Авантурызм і падвёў доктара Францішка. Мой продак, як выявілася, не марнаваў час, паліруючы азадкам лавы ў Кракаўскім ды Падуанскім універсітэтах. Ён творча скарыстаўся з словаў, сказаных Ісусам: «Не чалавек для суботы, а субота для чалавека». Па суботах, калі рэбэ Арон не працаваў, доктар Скарына прыходзіў у друкарню і даваў голему сваю працу. Друкаваць цэлую кнігу за дзень не выпадала, таму вынаходлівы палачанін даваў голему ў працу асобныя аркушы. На іх была як бы гэта больш тактоўна абазначыць аголеная натура. Не-не, ніякай непрыстойнасці, усё было досыць цнатліва. На наш, сучасны погляд адукаваных культурных людзей.
Аднак жа не ўсе ў той час падзялялі такія погляды. Што і казаць, у Празе пачатку шаснаццатага стагоддзя малавата было культурных людзей у сучасным разуменні гэтага слова. Магчыма, іх і зусім не было калі не лічыць, вядома, майго продка. А на што можа разлічваць чалавек, які апярэдзіў свой час? Хіба яму выпадае прызнанне сучаснікаў? Не, не і яшчэ раз не! Яму дастаецца хіба што слава сярод нашчадкаў.
Карацей, мой продак быў вымушаны ўцякаць. Традыцыйная гісторыя для генія: яго звінавацілі ў злачынстве. Што праўда, уцякаць яму было не ўпершыню, у гэтым ён быў спрактыкаваны. Каралявецкаму герцагу прымроіцца, што доктар яго не тым лечыць і круціць шашні з фройлінамі, уцякай! Лютару падасца, што заезнага грамацея падаслалі езуіты, каб атруціць надзею ўсёй Рэфармацыі, зноў уцякай!
Гэтым жа разам усё выглядала больш пагрозліва. Некаму падалося, што Скарына разбэшчвае моладзь гэтымі сваімі карцінкамі. Хтосьці нават засумняваўся, ці можна карыстацца Бібліяй, выдрукаванай на тым самым варштаце, з якога сышлі такія непрыстойнасці. Маўляў, яна страціць частку сваёй святасці. Дзікуны!