Відаць, гэтая раніца не была выключэннем. Толькі дзявіца падхапіла сабаку на рукі, як перад ёю ўзнікла задыханая постаць пані Канстанцыі Ганны Сафіі Іллініч-Вялькоўскай.
Нават не смей яго абараняць! Дай сюды! сярдзіта запатрабавала бабуля.
Bonjour, madame![9] панна Пракшына па-свецку пакланілася.
На ўсялякі выпадак яна моцна прыціснула сабаку да сябе і спытала:
Што вас так засмуціла?
Генька! Ты мне зубы не загаворвай. Твой Ірад толькі што ўсе гардзіны ў mon boudoir[10] спаскудзіў! Дай яго зараз жа сюды альбо я іду да твайго бацькі!
Пані Канстанцыя пацягнулася была да Тэдзі, але той нечакана выявіў сябе цалкам беспардонна. Гадаванец не на смех узяўся гыркаць, наймярзотна задраўшы верхнюю губу і паказваючы тым самым падвоены шэраг іклаў: у маладога psa побач з малочнымі зубамі ўжо даўно паспелі вырасці карэнныя.
Ах ты тыгер няўклюдны! абурылася бабуля і шчоўкнула сабаку ў нос.
Пераможна падхапіўшы спадніцы, яна рашучым крокам аддалілася, але спынілася ў роздуме, няўхвальна скасавурыўшыся ў бок унучкі:
Прошкіна, за мной ідзі! Будзеш mon parlementaire[11].
Гэта нам з вамі патрэбны le parlementaire[12], прабурчала панна Пракшына, унутрана гневаючыся на крыўдную перастаноўку складоў у яе прозвішчы (трэба адзначыць, што пані Канстанцыя нярэдка ў дрэнным настроі звярталася да гэтакай практыкі, як яна сама тлумачыла, у выхаваўчых мэтах).
Дзявіца рушыла следам: у сталоўню варта было накіравацца хаця б і з той прычыны, што ўжо даўно быў час снедаць.
Morning, darling![13] сустрэлі панну Пракшыну бацькі. Здаецца, ты дагэтуль не ў гуморы?
Не адна я. Бабуля вось намерылася натаўчы Тэдзі, паскардзілася Яўгенія Канстанцінаўна, расцалаваўшы абаіх і прысаджваючыся да стала разам з вінавайцам ранішняга канфлікту.
Ірада куды грамаздзіш? у адчаі закрычала бабуля.
Madame, ну вы ж самі кажаце, што ён псуе гардзіны! З улікам гэтага я не магу пускаць яго на падлогу, парыравала ўнучка.
Пані Канстанцыя са стогнам апусцілася на крэсла і прыкрыла вочы рукой.
За сталом яму дакладна няма чаго рабіць, заўважыла матухна панны Пракшыной, Лізавета Яўгенаўна. Пусці сабаку і скажы лепей, ты будзеш чай альбо кофей?
Чай, хмурна адклікнулася дзявіца і паставіла на падлогу Тэдзі, які ўжо паспеў скласці дзёрзкі, але нездзяйсняльны план наконт кароткачасова яўленых яму страваў.
Гадаванец сярдзіта фыркнуў на гаспадыню і тут жа звярнуўся да татухны, што якраз заняўся амлетам з беконам.
Дык што ж наш сабака вытварыў з гардзінамі? запытаўся Канстанцін Мікалаевіч.
Альжбэта, перакладзі яму, на вашую нашчадніцу я больш не спадзяюся, звярнулася пані Канстанцыя да дачкі.
І не падумаю, адказала тая. За столькі гадоў ужо можно было нарэшце паступіцца гэтымі надуманымі прынцыпамі. Усё ж у цывілізаваны век жывём.
Пад гэтымі словамі Лізавета Яўгенаўна мела на ўвазе традыцыю, якая склалася паміж яе маці і сужэнцам у больш за дваццаць апошніх гадоў. Тыя ніяк не жадалі прыйсці да пагаджэння па пытанні міжасабовых зносінаў. І калі Канстанцін Мікалаевіч у знак павагі да ўзросту, а таксама праз удзячнасць за каханую жонку заўжды звяртаўся да цешчы вельмі добразычліва і наўпрост (няхай за ўвесь гэты час ён так і не стаў адчуваць сябе дастаткова ўпэўнена, каб размаўляць на яе мове), то яна ў сваю чаргу з прычыны некаторай прадузятасці ў дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў свету рускага, а таксама з-за значнай уласнай упартасці ніколі не рабіла ласкі пагутарыць з зяцем на іншых мовах, чым беларускай альбо французскай. А таму патрабавала да сябе перакладчыка, да чаго заклікала часам дачку, але апошнія разы усё хутчэй унучку, хаця, па праўдзе, гэта зяўлялася ўсяго толькі ўмоўнасцю.
Хапайце гада! зноў загаманіла бабуля, паказваючы доўгім пальцам у бок акна.
Тэдзі пасля некалькіх удала перахопленых ад Канстанціна Мікалаевіча кавалачкаў амлету якраз адлучыўся да штор у сталоўні. Ён паднырнуў пад адну з іх галавой і ў здзіўленні павярнуўся да велічнай дамы, нахабна паглядваючы з-пад махроў, што абрамлялі яго лоб.
Па-мойму, ён проста вырашыў уцерціся, адзначыў татухна.
У маіх пакоях ён таксама вырашыў «уцерціся», перадражніла яго бабуля. З гэтым трэ нешта рабіць. Неадкладна!
Канстанцыя Тэафільеўна, прымірэнча пачаў пан Пракшын, на што яго цешча толькі чарговы раз закаціла вочы зваротаў на рускі манер яна не цярпела, ды яшчэ і нагадванне пра тое, што з зяцем яны былі цёзкамі, не надта яе натхняла, у такой сітуацыі я бачу толькі адно: каб Тэдзі не псаваў вашыя гардзіны, ды і не гадзіў у кватэры ўвогуле, трэ вырашыць пытанне аб яго рэгулярным выгуле. Мне падаецца, прыслузе можна гэта даверыць. Аднак же мацыён і вам бы стаўся на карысць.