У маіх пакоях ён таксама вырашыў «уцерціся», перадражніла яго бабуля. З гэтым трэ нешта рабіць. Неадкладна!
Канстанцыя Тэафільеўна, прымірэнча пачаў пан Пракшын, на што яго цешча толькі чарговы раз закаціла вочы зваротаў на рускі манер яна не цярпела, ды яшчэ і нагадванне пра тое, што з зяцем яны былі цёзкамі, не надта яе натхняла, у такой сітуацыі я бачу толькі адно: каб Тэдзі не псаваў вашыя гардзіны, ды і не гадзіў у кватэры ўвогуле, трэ вырашыць пытанне аб яго рэгулярным выгуле. Мне падаецца, прыслузе можна гэта даверыць. Аднак же мацыён і вам бы стаўся на карысць.
Яўгенія Канстанцінаўна, назіраючы бабуліна відавочнае незадавальненне, усё ж дазволіла сабе ўхваліць бацькавыя словы, аднак ён тут жа дадаў:
Абедзвюм. Гэта ж ты, Джынні, выпускаеш яго раніцай у калідор са свайго пакоя?
But daddy![14] гэтым разам чарга абурацца надышла панне Пракшыной. Тэдзі можа застудзіцца ў такое надворе.
Вось і змайстравала б яму каптанчык, развёў рукамі татухна і разгарнуў свежы нумар «Губернских ведомостей».
Ты выдатна ведаеш, што я абдзеленая гэтымі ўменнямі і шыю надзвычай нязграбна, ніяк не хацела пагадзіцца з пастанаўленнем Яўгенія Канстанцінаўна.
Выдатная падстава нарэшце навучыцца, вызірнуў з-за газеты Канстанцін Мікалаевіч і дабрадушна засмяяўся. Што скажаш, Бэтсі?
Сшыць каптанчык табе дапаможа хтосьці з дзевак, злітавалася матухна. А вось датычна выгулу трэ скласці, па маім разуменні, графік.
Не была б ты палкоўнічыхай! падціснула вусны пані Канстанцыя. Я ўжо даўно кажу, трэба зязджаць адсюль кудысь у больш спрыяльныя мейсцы. Тут тлумна, цэлымі днямі сноўдаюць натоўпы нейкіх прайдзісветаў, ды і гэтага паскудніка няма куды выпусціць.
Адчаго ж, maman[15], мы жывём побач з цудоўным скверам, нагадала ёй дачка. Ды і водаправод тут маецца ў адрозненне ад вашых «спрыяльных мейсцаў».
Пані Канстанцыя вырашыла зрабіць выгляд, быццам не пачула гэтай заўвагі, і, будзённа намазваючы сабе маслам тост, прадоўжыла ўжо не першы раз агучаныя скаргі:
Мне цяжка ўздымацца туды-сюды па лесвіцы, узімку з вакон дзьме
Канстанцыя Тэафільеўна, зноўку адклікнуўся з-за газеты яе зяць, вы ж выдатна ведаеце, чаму мы не можам жыць у вашым маёнтку.
Бабуля ўжо напоўніла была грудзі паветрам, з тым каб з усёй годнасцю, уласцівай яе персоне, даць Канстанціну Мікалаевічу найпадрабязнейшы адказ на яго неасцярожную заяву, аднак у сталоўню ўбегла пакаёўка Агапка і паклала побач з паннай Пракшыной чарговую капэрту.
Гэта што яшчэ за цыдулачкі? пацікавіўся татухна.
Гэта Каця, неахвотна патлумачыла Яўгенія Канстанцінаўна і раскрыла новае пісямцо.
Нават не жадаю чуць ейнае імя ў нас за сталом! не абмінула скарыстацца магчымасцю выбухнуць бабуля. Мала таго, што яна пацягнула цябе на гэтую не вартую тваёй увагі вечарыну, дзе, я ўпэўнена, нават ніводнага маладога чалавека твайго кола не знайшлося, дык яшчэ праз яе ты трапляеш у такую situation absurdee[16]!
Ну, недзе ж Жэнюшцы патрэбна таньчыць, пацепнула плячыма Лізавета Яўгенаўна.
Сумняваюся, пакруціў галавой Канстанцін Мікалаевіч, скептычна аглядаючы дачку. Ды і прыгадай сябе ў яе гады, Бэтсі, не надта часта я мог упрасіць цябе патаньчыць. Ну, што там пішуць?
Запрашае да сняданку, сцісла агучыла змесціва ліста панна Пракшына.
Напэўна, балбатушка разведала, як пацярпелы ўжо недзе франціць з перабінтаванай рукой, выказала меркаванне Лізавета Яўгенаўна.
А што, і слушна зрабіла, што адлупцавала яго, кіўнула пані Канстанцыя. Яшчэ мая бабка не тое што веерам, на шабельны двубой магла выклікаць. Праўда не мужчын, толькі гэткіх жа дам, аднак факт застаецца фактам!
Вядома, вы падвучыце яе! усклікнуў татухна. Каб наступным разам мы Джынні з паліцэйскай часці забіралі.
Годная панна мусіць ведаць, як за сябе пастаяць, каб вось такія тхары, як той нягеглік, нават не адважваліся падысці. Зірнуць у ейны бок каб баяліся!
Калі шчыра, то да мяне і так ніхто асабліва не падыходзіць.
Яўгенія Канстанцінаўна гаротна ўздыхнула, сама не чакаючы гэтакага прызнання, што зляцела з яе вуснаў. Сямя ў адно імгненне змоўкла, і нават Тэдзі пацягнуўся лапкай да гаспадыні, хаця рух гэты хутчэй быў выкліканы не спачуваннем, а жаданнем зноўку падсілкавацца.