Вось у Каці ўсё зусім інкаш, наважылася працягнуць дзявіца. З ёй лёгка займець размову, ды і яна не можа не падабацца
Аб чым з ёй можна завесці размову? Пра стужкі і грабеньчыкі? Пра модныя ўборы? Пра што з ёй можа пагутарыць прыстойны мужчына, патлумач мне? цяпер абурэнню бабулі не было ніякіх межаў. І чым яна ўжо так усім падабаецца? Круглым тварыкам і кірпатым носікам? У Кацькі тваёй няма ніякага esprit[17]! А паглядзі на сябе парода! Вы што маўчыце?
Бабуля мае рацыю, ажыўлена заківалі татухна і матухна, баючыся, каб іх дачка зноўку не паглыбілася ў маўклівыя роздумы, выкліканыя надзвычай патрабавальным стаўленнем да самой сябе.
Яшчэ б я не мела! безапеляцыйна заявіла пані Канстанцыя.
Хіба што, прамармытала панна Пракшына і нахілілася да Тэдзі, каб неяк заняць сябе ў гэтую няёмкую хвіліну.
Але тут у сталоўню, задыхаўшыся, зноў убегла пакаёўка, па выглядзе якой можна было зразумець: у гэтую нетаропкую суботнюю раніцу здарылася такое, што цалкам выбівалася з парадку.
Тэлеграма! вылупіўшы вочы, абвясціла пакаёўка хапаючым за душу голасам і ўручыла Канстанціну Мікалаевічу невялікі падносік з прадаўгаватым аркушыкам.
Пан Пракшын у здзіўленні разгарнуў пасланне, а затым, рэзка ўзняўшыся з-за стала, заявіў:
Я мушу неадкладна ехаць на вакзал.
Але, дарагі, што здарылася? Навошта такі паспех? хацела была спыніць яго жонка.
У маёнтку ўчынена забойства.
Раздзел II
Як толькі цягнік рушыў з Віленскага вакзала і пакаціў прэч з губернскага горада, панна Пракшына пачала ўмольваць татухну перамясціцца з іхняга другога класа у вагонрэстарацыю. Прысутнасць дзявіцы ў цягніку першапачаткова не ўлічвалася, аднак ініцыявана гэта было меркаваннямі вельмі эгаістычнымі самой Яўгеніі Канстанцінаўны.
Мусіў татухна толькі зазбірацца ў дарогу, як дзявіца, якая жадала як найхутчэй схавацца ад любой магчымасці сустрэцца сёння з Кацяй, ультыматыўна заявіла, што выпраўляецца разам з ім. На сустрэчны ультыматум, што Канстанціну Мікалаевічу зусім не будзе калі нянькацца з дачкой падчас выкліканай такімі складанымі акалічнасцямі вандроўкі, панна Пракшына адказала, што, будучы адзінай дзейснай нашчадніцай усёй сямейнай маёмасці, мае поўнае права наведаць мейсца злачынства, а таксама прыняць удзел ва ўладкаванні ўзніклых пытанняў. Акрамя таго, за ўсё жыццё сваё яна, здаецца, не давала падстаў ані разу засумнявацца ва ўласнай самастойнасці ды разважлівасці, а ад таго татухнавы insinuations[18] былі ўспрыняты як даволі крыўдныя. Панна Пракшына выдатна разумела, што ад гэтакага звароту татухнава сэрца памякчэе, і вось чаму.
Як кожны бацька, і акрамя таго ваенны ды яшчэ і чалавек дзелавітага складу, Канстанцін Мікалаевіч заўжды марыў пра нашчадка. Калі лёс і жонка прыпаднеслі яму дачку, пан Пракшын засмучацца і не падумаў, але ўзяўся выхоўваць Яўгенію Канстанцінаўну па сваім разуменні, усё ж хутчэй як сына. Спалучаў ён пры гэтым метады спартанскія, закліканыя гартаваць здаровы дух у здаровым целе, з непрыкрытымі пястотамі, бо, нягледзячы на дысцыпліну, панна Пракшына была па натуры сваёй істотай пяшчотнай і датклівай, хаця і старалася гэтую сваю рысу дбайна хаваць ад самых юных гадоў.
Пасля адстаўкі Канстанцін Мікалаевіч заняўся лесапілкай і меркаваў, што калі-небудзь гэтую справу ён мусіць перадаць дачцэ, а таму ўжо каторы год намагаўся яе ўсяляк прыстасоўваць то да вядзення рахункаў, то да праектаў па рэалізацыі матэрыялаў, а то і да саміх нюансаў механікі. Аднак Яўгенія Канстанцінаўна, хаця выгляду асабліва і не падавала, але ўсё ж схільнасці да такой справы не адчувала. І тым не менш, каб не крыўдзіць татухну, яна паслухмяна пагаджалася дапамагаць, збольшага намагаючыся знайсці ў чарговым practice[19] гэтакага роду натхненне для новых літаратурных exercises[20].
Канстанцін Мікалаевіч хаця і здагадваўся, што імпэт дачкі выявіць сябе ў справах сямейнага business зяўляецца да пэўнай ступені паказным, але ж палічыў, што ёй будзе і сапраўды карысней паехаць у маёнтак разам з ім, аніж дарэмна траціць час з бязглуздай сяброўкай, якая жадала, відаць, яшчэ раз пражыць у размовах падзеі ўчарашняга інцыдэнту. І, як ні шкада было Канстанціну Мікалаевічу, Джынні зарэкамендавала сябе не самым высакародным чынам. Зрэшты, дачка палкоўніка ў адстаўцы мусіла ўмець даць адпор любому крыўдзіцелю. У гэтым пан Пракшын быў цалкам згодны са сваёй цешчай. А таму пасля нядоўгай сямейнай нарады аднагалосна было прынята рашэнне аб тым, што дачка выпраўляецца ў бабулін маёнтак разам з бацькам.