Задаволены сваімі аргументамі, Скарына адкінуўся на спінку крэсла.
Але цяпер жа ў нас не так, як у Еўропе, Вітушынскаму ўсё ж карцела настаяць на сваім.
Чаму вы так упэўнены ў гэтым? Скарыну, здаецца, нават здзівіў факт, што нехта імкнецца аспрэчыць ягоныя тэзісы. Ён выцер насоўкай лоб і працягваў: Мы цяпер жывём паводле дактрыны Карла Маркса, народжанай у Нямеччыне. Канцэпцыі, на якіх спрабуюць збудаваць сваю дзяржаву тыя ж чэхі, палякі ці балгары, таксама карэняцца ў Заходняй Еўропе: ідэя нацыянальнай дзяржавы прыйшла да нас адтуль, і досыць нядаўна. Зрэшты, і ў саміх французаў альбо ангельцаў яна выкрышталізавалася параўнальна не так даўно гадоў трыццаць-сорак. Час пакажа, наколькі гэта жыццяздольная ідэя.
Думаю, вельмі разумная, прадуктыўная і жыццяздольная. Гэта прызнала нават новая ўлада: нездарма ж яна правяла ўзбуйненне Беларусі! выдыхнуў Шумскі з відавочным раздражненнем. Вітушынскаму зноў драпнула слых вымаўленне Шумскага.
Алена яўна ўстурбавалася тым, які кірунак атрымала гутарка. Было відаць, што яна сумнявалася, ці варта дазваляць мужчынам спрачацца далей. Спрабуючы перавесці размову на іншае, яна ціха заўважыла брату, што, магчыма, злоўлены бандыт усё ж не той бадзяга, пра якога распавядала суседка:
Але я пабойваюся. Раптам ён не адзін такі тут хадзіў? Лепш за ўсё, відаць, будзе пільнавацца ўсякіх чужых
Вітушынскі адчуваў сябе госцем, таму прыціх, як мыш пад венікам, і з падрабязнымі роспытамі наконт бібліятэкі не лез. Але ж карцела! Так карцела, што аж язык свярбеў. Толькі пры канцы абеду, калі перайшлі да кавы (сапраўднай!), ён запытаўся, адкуль у доктара такі скарб у бібліятэцы.
Доўгая гісторыя. У нашай сямі здавён кнігі збіраюць і перадаюць у спадчыну. Хадземце ў бібліятэку, я вам раскажу адну гісторыю.
Калі яны выходзілі, Антон краёчкам вока пабачыў: Алена задуменна глядзіць ім услед, злёгку пакусваючы вусны.
* * *Ведаеце, маім далёкім продкам быў Францішак Скарына. Так-так, той самы Скарына, першадрукар. Як бачыце, род мой спрадвеку жыве ў гэтых краях. Хоць і вандруе пакрысе, але прынамсі, застаецца ў адной мясцовасці, не пакідае яе.
І нават можна сказаць, што ў нас склалася своеасаблівая сямейная традыцыя быць дактарамі. Толькі продак мой спецыялізаваўся больш у сваіх сямі вольных навуках, а я Наша эпоха патрабуе больш вузкай спецыялізацыі. Але я, зрэшты, не пра тое збіраўся расказваць
Прапрапрадзед мой, як ведаеце, кнігі свае пачаў друкаваць у Празе. У нас, у Вільні, ён выдрукаваў толькі «Малую падарожную кніжку» у гонар гэтага акурат пару гадоў таму адзначалі 400-годдзе беларускага друку. Мяне нікуды на святкаванні не запрашалі, але я не крыўдую. Напэўна, я б сам адмовіўся, нават калі б і запрасілі: не хачу быць недзе ў ролі вясельнага генерала. Маёй жа заслугі ў тым, што маю славутага продка, ніякай няма.
Як кажуць нашыя сямейныя паданні, доктар Скарына быў чалавекам шырокіх поглядаў. Папаездзіўшы па розных краях, убачыў ён безліч самых розных людзей. Проста здурэць можна, калі падумаеш, з якімі прайдзісветамі і мудрацамі ён сустракаўся. У Празе ён звёў знаёмства з тамтэйшым кабалістам рэбэ Аронам. Не прыкладу галавы, як яму ўдалося паразумецца з тым рабінам: габрэі тады жылі даволі адасоблена, самі па сабе, сваім кагалам што ў нас, што там. Думаю, тут уся штука была якраз у перакладзе Бібліі на старабеларускую, які рабіў прашчур Францішак. Рабін Арон блізка сышоўся з ім. Яны сталі такімі сябрамі, што стары пражскі кабаліст дапамог полацкаму доктару пачаць сваю справу. Думаю, вялося тут не толькі пра грашовыя гешэфты, хаця, відаць, і без іх абысціся ніяк не магло: Францішак, хоць і меў бацьку-купца, наўрад ці здолеў бы пачаць друкарскую справу на чужыне з нуля. Як кажа легенда, рэбэ Арон дапамог нашаму продку больш істотна: ён зрабіў для яго голема.
Вы чулі гэтую старую пражскую легенду пра чалавекападобную істоту, злепленую з гліны на ўзор таго, як Госпад Бог зляпіў першага чалавека? Ніколі? Вы ж адукаваны чалавек! Хаця ў наш час у такія легенды ніхто не верыць, але вы ж, я бачыў, цікавіцеся старасветчынай Ах, значыць, толькі сваім, беларускім Ну нічога, гэта ў вас хутка праміне! Як толькі пачняце ўнурацца ў тэму, дык убачыце, што без шырокага агляду ўсё адно нічога вартага ў вас не атрымаецца. Давядзецца знаёміцца ну хаця б павярхоўна! з іншымі культурамі, з суседнімі народамі. Вы пабачыце, як багата ў нас падобнага, ды што там аднолькавага, супольнага!