Ксенія Ільінічна Шталенкова - Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах стр 16.

Шрифт
Фон

Задаволеная тым, што здолела скіраваць татухнавы разважанні ў рацыянальнае, як ёй падавалася, рэчышча, Яўгенія Канстанцінаўна хацела была працягнуць абмеркаванне дэталяў, якія маглі б выявіць яшчэ якія-небудзь схаваныя пакуль бакі справы. Аднак пан Пракшын рашуча спыніў следчыцкія парывы дачкі. Самалюбства дзявіцы было крыху ўшчэмлена, яшчэ і Тэдзі прыхапіў за палец на знак помсты за не самае пяшчотнае расчэсванне.

Ну і добра, яна сама ва ўсім разбярэцца пасля dinner[34] панна Пракшына мела на мэце ўзняцца ў пакой, які ёй звычайна адводзілі падчас гасцяванняў у бабуліным маёнтку, ды дбайна апісаць у сваім нататніку ўсё, што яна сёння пабачыла, а пасля трошкі паразважаць ды супаставіць асобныя факты. Магчыма, ёй выпадзе нават нарысаваць табліцу, каб не выпусціць з памяці ніводнай дробязі. Даядаючы салодкі гарбузовы пірог, які Ганна Юреўна згатавала па модным амерыканскім рэцэпце, Яўгенія Канстанцінаўна меркавала, колькі слупкоў змесціцца ў яе падарожнай кніжачцы. Але ж татухна, які заўважна палагоднеў пасля смачнага пачастунку, насуперак усім планам панны Пракшыной, прапанаваў закласці банчышка.

Спачатку нашая дзявіца хацела адмовіцца. Разменьваць літаратурнае натхненне ды цвёрды намер разблытаць злачынства на сумніўны азартны запал? Вядома ж, яна вышэйшая за падобныя ваганні і ўжо вырашыла, што абірае. Аднак спакуслівы татухнаў прыжмур ды незнарок узгаданы адмоўны вынік мінулай гульні зрабілі сваю справу: душа Яўгеніі Канстанцінаўны была захоплена заганным жаданнем адыграцца, якому яна не магла супраціўляцца. Таму праз некалькі імгненняў ламберны столік быў ужо раскладзены, пярэстыя калоды распакаваныя, whiskey[35] разліты, а сігары, якіх у звычайным жыцці татухна ніяк не прызнаваў, клапоцячыся пра здароўе сваё і ўсёй сямі, запаленыя. Добра, што матухна ўсё ж засталася ў Менску!

Нарэшце прасадзіўшы дзесяць рублёў асігнацыямі, панна Пракшына заўважыла, як ад распаленых пачуццяў (а мабыць, ад звычайнай нягоднай сквапнасці?) у яе зноў пачало паторгвацца вока. Прытрымліваючы яго пальцам ды спадзеючыся, што гэтая ейная рыса, што перашкаджае навучыцца як след блефаваць, не надта кідаецца ў вочы, дзявіца паскардзілася татухну, што прымудрылася выдаткаваць увесь свой бюджэт, хаця месяц ледзь паспеў пачацца.

 Я магу запісваць табе на вексель у лік пасагу, darling, з бязвінным выглядам прапанаваў Канстанцін Мікалаевіч.

Аднак яго дачка запратэставала, бо з такім поспехам ёй пагражала застацца ўвогуле без якога-небудзь пасагу, нават татухнава лесапілка не выратуе, тым больш што галоўны інжынер зараз знаходзіўся ў турме і яго далейшы лёс пакуль нікому не быў вядомы. Але ж гэта панна Пракшына ўсётакі вырашыла абдумаць заўтра: з-за расчаравання ад гульні ды трохі задужага для яе напою творчыя намаганні цалкам рассеяліся. Палічыўшы, што за ноч назіранні ў яе галаве толькі самі сабою сістэматызуюцца, Яўгенія Канстанцінаўна пусціла Тэдзі занырыцца ў коўдру, чаго ў Менску ніколі яму не дазваляла, і забылася моцным сном.

Wielki. 6 wieraśnia 1875 goda, niadziela


Chciałabym wiedać, jak farmujucca czaławeczyja sny. Szto mianawita upływaje na tyja wobrazy, jakija zjauliajucca, pakul my adpaczywajem? Jak adbywajecca adbor najgałouniejszago dy ci ż heta sapraudy naigałouniejszaje albo tolki toje, szto uraziła bolsz za astatniaje? Adnak tady mnie całkam niezrazumiela, jakoje daczynieńnie da usiago majuć those abominable mustaches, bo adzinaje, szto zaraz (a taksama i uczora u hetym nie moża być nijakich sumniewau!) zajmaje maje dumki dyk zabojstwa niewiadomaga chaławieka i tyja akalicznaści, jakija da tago prywiali. Napewno, tut musić być niejkaja ułasnaja logika, kali tolki jakaja logika magczymaja u snach. Spadziajusia, kiedykolwiek budzie wydadziena hruntounaja kniga na takuju temu, z tłumaczeńniami nawukowymi bez tych głupstwau, szto zazwyczaj nadajuć żanoczym snam. Ale, mabyć, prosta winny whiskey?..[36]

Раздзел IV

Панна Пракшына была ў разгубленасці, а таму сердавала гэтай раніцай значна горш за папярэдні дзень. Насуперак ейным чаканням назаўтра атрымаць яснае ўяўленне пра прычыны і следствы таямнічага злачынства, прачнулася яна не толькі з болем у галаве, але ж і з думкамі зусім іншага складу. Усю ноч ёй зяўляўся не хто іншы, як учарашні спадарожнік па цягніку Падгорскі. Зух нахабна падміргваў ёй, варушыў пухнатымі вусамі ды ўвогуле паводзіўся так, што каб не быў гэта сон, дык даўно б атрымаў, як учора пагражаўся губернскаму сакратару татухна, па сваіх самазадаволеных фізіягнамічных рысах. Праўда, пакуль спала, нашая дзявіца гэткай непрыхільнасці зусім не выяўляла, і нават наадварот, што вельмі абурала яе цяпер, у чуйным стане.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора